Паслы ЕС узгаднілі восьмы пакет санкцый супраць Расіі, рыхтуецца дзявяты

Краіны ЕС дасягнулі дамоўленасці па восьмым пакеце санкцый супраць Расіі. Цяпер іх павінны ўхваліць урады краін. У ліку ўзгодненых мер — «столь цэн» на расійскую нафту.

14_2_2.jpg


Канчатковыя падрабязнасці здзелкі павінны быць апублікаваны сёння. Дакладная цэнавая мяжа на нафту пакуль не ўстаноўлена, але гэта можа быць зроблена на працягу бліжэйшых тыдняў, піша Politico.

ЕС зробіць уступкі для Мальты, Грэцыі і Кіпра, якія былі супраць «столі цэн» на расійскую нафту.

Варта адзначыць, што ў канцы траўня Еўрасаюз узгадніў шосты пакет санкцый, які прадугледжвае забарону на імпарт 2/3 расійскай нафты і шэрагу нафтапрадуктаў. Дзякуючы гэтаму ЕС плануе да канца гэтага года адмовіцца ад 90 працэнтаў нафтавага імпарту з Расіі.

Таксама ў новы пакет санкцый, паводле Politico, увайшлі санкцыі ў дачыненні да сталеліцейнай прамысловасці і абароннага сектара, персанальныя абмежаванні супраць тых, хто «дапамагае Пуціну ў ваенных дзеяннях», забарона грамадзянам ЕС займаць кіруючыя пасады ў расійскіх дзяржкампаніях.

Пакет супраць Масквы, які зʼяўляецца ўжо восьмым, быў прапанаваны прэзідэнтам Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен пасля таго, як расійскі прэзідэнт прыгразіў прымяніць ядзерную зброю і мабілізаваў сотні тысяч рэзервістаў.


У ЕС пачалі распрацоўваць дзявяты пакет санкцый супраць Расіі ў адказ на правядзенне рэферэндумаў аб далучэнні да Расіі «ДНР», «ЛНР», частак Херсонскай і Запарожскай абласцей.

Між тым, як раней казалі эксперты ВВС, у ЕС засталіся два козыры: «столь цаны» на нафту і абмежаванне цэн на расійскі газ. Супраць першага выступала меншасць, а супраць другога — большасць у ЕС, бо гэтыя захады цяжкарэалізуемыя і могуць стаць прычынай нафтагазавай блакады з боку Крамля будучай зімой.