«Гэта дарагая галіна, тут не зэканоміш». Абазнаны эксперт — пра намер рэжыму знізіць цэны ў стаматалогіі

Чыноўнікі палічылі цэны неабгрунтаванымі і ўвялі змены ў кошт стаматалагічных паслуг. Навошта яны гэта робяць, выданне bgmedia.site пацікавілася ў эксперта, які мае дачыненне да гэтай галіны медыцыны.

Ілюстрацыйнае фота csm.ua

Ілюстрацыйнае фота csm.ua

Кардынальнае рашэнне па зніжэнні «неабгрунтавана высокіх тарыфаў» Міністэрства аховы здароўя Беларусі прыняло не без дапамогі дзяржкантролю. Як паведаміла прэс-служба ведамства, па выніках праверак Мінздароўя, КДК і іншых структур, якія праводзіліся летам 2023 года, у некаторых прыватных клініках былі выяўлены «неабгрунтавана высокія тарыфы на стаматалагічныя паслугі». Гэта стала прычынай рашэння міністэрства пашырыць цэнавае рэгуляванне ў сферы стаматалогіі. Так, акрамя артапедычных і зубатэхнічных паслуг цяпер будуць рэгулявацца яшчэ і тэрапеўтычныя, хірургічныя і артадантычныя паслугі.

Суразмоўца, які мае дачыненне да беларускай стаматалогіі, распавёў сваю версію падзей.

«Праўда ў тым, што ў Мінску працавала клініка, якая нажываліся на заможных пацыентах. Груба кажучы, чалавеку з грашыма ўсё роўна, за колькі ставіць імпланты — за 5 або 10 тысяч долараў. Там заломвалі цэны на ўсе паслугі, — распавядае эксперт. — У нейкі момант яны перайшлі дарогу канкурэнтам, якія знаходзіліся «пад крылом» КДБ. У выніку непажаданую клініку накрылі. Быў суд і ўсё астатняе. Перагляд цэн стаў проста следствам гэтага рашэння».

Гісторыя з рэгуляваннем коштаў пачалася яшчэ ў ліпені гэтага года. Тады ўрад прыняў пастанову, якім увялі дзяржрэгуляванне тарыфаў на ўсе віды стаматалагічных паслуг. Яна ўступіла ў сілу з 1 лістапада. Так, калі раней у Беларусі дзяржава рэгулявала толькі цэны артапедычнай стаматалогіі і зубатэхнічных работ, то цяпер — таксама тэрапіі, хірургіі і артадантыі.

Паводле слоў галоўнага пазаштатнага стаматолага Мінздароўя, рэктара БДМУ Сяргея Рубніковіча, галоўная мэта новаўвядзення — сфарміраваць справядлівыя цэны, аднак якасць паслуг не павінна знізіцца. Ён падкрэсліў, што гэтаму дапаможа перагляд нормы часу на працу і выдаткаў на матэрыялы. Рубніковіч прагназуе, што дзякуючы новаму падыходу і працоўныя, і часовыя затраты на стаматалагічныя паслугі знізяцца на 10-30%. У выніку цэны таксама павінны зменшыцца.

Пасля гэтага Мінздароўя анансавала перагляд з 1 лістапада нормаў часу і расходу матэрыялаў на платныя стаматалічныя паслугі, а таксама пералік гранічных максімальных тарыфаў на іх. Але не паспелі чыноўнікі разабрацца з гэтым, як 21 лістапада абвясцілі аб новых планах.

У Мінздароўя ўжо распрацаваны праект пастановы і інструкцыі, у якіх устаноўлены гранічныя максімальныя тарыфы на названыя віды паслуг як для дзяржаўных, так і для прыватных клінік. Так, тарыфы на тэрапеўтычныя, хірургічныя і артадантычныя паслугі павінны быць на ўзроўні сярэднеарыфметычнага значэння.

«У аснову разліку дадзеных тарыфаў пакладзены аналіз тарыфаў 32 арганізацый, якія аказваюць стаматалагічныя паслугі (16 дзяржаўных, 16 недзяржаўных). На аснове аналізу разлічаныя сярэднія тарыфы, пры гэтым з разліку выключаны неабгрунтавана высокія тарыфы», — растлумачылі ў ведамстве.


Глядзіце таксама

Яшчэ адно ўдакладненне. Тарыфы на ўсе паслугі павінны быць устаноўлены зыходзячы з сярэдняй зарплаты медработнікаў, накладных і іншых выдаткаў.

Пастанова Міністэрства аховы здароўя ўступіць у сілу да канца 2023 года. У ведамстве заявілі, што пасля гэтага выдаленне малочнага зуба ў сярэднім стане танней на 33%, (з 127 да 85,60 рублёў), складанае выдаленне ўпадзе ў кошце на 42%, (з 479 да 278 рублёў), а лячэнне сярэдняга карыесу — на 47% (з 163 да 86,40 рублёў).

У Міністэрстве аховы здароўя лічаць, што ўвядзенне такога рэгулявання патрэбнае для павышэння даступнасці платных стаматалагічных паслуг для насельніцтва.

Суразмоўца выдання выказаў сваё меркаванне з гэтай нагоды: «Стаматалогія — гэта дарагая галіна, і на ёй не зэканоміш. Між тым Беларусь не выпускае для стаматалогіі нічога. Нават крэсла сабраць не могуць, не кажучы ўжо пра інструментары. Усё, што купляецца, усё імпартнае. Як можна рабіць нізкімі цэны, калі долар пастаянна расце?».

Паводле яго слоў, многія фірмы адмаўляюцца працаваць з Беларуссю. Па-першае, з-за сумнай славы краіны суагрэсара, па-другое — па прычыне складанасці перадачы неабходных матэрыялаў для працы.

«Стаматалогія заўсёды была дарагой. Пазбавіць яе тэхналогій — значыць, вярнуцца ў каменны век, — упэўнены эксперт. — Праз гэтыя чарговыя рэгуляванні цэн проста ўсім стане яшчэ горш жыць. Таму што лепш з добрай якаснай пломбай хадзіць, чым тры разы перарабляць».