Расія ўзарвала свой газаправод падводнымі дронамі?
У Вялікабрытаніі мяркуюць, што Расія ўзарвала «Паўночныя патокі» падводнымі дронамі. Іх маглі ўстанавіць месяцы ці гады таму.
Расія магла ажыццявіць «наўмысную і спланаваную» атаку на свае ж газаправоды «Паўночны паток» і «Паўночны паток-2» у Балтыйскім моры з дапамогай беспілотніка. Прынамсі, так мяркуюць у абаронным ведамстве Вялікабрытаніі. Пра гэта піша The Times са спасылкай на інфармаваную крыніцу.
Найбольш верагодны сцэнар, на думку крыніцы, палягае ў тым, што Расія таемна даставіла аўтаномны падводны апарат з грузам у асобныя месцы на трубаправодах, пабудаваных для транспарціроўкі расійскага прыроднага газу ў Еўропу.
Па словах крыніцы, падводны апарат мог быць запушчаны з невялікага карабля або рыбацкай лодкі яшчэ некалькі месяцаў таму, а затым побач з трубаправодамі маглі быць скінутыя выбуховыя прылады. «Яны маглі знаходзіцца там месяцамі, чакаючы, калі ім дадуць падарвацца», — дадаў суразмоўца The Times. Паводле яго слоў, выбух мог быць ініцыяваны, да прыкладу, з дапамогай крыніцы шуму пэўнай частоты, які мог быць скінуты ў ваду ў патрэбны для Расіі час.
«Паўночныя патокі» акружаны сталёвым корпусам таўшчынёй ад 27 да 41 міліметра, а таксама бетонным пакрыццём таўшчынёй ад 60 да 110 міліметраў. Каб прабіць іх, спатрэбілася б шмат выбухоўкі.
Версію з падводнымі лодкамі эксперты адмаўляюць, таму што вада ў Балтыйскім моры недастаткова глыбокая для іх.
Нагадаем, 26 верасня ў газаправодах «Паўночны паток» і «Паўночны паток-2» зафіксавалі рэзкае падзенне ціску. На «Паўночным патоку» Данія і Швецыя выявілі ўцечкі газу. Газ па «Паўночным патоку» ў Еўропу не пастаўляецца з лета, цяпер жа адбылася аварыя на неактыўных, але запоўненых газам падводных газаправодах.
Аператар праекта Nord Stream AG заявіў, што пашкоджанні носяць беспрэцэдэнтны характар. Еўрасаюз і Расія не выключаюць дыверсію, але адказнасць за атаку да гэтага часу ніхто на сябе не ўзяў.
А сёння раніцай, 29 верасня, берагавая ахова Швецыі выявіла чацвёртую уцечку газу з «Паўночных патокаў». Швецыя вядзе ўласнае расследаванне. Зараз актыўна працуюць прадстаўнікі берагавой аховы краіны, каб высветліць, што адбылося.
Паводле АФН, www.kommersant.ru