Індэкс ЧаркаШкварка: зразаем апошні «тлушчык» на костках?

Беларускі ўрад чарговы раз спрабуе падмануць базавыя законы рынку. Заробкі людзей —гэта частка сабекошту прадукцыі. Калі раздаеш павышаныя зарплаты, ты аўтаматычна падвышаеш сабекошт прадукцыі. Але мы яшчэ гэтага павышэння цэнаў не бачым. Пакуль…

_belarus_zyccjo_rynak_ekanomika_handal_2023_fota_novy_czas__10__logo.jpg

 Апошні год мы чуем з усіх прапагандысцкіх СМІ пераможныя рэляцыі. Яны рапартуюць, што ВУП расце «на зло ворагам», заробкі б'юць усе мажлівыя рэкорды, пераарыентацыя эканомікі на ўсходні вектар паспяхова ідзе поўным ходам.

Праект “Вашы грошы” разглядае, як змяніўся індэкс ЧаркаШкварка (ШЧ) за трэці квартал 2023 года, і аналізуе, якія тэндэнцыі ён паказаў.

Пачнем з таго, што па выніках трэцяга квартала заработная плата беларусаў, выяўленая ў чарках і шкварках (а гэта — сукупны сярэдні кошт 100 грамаў свініны і 100 грамаў гарэлкі) пабіла ўсе папярэднія рэкорды і склала 525 ЧШ у сярэднім на аднаго працоўнага. Рост атрымаўся ўражлівы — адразу на 26 ЧШ у параўнанні з трэцім кварталам мінулага года — тады паказчык быў нашмат сціплейшы, усяго 499 ЧШ. 

czsz_1.jpg

Ці ёсць «тлушчык», і колькі яго засталося?

Давайце разбірацца, у чым прычыны такога значнага росту. Гэта адбылося па дзвюх асноўных прычынах:

  • Першая — эканоміку напампавалі вялізнымі заробкамі.

  • Другая — інфляцыя ў краіне знаходзіцца на мінімальным значэнні, каля 2% за год. Так павольна цэны яшчэ ніколі не раслі.

І калі мы пералічваем усе гэтыя фактары, якія гучаць вельмі жыццесцвярджальна, — адразу хочацца знайсці пункты росту, якія стымулявалі б такія вялікія дасягненні.

Перабіраючы розныя сферы эканомікі, вы хутка зразумееце, што такіх пунктаў росту няма. Наогул.

Не існуе аб'ектыўных доўгатэрміновых прычын, па якіх прадпрыемствы павышалі б заработную плату.

Мы разумеем, што яе павялічваюць у першую чаргу за кошт таго, што ўключаецца «друкарскі варштат», прадпрыемствы падсілкоўваюць таннымі крэдытамі. Цэны ж стаяць на месцы — таму што ўрад накінула на іх аркан і грунтоўна прыдушыў.

Мы бачым, як беларускі ўрад спрабуе падмануць базавыя законы рынку. Заробкі людзей — гэта частка сабекошту прадукцыі. Раздаючы павышаныя зарплаты, ты аўтаматычна падвышаеш сабекошт прадукцыі. Але мы гэтага павышэння не бачым. Пакуль.

Варта нагадаць, што спробы такога падману рабіліся неаднаразова раней і кожны раз заканчваліся катастрофай — значным падзеннем узроўню жыцця беларусаў, рэзкім скачком інфляцыі, абясцэньваннем нацыянальнай валюты. Не атрымаецца пазбегнуць вялікіх праблем і гэтым разам.

Менавіта таму Лукашэнка днямі заявіў, што наспеў час правесці новую нараду па рэгуляванні цэн. Відавочна, што ва ўрадзе разумеюць: атракцыён «цэны стаяць!» утрымліваць доўга, улічваючы цяперашнія эканамічныя праблемы краіны, не атрымаецца. У выніку мы атрымаем яшчэ больш хворую эканоміку, пры якой каштоўныя рэсурсы доўгі час траціліся на абсалютна папулісцкія мэты.

Пры гэтым, кажучы пра тое, што адбываецца, Лукашэнка адзначае: «Яшчэ ёсць тлушчык, які можна шліфаваць. Атрымліваецца цэны трымаць на патрэбным узроўні. Але яшчэ ёсць над чым працаваць».

Са свайго боку мы канстатуем — калі «тлушчык» і ёсць, то яго засталося вельмі мала, і хутка прыйдзецца шкрабаць ужо па голых костак. А гэта — вельмі балюча.

Эканамічная сістэма, якая склалася, пачне вельмі хутка трашчаць па швах — і выяўляцца гэта пачне, хутчэй за ўсё, у сферы гандлю, якую закавалі ў кайданы абмежаванняў на цэны. Прадпрыемствы, якія працуюць ва ўмовах цэнавага дыктату, вымушаныя выжываць, скарачаючы прыбытак. А скарачаючы прыбытак, яны адмаўляюцца ад развіцця. Пры доўгім існаванні ў такіх умовах далей надыдзе дэградацыя і смерць.

Першыя «ластаўкі» — праблемы ў гандлёвых сетак «Буслік» і «Еўрашоп». Нагадаем, што да гэтага спачылі значна больш буйныя гульцы (якія не дажылі нават да жорсткага рэгулявання цэнаў) — «Радзівілаўскі» і «Віталюр». 

Заробкі ў рэгіёнах. Мінск ужо не той

Вернемся да кошту ЧаркаШкваркі. Кошт адной ЧШ у другім квартале 2023 года склаў 3 рублі 70 капеек і затым трохі (+0,3%) вырас у трэцім квартале 2023 года (да 3 рублёў 71 капейкі). 

czsz_2.jpg

Мы бачым, што рост выкліканы павелічэннем (да канца квартала) цаны свініны (+1,6%) пры зніжэнні цаны гарэлкі (-0,1%). Відавочна, што прычынай «стабільнасці» стала ручное стрымліванне цэнаў.

czsz_3.jpg

Пры гэтым з сярэдняй намінальнай заработнай платай у рублях адбывалася наступнае: у III квартале 2022 года яна была 1 648 рублёў, а ў III квартале 2023 — 1 945 рублёў. Намінальны рост за год склаў 18%, што значна вышэй, чым 12%, на якія за год падаражэла ЧШ. Адсюль і з'явіліся дадатковыя ЧаркаШкваркі ў рэйтынгу заробкаў.

Калі разглядаць квартальную дынаміку па рэгіёнах, то кошт чаркі і шкваркі за квартал не зведаў істотных змен практычна нідзе. Максімум паказвае Брэст — плюс 1,3%, пры гэтым у Мінскай вобласці яна наогул патаннела на 1,1%.

Пры гэтым рост заробкаў у ЧШ выглядае ўсюды роўным і вялікім, — у чатырох рэгіёнах зафіксаваныя рэкорды. У Віцебскай вобласці мы бачым 474 ЧШ — такога яшчэ ніколі не было. Таксама пікавыя паказчыкі ў Гомельшчыны (487 ЧШ), Міншчыны (480 ЧШ), упершыню парог «за чатырыста» пераваліла Магілёўская вобласць (403 ЧШ). Не абнавіла рэкорды Брэсцкая вобласць (469 ЧШ — рэкордным паказчыкам быў VI квартал 2022 года — 472 ЧШ, зусім побач), Гродзенская вобласць таксама побач з пікам (цяпер — 465 ЧШ, а ў VI квартале 2021 года было 467 ЧШ).

З агульнай карціны асабліва выбіваецца Мінск. З аднаго боку, у сталіцы за год заробкі выраслі за 30 чарак і шкварак (з 715 ЧШ да 745 ЧШ). З іншага — цяперашні паказчык адрозніваецца ад максімуму, які быў зафіксаваны ў I квартале 2022 года (тады было 820 ЧШ) на цэлых 75 чарак і шкварак. Мы разумеем, што, у адрозненне ад рэгіёнаў, крызіс для эканомікі сталіцы больш адчувальны. Мала таго, калі раней Мінск быў пунктам росту для эканомікі ўсёй краіны, то цяпер ён ператварыўся ў адно з галоўных хворых месцаў. Прычыны відавочныя — сталіца была найбольш інтэграваная ў міжнародны гандаль, у яе жыцці ўдзельнічалі самыя высокааплатныя спецыялісты і бізнесы, многія з якіх сёння пакінулі Беларусь.

czsz_4.jpg

Калі мы паглядзім на графік разрыву сталіцы і рэгіёнаў у аплаце працы, пераведзенай у ЧШ, то ўбачым, што ён працягвае захоўвацца на параўнальна нізкім узроўні, у верасні гэты каэфіцыент складаў 1,63, у той час як лютым 2022 года дасягаў кратнасці 2,06. Пасля гэтага піка разрыў хутка скарачаўся — і вагаецца каля цяперашніх значэнняў ужо амаль паўтара года. Фактар «роўнасці» пры гэтым дасягаецца не столькі тым, што рэгіёны растуць у заработнай плаце хутчэй за Мінск, а тым, што Мінск у 2022 годзе рэзка стаў бяднейшым і ўсё яшчэ не можа акрыяць ад маштабных эканамічных страт. 

Зарплаты па галінах. Рост ўсюды, але нераўнамерны

У завяршэнне некалькі слоў па тым, як размеркавалася заработная плата ў ЧаркаШкварках па асобных сектарах эканомікі. Мы бачым рост літаральна ва ўсіх асноўных сегментах, але пры гэтым дзесьці ён зусім нязначны, а ў некаторых сферах вельмі адчувальны. 

czsz_5.jpg

Можна адразу сказаць, што багатыя — багацеюць. Заробкі ў галіне IT прыраслі за год з 1741 ЧШ да 1882 ЧШ (адразу на 141 ЧШ). Добра сябе адчувае авіяцыя, дзе заробкі выраслі за год з 1190 ЧШ да 1374 ЧШ (плюс184 ЧШ). Прыстойна падраслі заробкі ў шахцёраў — з 907 ЧШ да 992 ЧШ (плюс 85 ЧШ).

Мы не бачым сур'ёзнага росту заробкаў у фінансавай сферы: перасягнуўшы з 723 ЧШ да 736 ЧШ, яна дадала ўсяго 13 ЧШ. Але прычына тут, хутчэй за ўсё, у сістэме бонусаў і прэмій у гэтай галіне, да канца года, па ўсёй верагоднасці, паказчыкі акажуцца нашмат больш уражлівымі.

У той жа час настаўнікі «разбагацелі» з 327 да 347 ЧШ (плюс 20 ЧШ), а лекары — з 405 ЧШ да 443 ЧШ (плюс 38 ЧШ). У сельскай гаспадарцы рост крыху больш прыкметны — з 382 ЧШ да 420 ЧШ (дадаўшы 38 ЧШ аграрыі пакінулі педагогаў далёка ззаду і наблізіліся па ўзроўні заробкаў да настаўнікаў).

Хочам падкрэсліць, што заработная плата настаўнікаў і лекараў усё яшчэ ў 4-5 разоў меншая, чым зарплата ў IT сектары, такая сітуацыя адкрыта нездаровая.

 

***

Калі падвесці вынік стану эканомікі ў трэцім квартале 2023 года з пазіцыі індэкса ЧаркаШкварка, мы бачым, што цяперашняя сітуацыя ва ўрадзе нагадвае стоп-кадр з драматычнай сцэны блокбастара. На ёй машына нясецца ў прорву, перад якой ёсць трамплін. Кіроўца не б'е па тармазах, а ў роспачы цісне на педаль газу, у надзеі, што, падскочыўшы на трампліне, пераскочыць раку. Але гледачу адразу зразумела, што гэты план — безнадзейны, машына абрынецца ўніз, праляцеўшы крыху даўжэй.

Шанец затармазіць быў, але рэалізаваць яго ўжо практычна немагчыма. У намаляванай намі карціне кіроўца — урад, педаль газу — уключаны друкарскі варштат, трамплін — штучнае абмежаванне цэнаў, а машына — наша з вамі няшчасная Беларусь. Ну а прорва — палахлівая невядомасць рэальнай рынкавай эканомікі.