«Усё гэта гучыць як катастрофа». У верасні работнікаў у Беларусі стала менш на 13 тысяч чалавек
У Беларусі — традыцыйна нізкія лічбы беспрацоўя, нават разлічаныя па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы. Аднак радавацца не даводзіцца — нізкае беспрацоўе можа тлумачыцца бесперапыннай эміграцыяй кваліфікаваных спецыялістаў.
Паводле звестак Белстата, у III квартале 2023 года ўзровень беспрацоўя сярод людзей у працаздольным узросце склаў 3,4%. Пры гэтым сярод жанчын паказчык ніжэйшы, чым сярод мужчын — 2,9% супраць 3,9%. Беспрацоўе, якое фіксуе Нацыянальны статыстычны камітэт, аказалася больш-менш раўнамерным у гарадах і вясковай мясцовасці. У першым выпадку гэта 3,4%, у другім — 3,5%, піша тэлеграм-канал «Вашы грошы».
Дарэчы, агучаныя вышэй паказчыкі Белстат разлічвае па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы. Афіцыйна ў Беларусі беспрацоўнымі па-ранейшаму лічацца толькі тыя, хто зарэгістраваўся на біржы працы для пошуку працы. Мінпрацы такіх на 1 кастрычніка налічыў 4,4 тысячы чалавек. Гэта ўсяго 0,1% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы.
Цалкам магчыма, што нізкія лічбы беспрацоўя ў Беларусі тлумачацца бесперапынным ростам эміграцыі з краіны.
Паводле звестак таго ж Нацыянальнага статыстычнага камітэта аб стане рынку працы, у верасні 2023 года ў эканоміцы было занята 4 млн 138 тысяч чалавек. Гэта адразу на 13 тысяч менш, чым у жніўні. Мы бачым вельмі істотнае зніжэнне.
З аднаго боку, зніжэнне занятасці ў верасні можна патлумачыць сезоннасцю. Напрыклад, на гэта ўплывае завяршэнне ўборачнай кампаніі, калі працоўных рук трэба менш. Але ў папярэднія гады зніжэнне было куды меншым. Напрыклад, у 2022-ім вераснёўскае скарачэнне занятасці склала 7,2 тысячы, у 2021-ым — 6,4 тысячы, а ў 2020-ым — усяго 2,6 тысячы.
Праблема занятасці ў цяперашні час з'яўляецца, бадай, адной з ключавых для беларускай эканомікі. Для чыноўнікаў яна ўяўляе асаблівы галаўны боль.
Па-першае, яе нельга ігнараваць. Зніжэнне колькасці занятых без росту прадукцыйнасці непазбежна прыводзіць да падзення выпуску прадукцыі, аб'ёму аказання паслуг. Калі маніпуляцыямі са статыстыкай у вытворчых параметрах нават відавочныя правалы можна выдаць за перамогі, то зніжэнне занятасці схаваць складана.
Па-другое, гэта той выпадак, калі цяжка знайсці зручнае тлумачэнне. Любы варыянт адразу выдае памылкі ў галіне дзяржаўнага кіравання.
Паколькі больш дэталёвыя даныя аб рынку працы даступны толькі чыноўнікам, то цалкам верагодна, што рэальнае становішча спраў яшчэ больш сур'ёзнае. Бо толькі па даных Белстата рынак працы ў бягучым годзе ўжо страціў больш за 50 тысяч занятых. А па апошніх заявах чыноўнікаў, краіну пакінула за апошнія гады ўвогуле больш за 350 тысяч чалавек.
Паколькі з Беларусі з'ехалі ў вялікай масе маладыя, кваліфікаваныя і часта забяспечаныя людзі, усё гэта гучыць як катастрофа. Новыя абставіны не толькі скарачаюць магчымасці для росту эканомікі і цягнуць за сабой наступнае абвастрэнне дэмаграфічнай сітуацыі, але і ўплываюць на магчымасці бюджэту падтрымліваць сацыяльна арыентаваную беларускую мадэль эканомікі.