Раманчук: Найбольш «зажралася» ў гэтай краіне ЗАТ «Сям'я»

Эканаміст — пра абмежаванні коштаў для стаматалагічных паслуг: «Варожы захоп і перадзел рынку ў самой нахабнай форме».

fota__novy_czas2_logo.jpg

Міністэрства аховы здароўя ўвяло змены па цэнах на стаматалагічныя паслугі. Сярод прычын змены тарыфаў называецца ў тым ліку «неабгрунтаванае завышэнне коштаў». У Мінздароўя чакаюць, што пасля новаўвядзенняў некаторыя паслугі павінны патаннець.

Чаму гэтаму наўрад ці наканавана спраўдзіцца, і чым пагражае такая ўвага ўладаў да стаматалогіі, тлумачыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

— Трэба разумець, што гэтая тэма тычыцца кожнага, — цытуе Раманчука «Салідарнасць» са спасылкай на ютуб-канал «Эканоміка здаровага чалавека». — Так, нам не ўпершыню, калі ўлады ўмешваюцца ў цэны. Па «просьбе працоўных» Камітэт дзяржкантролю разам з Міністэрствам аховы здароўя вырашылі прыціснуць «зарваўшыхся» стаматолагаў і ўвялі абмежаванні. Але да чаго гэта ўсё прывядзе?

Бо стаматалогія — гэта не толькі крэсла, не толькі ліхтар, але таксама велізарная колькасць матэрыялаў: для пломбаў, для пратэзавання — сотні, калі не тысячы найменняў за ўсё, што забяспечвае якасную працу. І кожная дробязь мае нейкую сваю вартасць. А ёсць яшчэ рызыкі дастаўкі імпартных матэрыялаў, рызыкі пераводаў за мяжу — гэта ўсе дадатковыя выдаткі.

І калі мяняюцца ўмовы працы на рынку, і ты ўжо не можаш закладваць у кошт вось гэтыя рызыкі, ты проста пралятаеш. Табе няма чым будзе лячыць, няма чым будзе ставіць пломбы і пратэзаваць.

Эканаміст мяркуе, што такім чынам улады пачынаюць нацыяналізацыю галіны.

— У такім рэжыме дзяржаўныя паліклінікі, у якіх будзе ўсё за кошт падаткаплацельшчыкаў і якія пляваць хацелі на ўсе гэтыя цэнавыя і іншыя абмежаванні, будуць на кані, — упэўнены Яраслаў Раманчук. — Гэта такі варожы захоп, перадзел рынку стаматалагічных паслуг у самай нахабнай форме.

Эксперт не сумняваецца, што стаматалагічныя паслугі, нягледзячы на заявы пра адваротнае, адназначна падаражэюць.

— Таму што гэта алігапалізацыя рынку. У гэтай сітуацыі прыватныя кабінеты, якія не могуць апусціцца ніжэй за нейкі ўзровень стаматалагічных паслуг, вымушаныя будуць альбо перайсці на горшыя матэрыялы і дрэннае абсталяванне, альбо знікнуць, — адзначае эканаміст. — І многім давядзецца задавольвацца шэрымі, а-ля савецкімі, пломбамі і вяртацца ў рэжым «а давайце лепш без анестэзіі».

Гэта павелічэнне рызык для жыцця. Таму што адна справа — сучасная правераная якасная анестэзія, а іншая, калі табе колюць які-небудзь сурагат расійскага, беларускага ці іншага незразумелага паходжання.

І будуць беларусы хадзіць сляпыя (раней Мінздароўя пазбавіла ліцэнзіі медыцынскі цэнтр «Новы зрок») і без зубоў. Я не кажу ўжо пра лячэнне сардэчных захворванняў, рака і іншыя ўмяшанні чыноўнікаў у медыцыну.

Гэта парушэнне базавых законаў эканомікі і прыклад, калі беларускі савок і Дзяржплан стварае прамыя пагрозы жыццю і здароўю беларусаў. Гэта проста катастрофа нацыянальнага маштабу.


Глядзіце таксама

Эканаміст нагадвае, што яшчэ да нядаўняга часу ў Беларусі была нядрэнная якасць стаматалогіі, і многія прыязджалі ў краіну па гэтыя паслугі з-за мяжы.

— На шчасце, усе гэтыя гады чыноўнікам было не да стаматалогіі, таму і паслугі былі добрыя. А цяпер пастанова Мінздароўя заб'е ўсё гэта. Вось да чаго прывядзе імкненне Камітэта дзяржкантролю і Міністэрства аховы здароўя выканаць патрабаванні бабулек і сталіністаў, якім здаецца, што калі ўсё будзе дзяржаўнае, то ўсё будзе танна і злосна.

І самае страшнае, што гэтыя людзі не разумеюць, што ўсё сапраўды будзе, як у Савецкім Саюзе, адзначае эканаміст.

— У тых, хто па асаблівых спісах праз асаблівы ўваход у прэзідэнцкую клініку, будзе ўсё. А астатніх прымусяць адмовіцца ад камфорту, які ўжо стаў нормай, зробяць паслугі, якія раней былі даступныя кожнаму, элітнымі. Будзе дзяржаўная паліклініка, дзе сваіх кліентаў будуць лячыць патрэбнымі матэрыяламі, а іншых — чым прыйдзецца. Вось што будзе, калі ісці на повадзе тых, хто не разумее законы эканомікі.

Проста задайце пытанне: а які профіт у бюджэт краіне і здароўю чалавека ад таго, што ў стаматалагічных паліклініках будуць рэгуляваныя цэны?

Неабходна разумець, што тыя, хто найбольш «зажраўся» ў гэтай краіне, — гэта ЗАТ «Сям'я», дзе людзям пляваць на законы рынку, на права ўласнасці, наогул на любыя страты, таму што яны заўсёды ў шакаладзе за ваш кошт. А цяпер яны яшчэ і залазяць вам у рот і не толькі туды, — заключае эканаміст.