Спісы «дармаедаў» будуць пераглядаць за мінулы час
Камісіі, якія займаюцца занятасцю насельніцтва, атрымалі права пераглядаць спісы грамадзян, не занятых у эканоміцы, за папярэднія перыяды.
![_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__6__logo.jpg _belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__6__logo.jpg](/img/v1/images/_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__6__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гэта прадугледжана чарговай пастановай беларускага ўрада. Яе тэкст з'явіўся на Нацыянальным прававым партале, заўважыла «Еўрарадыё».
Гаворка ідзе пра спісы «працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія аплачваюць паслугі з кампенсацыяй выдаткаў, і спісы працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія выехалі за межы Рэспублікі Беларусь».
З гэтага часу камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва могуць пераглядаць гэтыя спісы з моманту іх з'яўлення.
Глядзіце таксама
![Каму з беларусаў пагражае высокая камуналка? Колькі ў Беларусі людзей, якім пагражае высокая камуналка?](/img/v1/images/_hroszy___zyrouka__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Камісіі таксама павінны будуць скласці дадатковыя спісы грамадзян, не занятых у эканоміцы, якіх трэба ўключыць у спісы за мінулыя перыяды. Гэта робіцца ў тым ліку і для таго, каб выставіць гэтым грамадзянам дадатковы рахунак за паслугі ЖКГ — будзе праведзены пераразлік. Перыяды пераразліку будуць пазначаны ў дадатковых спісах.
Такім чынам, пераразлік будзе зроблены за перыяд з моманту ўключэння грамадзян у спісы не занятых у эканоміцы.
То-бок, калі кагосьці, напрыклад, уключылі ў спіс цяпер, а падставы для гэтага былі тры месяцы таму, то за гэтыя месяцы грамадзяніну пералічаць жыллёва-камунальныя паслугі па павышаных тарыфах, адзначае officelife.media.
Спісы не занятых у эканоміцы ў Беларусі абнаўляюць кожныя тры месяцы. Перагледжаныя спісы да 5-га дня кожнага месяца, наступнага за месяцам іх фарміравання, накіроўваюцца ў арганізацыі, якія вядуць улік, разлік і налічэнне платы за жыллёва-камунальныя паслугі.
Нагадаем, паводле беларускіх законаў, працаздольныя грамадзяне, якія не занятыя ў эканоміцы або з'ехалі за мяжу, павінны аплачваць паслугі ЖКГ поўным коштам.
Глядзіце таксама
![У дамах Мінска могуць усталяваць 100 тысяч камер відэаназірання У дамах Мінска могуць усталяваць 100 тысяч камер відэаназірання. Здагадайцеся, хто за гэта заплаціць](/img/v1/images/nec_insert.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)