Яны ўпалі. Чаму скарачэнне ЗВР — трывожны сігнал для пачатку новага года
Золатавалютныя рэзервы беларускага Нацбанка за снежань упалі на 128 мільёнаў долараў. Нічога дзіўнага. Беларускі знешні гандаль чым далей, тым горш сябе адчувае. Здаецца, экспартны цуд канчаецца, а разам з ім могуць скончыцца і цуды фінансавай стабільнасці.
Рэзервы падаюць
На самай справе з валютнымі рэзервамі ўсё нават трошкі горш. Рэзервы Нацбанка ў валюце за снежань упалі на 200 мільёнаў. Проста часткова іх падзенне атрымалася кампенсаваць з-за падаражэння золата, піша Андрэй Бранішэўскі ў Plan B.
Праўда, золата — гэта такая штука, якая ярка блішчыць, але аператыўна заткнуць ім дзіркі на валютным рынку не атрымаецца. Вось на аператыўнае затыканне дзірак у беларускага Нацбанка цяпер ёсць адзін мільярд і прыкладна сто шэсцьдзясят мільёнаў долараў.
Насамрэч, нічога страшнага. З такімі валютнымі рэзервамі Нацбанк шчасна жыве ўжо шмат гадоў. Бывалі ў беларускага Нацбанка рэзервы і меншыя.
Непрыемнасць у тым, што рэзервы Нацбанка скарачаюцца не проста ж так. Не толькі таму, што грамадзяне і прадпрыемствы захацелі раптам абзавесціся замежнай валютай. Яны скарачаюцца таму, што валюты Беларусь пачала траціць больш, чым зарабляць. Гэта значыць, з-за стабільнага пагаршэння становішча спраў у знешнім гандлі.
Дэфіцыт расце
За 11 месяцаў мінулага года дэфіцыт у гандлі таварамі вырас да 2,5 мільярдаў долараў. Прычым, калі за кастрычнік гандлёвы дэфіцыт быў 220 мільёнаў, то за лістапад ён падрос ужо да 380 мільёнаў. І ніякай перспектывы таго, каб адмоўнае сальда раптам стала станоўчым, пакуль не відаць. Няма ў гандлёвага сальда для гэтага ніякіх відавочных стымулаў.
Летась беларускай эканоміцы моцна дапамагла стаўка на расійскі рынак. Доля Расіі ў беларускім экспарце цяпер ужо большая за 60 адсоткаў і набліжаецца да 65. Але праз гэтую стаўку на расійскі рынак у беларускага гандлю цяпер якраз і пачаліся непрыемнасці.
Таму што, з аднаго боку, у беларускіх тавараў на расійскім рынку з'явіліся канкурэнты з Індыі і Кітая. А нават калі на ўсе беларускія аўтобусы наклеіць па знаку якасці, гарэць яны ад гэтага менш не стануць. А з іншага боку — расійскі рубель таннее. І праз гэта кошт беларускага экспарту ў доларавым выражэнні падае.
І вось калі ўвесь год баланс беларускага знешняга гандлю з Расіяй быў станоўчым, то ў лістападзе ён стаў адмоўным.
Яшчэ беларускія ўлады зрабілі вялікую стаўку на неабсяжны кітайскі рынак. Але на неабсяжны кітайскі рынак нічога, акрамя беларускіх калійных угнаенняў, прадаваць не атрымліваецца. Дакладней, атрымліваецца, але хутчэй у сімвалічных, чым якія маюць эканамічны сэнс, аб'ёмах. Ёсць чым пахваліцца, але няма на чым зарабіць.
А прадаваць беларускія калійныя ўгнаенні на кітайскім рынку колькі ні старайся, больш не атрымаецца. Таму што расійскія чыгункі, па якіх у Кітай едуць беларускія ўгнаенні, не гумовыя. У 2022 годзе аб'ём перавозак беларускіх угнаенняў у Кітай па расійскіх чыгунках і так ужо вырас на 60 працэнтаў. Куды ўжо больш?
Ну а планы асвоіць экзатычныя рынкі далёкай афрыканскай дугі карысныя толькі для геапалітычнага самалюбства. У 2021 годзе беларускі экспарт у Афрыку склаў 200 мільёнаў долараў. Нават калі ўрад выканае свае планы і павялічыць гэты экспарт у два з паловай разы, беларускай эканоміцы гэта не моцна дапаможа. Вунь, з адной толькі Ленінградскай вобласцю і толькі за сем месяцаў мінулага года тавараабарот склаў якраз паўмільярда долараў.
Так што зніжэнне рэзерваў беларускага Нацбанка — трывожны сігнал для пачатку новага года. Таму што гэтым разам за гэтым зніжэннем стаяць не выпадковыя флуктуацыі на валютным рынку, а цалкам сістэмныя праблемы ў беларускім знешнім гандлі і беларускай эканоміцы.