Фон дэр Ляен: ЕС узгадніў новыя «куслівыя» санкцыі, уключаючы мяжу коштаў на расійскую нафту
Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен выступіла на брыфінгу ў Бруселі і распавяла аб новым пакеце санкцый супраць Расіі, які «ў прынцыпе» ўхвалілі члены Еўрасаюза. Па яе словах, у гэты пакет увойдзе і гранічная цана на куплю расійскай нафты.
Мяжа коштаў на расійскую нафту — гэта раней не апрабаваная мера, распрацаваная ЗША пасля пачатку вайны. У тэорыі яна ператворыць вядучыя індустрыяльныя краіны Захаду ў картэль пакупнікоў, які навязвае Расіі максімальную цану, якую яны гатовы плаціць за яе нафту. Цану прапануецца ўсталяваць прыкметна ніжэйшую за бягучую рынкавую, але вышэйшую за сабекошт здабычы ў Расіі з тым, каб захаваць пастаўкі паліва на сусветны рынак, аднак пры гэтым заўважна знізіць прыток нафтадолараў у расійскі бюджэт, якія фінансуюць вайну. На практыцы поспех гэтай схемы залежыць ад колькасці краін, якія далучыліся да яе; акрамя таго, незразумела, наколькі эфектыўна гэтая мера будзе выконвацца.
Тым не менш, індустрыяльныя краіны «Вялікай сямёркі» ў пачатку верасня дамовіліся паспрабаваць усталяваць гэтую мяжу. Больш за ўсіх для гэтага трэба будзе зрабіць менавіта Еўрасаюзу, паколькі раней ён з вялікай цяжкасцю дамовіўся ўвесці эмбарга на імпарт расійскай нафты з пачатку снежня. Гэта таксама балючая мера, улічваючы аб'ёмы еўрапейскага імпарту з Расіі; краіны дамовіліся, што эмбарга закране толькі пастаўкі марскім шляхам, а не па трубаправодах (гэта, зрэшты, найбольшая іх частка), а для некалькіх цэнтральнаеўрапейскіх краін будуць зроблены розныя выключэнні або прадастаўлены працяглыя адтэрміноўкі.
Фон дэр Ляен звязала чарговы, восьмы па ліку, пакет еўрапейскіх санкцый з эскалацыяй, якая выявілася ў абвешчанай Пуціным мабілізацыі. Яна назвала іх «куслівымі» і падкрэсліла: «Мы поўныя рашучасці прымусіць Крэмль заплаціць за гэтую далейшую эскалацыю».
Меры, якія яшчэ падлягаюць канчатковаму ўхваленню ўсімі 27 краінамі Еўрасаюза, уключаюць у сябе таксама персанальныя санкцыі супраць яшчэ 1300 фізічных і юрыдычных асоб, забарону на экспарт у Расію «дадатковых авіяцыйных тавараў, электронных кампанентаў» і «пэўных хімічных рэчываў», сказала кіраўніца Еўракамісіі.
«Мэта заключаецца ў тым, каб пазбавіць вайсковы комплекс Крамля ключавых тэхналогій. Гэта аслабіць расійскую эканоміку і яе здольнасць да мадэрнізацыі», — падкрэсліла старшыня Еўракамісіі.
Грамадзянам краін ЕС будзе забаронена ўдзельнічаць у кіраўнічых структурах расійскіх дзяржаўных кампаній, бо «Расія не павінна здабываць выгаду з еўрапейскіх ведаў і досведу», сказала фон дэр Ляен.
Таксама Еўракамісія прапануе ўвесці новыя маштабныя забароны на ўвоз расійскіх тавараў у Еўрасаюз. «Гэта не дазволіць расійскай прадукцыі трапіць на еўрапейскі рынак і пазбавіць РФ дадатковых даходаў у 7 млрд еўра, — удакладніла кіраўніца. — Тым самым мы ізалюем Расію і яшчэ больш б'ём па яе эканоміцы».