Дарэгуляваліся? У Беларусі рэзка падаражэлі свініна і кураціна
Менскія гаспадыні расказалі «Свабодзе» пра рэзкі рост цэнаў на мяса, асабліва на самыя папулярныя гатункі сьвініны і кураціны.
Шляхам параўнаньня цэнаў у папулярнай беларускай сетцы
крамаў «Эўраопт» стала зразумела, што цэны на звычайную тушку курыцы меней чым
за паўгода падняліся амаль удвая.
Так, калі ў траўні «Эўраопт» прапаноўваў тушку кураняці-бройлера за 3 рублі 68 капеек за кіляграм, то сёньня — ужо за 6,68 рублёў за кіляграм.
Згодна з аглядам цэнаў на рэсурсе MyFin, які той правёў у чэрвені ў некалькіх беларускіх гандлёвых сетках, а таксама ў «Эўраопце», кошты за кіляграм шэйна-лапатачнай часткі сьвініны былі 9,85 рубля, лагвосьцегнавая частка сьвініны каштавала ад 11 да 18 рублёў за 1 кг.
А сёньня «Эўраопт» прадае лапатачную частку сьвініны па 17,41 рубля, шэйную частку — па 21,15 рубля, лагвосьцегнавую — па 17 рублёў за кг.
Раней выданне пісала, што ў кастрычніку ў Беларусі паскорылася інфляцыя і вырасьлі цэны на прадукты. Прычым мяса тады не было сярод лідэраў па росьце цэнаў.
У тым месяцы зафіксавалі анамальна высокі рост цэнаў на гародніну і істотнае падаражэньне базавых прадуктаў накшталт хлеба і аўсянай кашы. У прыватнасьці, істотна падаражэлі сьвежыя таматы (66,3% да верасьня), салодкі перац (23,4%) і сьвежыя агуркі (19,3%).
Моцна падаражэў у мінулым месяцы і часнык, цана на які за кастрычнік вырасла ажно на 9,7%. Такі рост цаны на яго можна назваць анамальным таксама, калі ўлічыць, што адносна нядаўна быў збор ураджаю, і ён не зьяўляецца імпартным прадуктам.
За кастрычнік заўважна вырасьлі алей, які за месяц падаражэў на 4,2%, рыс — на 3,8%, салёны селядзец — на 3,2%, харчовая кухонная соль — на 2,8%.
Што тычыцца мясных вырабаў, то ў мінулым месяцы было вядома пра рост цэнаў на мясны фарш — на 1,2%. Іншыя вырабы падаражэлі меней чым на 1%. Параўнаньні ж з чэрвенем паказваюць рост цэнаў на сьвініну і кураціну амаль удвая.
Да матэрыялу калег варта дадаць, што павелічэнне цэн адбываецца на фоне шматмесячнай хвальбы лукашэнкаўцаў, як геніяльна яны прыпынілі інфляцыю за кошт увядзення дзяржаўнага рэгулявання ў гэтым пытанні. Маўляў, навялі парадак, цэны не растуць, усе задаволеныя.
Эксперты пры гэтым адзначаюць, што рэгуляванне коштаў не
можа працягвацца бясконца, бо гэта супярэчыць законам рынку. Разумеюць гэты і
ўлады, якія таксама анансуюць у хуткай будучыні як паслабленне кантролю за цэннікамі,
так і павелічэнне інфляцыі. Але, як бачым, працэс ужо пайшоў, не чакаючы
адмашкі чыноўнікаў. Бо рынак не падманеш.