Запасаемся папкорнам. Інфляцыя ў кастрычніку павялічылася амаль удвая

Наперадзе нас чакае працяг барацьбы сацыяльна арыентаванай беларускай мадэлі эканомікі з законамі рынку. Час запасацца папкорнам, тым больш што ён, хутчэй за ўсё, як тавар часцей імпартны, дакладна падаражэе.

1_548_logo.jpg

Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў даныя пра рост коштаў у кастрычніку. Інфляцыя ў Беларусі ў гадавым выражэнні склала 3,7%, тады як месяцам раней паказчык быў 2,0%. Такім чынам, тэмпы росту коштаў за месяц практычна падвоіліся, адзначае праект «Вашы грошы».

Пра тое, што інфляцыя ў Беларусі незвычайна нізкая і што кошты павінны вось-вось пачаць расці, падаецца, казалі ўсе — ад чыноўнікаў і праўладных эканамістаў да незалежных аналітыкаў і медыя. Рэдкі выпадак адзінства меркаванняў звязаны з тым, што рост коштаў у краіне адміністрацыйна заціснулі так, што баяцца наступстваў сталі нават профільныя міністэрствы. У ніжняй кропцы інфляцыя даходзіла да 2%, пры гэтым ацэнка «інфляцыйнага падстрэшка», гэта значыць рэальнай інфляцыі, складала каля 10%.

Рост коштаў у кастрычніку на 3,7% да кастрычніка мінулага года звязаны ў тым ліку з ростам коштаў харчовых тавараў. У гадавым вымярэнні яны падаражэлі на 4,3%, а нехарчовыя тавары, паводле звестак Белстата, на 0,3% патаннелі.

Ускосна аб рэальнай інфляцыі кажа рост коштаў на паслугі. У кастрычніку 2023 года да кастрычніка 2022 года яны былі даражэйшыя на 7,9%. І гэта пры тым, што там вялікая роля транспарту і ЖКГ, то-бок адміністрацыйна рэгуляваных тарыфаў.

Асобна за кастрычнік кошты ў Беларусі, паводле звестак Белстата, выраслі на 0,6%. Пры гэтым харчовыя тавары за месяц дадалі ў кошце 1,2%, нехарчовыя тавары — 0,4%, а паслугі патаннелі на 0,1%.

2023_767_11_28_1280x1280.jpg

Рост коштаў на харчовыя тавары цяпер звязаны з гароднінай. Тут у кастрычніку праявіў сябе фактар сезоннасці. Памідоры за месяц падаражэлі адразу на 66%, перац на 23%, агуркі на 19%. Нават пры тым што бульба патаннела ў кастрычніку на 18%.

Уся агароднінная група харчовых тавараў у сярэднім стала адразу на 25% даражэйшай, чым месяцам раней.

Разварот тэндэнцыі да росту коштаў сам па сабе не стаў нечаканасцю. Важна іншае — як пакажуць сябе кошты ў далейшым.

Чыноўнікі заяўляюць, што адміністрацыйны кантроль за цэнамі будзе працягнуты. А цэнавы навес, нават з улікам падрослай інфляцыі, застаецца пагрозліва вялікім.

Гэта значыць, што наперадзе нас чакае працяг барацьбы сацыяльна арыентаванай беларускай мадэлі эканомікі з законамі рынку. У самы раз запасацца папкорнам, тым больш што ён, хутчэй за ўсё, як тавар часцей імпартны, дакладна падаражэе.

Глядзіце таксама