Джозеф Байдэн абмежаваў выкарыстанне золатавалютных рэзерваў Беларусі

Прэзідэнт ЗША Джозеф Байдэн падпісаў закон аб забароне абмену спецыяльных правоў запазычання для Беларусі і Расіі.

1631164673_pervoru_4634.jpg


Як паведамляецца на сайце Белага дома, закон забараняе міністру фінансаў удзельнічаць у здзелках па абмене спецыяльных правоў запазычання, якія належаць Расіі ці Беларусі, і патрабуе ад Мінфіна прыняць меры па супрацьдзеянні фінансавай дапамогі ім.

Палажэнні законапраекта будуць дзейнічаць 5 гадоў пасля прыняцця або 30 дзён пасля таго, як прэзідэнт паведаміць Кангрэсу, што ўрады Расіі і Беларусі спынілі «дэстабілізавальную дзейнасць, накіраваную на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны». Прэзідэнт таксама можа адмяніць гэтыя палажэнні, калі дакладзе Кангрэсу, што гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам ЗША.

Спецыяльныя правы запазычання (SDR) — гэта міжнародны рэзервовы актыў, які падтрымліваецца Міжнародным валютным фондам на аснове ўзносаў краін-членаў МВФ. SDR могуць абменьвацца паміж краінамі-членамі МВФ, а таксама могуць абменьвацца на валюту. Яны па змоўчанні залічваюцца ў золатавалютныя рэзервы краіны.

Нагадаем, што ў жніўні 2021 года МВФ было прынята рашэнне аб размеркаванні спецыяльных правоў запазычання (SDR) сярод краін-удзельніц Міжнароднага валютнага фонду. Паводле яго, краіны-ўдзельніцы МВФ атрымалі больш за 650 мільярдаў долараў. Беларусі таксама дасталіся 923 млн. долараў, нягледзячы на ўведзеныя ў дачыненні да краіны міжнародныя санкцыі за парушэнне правоў чалавека.

Прынятае МВФ рашэнне падверглася моцнай крытыцы, хоць ужо тады выказвалася меркаванне, што Мінску будзе вельмі цяжка скарыстацца вылучанымі сродкамі SDR у сувязі з накладзенымі ЗША і Еўрасаюзам фінансавымі санкцыямі.


Раней Вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і бяспецы Жазэп Барэль у сваім адказе на зварот НАУ напісаў, што ЕС не дапусціць абмену SDR, выдаткаваных МВФ Беларусі, на еўра ні ў адным цэнтральным банку краін Еўрасаюза.

Такім чынам, амаль мільярд долараў з ЗВР Беларусі ператвараюцца толькі ў лічбы на рахунку, не падмацаваныя рэальнымі грашыма — скарыстацца імі немагчыма.