На «Гродна Азот» шукаюць 140 супрацоўнікаў. Якія заробкі прапануюць?

138 вакансій адкрыты на прадпрыемстве «Гродна Азот». Ёсць вакансіі і для начальнікаў, іх намаў і вузкіх спецыялістаў. Заробкі вар'іруюцца ад 700 да 2979 рублёў. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела вакансіі на сайце Дзяржаўнай службы занятасці.

Фота з сайта «Гродна Азота»

Фота з сайта «Гродна Азота»

Хто патрабуецца на «Гродна Азот»?

На прадпрыемствы шукаюць 19 апаратчыкаў, пяць майстроў, два аператары, 12 слесараў, 20 інжынераў. Шукаюць сем начальнікаў і пяць іх намеснікаў — цэхаў, аддзелаў, вытворчасці.

Таксама шукаюць вядучага эканаміста. Не хапае намесніка начальніка кацельнага цэха па рамонце абсталявання — яго шукаюць на час дэкрэта наяўнага супрацоўніка. Няма на прадпрыемстве і ўласна спецыяліста па кадрах.

Гэтыя лічбы адрозніваюцца ад лічбаў на сайце прадпрыемства. Там пазначана каля 60 вакансій — у тым ліку намеснік начальніка цэха.

Зарплата

Заробкі для супрацоўнікаў вар'іруюцца паміж 700 і 1000 рублямі. Столькі атрымаюць слесары і апаратчыкі. Для іх хопіць прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Вагаўшчык павінен быць без медыцынскіх супрацьпаказанняў, так як яго чакае праца ў шкодных умовах працы. Яму заплацяць 600 рублёў за стаўку. Шкодныя ўмовы працы прапісаны ў многіх вакансіях.

Для інжынераў і майстроў сумы на парадак вышэй — 1100, 1300 і 1500 рублёў.


Глядзіце таксама

Больш атрымаюць начальнікі. Напрыклад, начальнік сектара атрымае 1619−1811 рублёў. Для яго неабходны досвед працы. 2856 рублёў заплацяць начальніку рамонтна-механічнай вытворчасці з адукацыяй і вопытам работы на вытворчасці. 2052 рублёў заплацяць намесніку начальніка цэха.

Больш за ўсё гатовыя плаціць маркетолагу — 2979 рублёў.

Раней дырэктар прадпрыемства Ігар Ляшэнка паведамляў, што па выніках працы за 2022 год плануецца забяспечыць заработную плату на ўзроўні 2450 рублёў.

Гэта шмат ці мала?

Яшчэ ў сакавіку 2023 года лічба вакансій на прадпрыемстве складала 47. Звальненні ж пачаліся ў канцы 2021 года. Тады звальнялі людзей, якія былі датычныя да ініцыятыўных груп альтэрнатыўных кандыдатаў. Звальнялі як шараговых завадчан, так і вопытных спецыялістаў з адміністрацыйных будынкаў.

Таксама на супрацоўнікаў ціснулі праз наяўнасць у іх карты паляка. На прадпрыемстве перыядычна здараюцца затрыманні.

Ляшэнка казаў у 2021 годзе, што пры 7-тысячным калектыве і 300 вакансій — абсалютна нармальная абстаноўка. Падобная сітуацыя і на іншых прадпрыемствах — у прыватнасці, «Гроднаэнерга».