Кітай не будзе падтрымліваць Расію

Ці хопіць у Кітая волі і рэсурсаў, каб паўплываць на Расію і прадухіліць найгоршы сцэнар развіцця падзей?

rasija_kitaj.png


За апошнім часам у сацыяльных сетках з’явілася шмат відэа і фотаздымкаў, на якіх кітайская армія канцэнтруецца побач з межамі Расіі нібыта для ўварвання ў гэтую краіну. Чуткі, што Кітай вось-вось «адцяпае» Далёкі Усход (а тое і ўсю Сібір) ходзяць ужо не адно дзесяцігоддзе. Пра такую пагрозу расійскія аналітыкі казалі яшчэ сто год таму, назіраючы, наколькі актыўна ідзе ў гэтыя рэгіёны міграцыя з Кітая. Ды й падставы гістарычныя для гэтага, быццам, прысутнічаюць: Расійская імперыя ў другой палове ХІХ ст. прысабечыла велізарныя тэрыторыі ад слабога ў той час Цінскага Кітая. А «вярнуць сваё», як сцвярджае сама Расія, — гэта святая справа.
Канечне, тут відавочнай ёсць прысутнасць праекцыі: паколькі Расія агрэсіўна захоплівае чужыя тэрыторыі, дык яе трэба «пакараць». А зрабіць гэта можа толькі «магутны Кітай» — магчыма, таму, што ён успрымаецца канцэптуальна блізкім да Расіі, што дазваляе прыпісаць яму жаданне «прырастаць землямі», не характэрнае для іншых магутных краін пачатку ХХІ стагоддзя. І гэтакім жа відавочным ёсць той факт, што Кітай зусім не збіраецца гэтага рабіць, бо ў наш час толькі дурні багацеюць думкай пра захоп земляў, а Кітай — ну ніяк не дурань. Ды й праверка тых сюжэтаў, якія прыводзяцца ў якасці доказаў цяперашніх агрэсіўных намераў Кітая, дэманструе, што ім ужо некалькі год, і тычацца яны, пераважна, сумесных расійска-кітайскіх вайсковых вучэнняў, якія мелі месца ў 2018-м.
Існуе і процілеглае меркаванне датычна стаўлення Кітая да Расіі. Маўляў, Кітай — адназначны саюзнік Пуціна і будзе яму дапамагаць усімі сродкамі, каб той мог дамагчыся перамогі ва Украіне. Асабліва папулярным гэтае меркаванне было на пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны. Тады шмат хто чакаў, што Кітай наладзіць у Расію пастаўкі ўсяго неабходнага, у тым ліку — узбраенняў. Падмацоўвалася гэта і фактам сустрэчы паміж Сі Цзіньпінам і Пуціным напярэдадні поўнамаштабнага расійскага ўварвання, што, на думку прыхільнікаў гэтай версіі, сведчыла пра тое, што Сі быў загадзя папярэджаны пра планы расійцаў.
Але і гэтае меркаванне, як дэманструе далейшае развіццё падзеяў, ёсць далёкім ад праўды. Кітай ад самога пачатку расійскай агрэсіі выказваўся супраць выкарыстання ваенных метадаў дзеля дасягнення знешнепалітычных мэтаў. І, канечне, адназначна ён катэгарычна выступае за суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць любой дзяржавы, паколькі прызнанне прэтэнзій Расіі на часткі Украіны аўтаматычна падрывае ягоныя прынцыповыя пазіцыі па недапушчэнні незалежнасці Тыбета, Сіньцзяна і Тайваня.
Тым не менш, і поўнай ізаляцыі ад Расіі, у тым ліку, у пытаннях ваенных, Кітай не дэманструе. Гэта не значыць, што Кітай разглядае яе ў якасці свайго саюзніка. Кітай не імкнецца мець фармальныя саюзы. Ягоны падыход да знешняй палітыкі іншы — больш прагматычны, чым звязванне сябе нейкімі строгімі абавязкамі з іншымі дзяржавамі. Кітайскія знешнія адносіны — гэта партнёрства, якое мусіць прыносіць не абмежаванні, а выгаду. Можна — і ўзаемную, але галоўнае — для Кітая. І ў гэтым плане Кітай можа атрымаць ад Расіі неблагі прыбытак.
У бягучы момант Кітай вядзе супрацу з Расіяй па некалькіх кірунках. Адзін з асноўных — гэта тэхналогіі. Напрыклад, Расія вельмі разлічвае на супрацу з Кітаем у засваенні Месяца і глыбокага космасу, а таксама на тэхналогію выраблення электронікі, здольнай процістаяць радыяцыі. У адказ Кітай можа разлічваць на атрыманне тэхналогій, якія дапамогуць удасканаліць ракетныя рухавікі на вадкавым паліве. У сферу ўзаемных інтарэсаў трапляюць таксама пытанні спадарожнікавай навігацыі і сістэмы супрацьракетнай абароны. Увогуле, тэма ўзбраенняў — багатае поле расійска-кітайскага ўзаемадзеяння. Прычым, гаворка ідзе як пра звычайныя тыпы зброі, так і пра зброю хімічную, бактэрыялагічную, а таксама прызначаную для размяшчэння ў космасе.
Не будзе Кітай адмаўляцца і ад правядзення сумесных вайсковых вучэнняў. Зусім не дзеля таго, каб дапамагчы расійскаму войску падвысіць сваю эфектыўнасць у вайне з Украінай. У першую чаргу гэтыя вучэнні даюць Кітаю неабходныя веды для імавернага ўзброенага процістаяння з амерыканскім войскам у выпадку ўзнікнення гарачага канфлікту вакол Тайваня. Кітайцам цяпер няма дзе ўзяць баявы досвед: іхнія войскі не ўдзельнічаюць у баявых аперацыях. А вось расійцы як раз не проста вядуць баявыя дзеянні. Яны вядуць іх супраць арміі, якая, у значнай ступені, атрымлівае падрыхтоўку ад амерыканскіх інструктараў ды прадстаўнікоў іншых краін NATO. Пад час вучэнняў расійцы могуць перадаць назапашаны досвед кітайскім вайскоўцам, што дазволіць тым быць лепш падрыхтаванымі да меркаванага канфлікту з ЗША.
Усур’ёз кітайцы ставяцца і да кааперацыі ваенных флатоў. На гэтую восень прызначаны трохбаковыя вучэнні кітайскага, расійскага і іранскага флатоў, праз якія кітайцы таксама разлічваюць атрымаць пэўны досвед, у тым ліку — ад тых, хто мае досвед сучаснага вядзення вайны на моры (удалы ён ці не надта — гэтае пытанне ў дадзеным выпадку не з’яўляецца істотным). І хоць вучэнні яшчэ не пачаліся, кітайскі і расійскі флаты ўжо праводзяць сумесныя манеўры ў акваторыі Ціхага акіяну. Не далей як учора непадалёк ад узбярэжжа Аляскі берагавой аховай ЗША была заўважана сумесная група кітайскіх і расійскіх баявых караблёў, у склад якой уваходзілі, у тым ліку, кітайскія ракетны крэйсер і эсмінец. У гэтым з’яўленні можна заўважыць не толькі адпрацоўку сумесных дзеянняў у складзе ваенна-марскіх фармаванняў, але і інтарэс Кітая да Арктыцы. А ўваходнымі дзверцамі ў Арктыку, істотную для стратэгій Кітая, можа паслужыць акурат Расія.
Не варта забывацца і на тую ролю, якую Расія трывала замацавала за сабой ужо даўно: крыніцы энерганосьбітаў для ўсіх суседніх, і не толькі суседніх, краін. Яшчэ ў 2014-м для Кітая ў паветры запахла добрым дысконтам на расійскія вуглевадароды — як вынік стаўлення да Расіі з боку ейных заходніх партнёраў. Пасля пачатку вайны супраць Украіны гэты пах ператварыўся ва ўстойлівы трэнд. Улічваючы, што спіс пакупнікоў, ахвочых да расійскіх газу і нафты, скараціўся самым катастрафічным чынам, Кітай можа свабодна дыктаваць свае ўмовы расійскім пастаўшчыкам. А калі ўлічыць, што ён яшчэ і сам пастаўляе звадкаваны прыродны газ на сусветны рынак, дык сітуацыя для яго складаецца ну проста цудоўна: бяры ў Расіі з дысконтам і прадавай на рынках па нармалёвых цэнах. А для Расіі, па выніку, ён ператвараецца ў найістотнейшага партнёра, пазіцыя якога шмат чаго для самой Расіі значыць.
Для Кітая гэтае партнёрства, канечне, не мае такога высокага значэння. Для яго больш істотнымі з’яўляюцца адносіны з эканамічна моцнымі дзяржавамі. Таму нельга лічыць, што Кітай дзеля Расіі можа цынічна напляваць на міжнародныя санкцыі. Зусім не: санкцыі для яго — пытанне далікатнае. Ён разумее, што пры парушэнні гэтых санкцый ён сам моцна рызыкуе аказацца ў блізкім да расійскага стане. Прычым, у першую чаргу пад удар патрапяць, хутчэй за ўсё, кітайскія банкі, якім паставяць бар’еры на шляху да вядучых фінансавых цэнтраў. А мяняць доступ да амерыканскай фінансавай сістэмы на досыць сціплыя выгады ад супрацы з Расіяй — гэта зусім не ўваходзіць у планы кітайскага кіраўніцтва.
Тым больш, што паводзіны Расіі пачынаюць хваляваць кітайскае кіраўніцтва. Нежартоўная пагроза ядзернага канфлікту, ды яшчэ з перспектывай пераходу на глабальны ўзровень — гэта зусім не тое, пра што марыць Сі Цзіньпін напярэдадні эпахальнага, а галоўнае — лёсавызначальнага асабіста для яго ХХІ з’езда КПК. Не дарэмна пасля абвяшчэння Расіяй гэтак званых «рэферэндумаў», якія адразу ўзнеслі пагрозу ядзерных удараў на нябачны раней узровень, Сі Цзіньпін разам з індыйскім прэм’ер-міністрам Нарэндрай Модзі заклікалі да найхутчэйшага завяршэння баявых дзеянняў ва Украіне, прычым — шляхам перамоваў пад эгідай ААН. Можна было б падумаць, што гэты заклік — элемент ціску на Украіну з боку «саюзнікаў» Расіі, але міністр замежных спраў КНР Ван І падчас сустрэчы з сваім украінскім калегам Кулебай адназначна выказаў падтрымку Кітаем суверэнітэта і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Што ідзе насуперак пастаўленым Расіяй мэтам.
У кітайскім грамадстве таксама адзначаецца зніжэнне падтрымкі Расіі. Калі паўгода таму сярод кітайцаў было папулярным меркаванне, што Расія мае рацыю, дык цяпер колькасць ягоных прыхільнікаў значна скарацілася. Гэтаму паспрыяла і змена танальнасці падачы матэрыялаў у кітайскіх СМІ, якія цяпер дэманструюць куды менш прарасійскую пазіцыю, чым гэта было раней, і некаторыя памылкі, зробленыя расійцамі непасрэдна ў дачыненні да кітайскага грамадства. Напрыклад, Расія «дадумалася» апублікаваць у кітайскіх сацыяльных медыя матэрыялы з нагоды 150-годдзя заснавання Уладзівастока. Але Уладзівасток быў заснаваны акурат на тых землях, якія Расійская імперыя «адціснула» ў Кітая ў ХІХ ст. у выніку нераўнапраўных дамоваў. Зразумела, што гэтыя публікацыі зусім не падвысілі сімпатыі кітайцаў да Расіі.
З усяго гэтага можна зрабіць выснову, што Кітай не будзе падтрымліваць Расію. Але будзе з ёй супрацоўнічаць — да таго моманту, пакуль гэта будзе прыносіць карысць самому Кітаю. У той жа час, развіццё падзеяў вакол вайны ва Украіне ставіць пад пагрозу надта шмат планаў і праектаў, істотных для Кітая. І канечне, ядзерная вайна кітайцам ну зусім не патрэбна. Таму варта чакаць далейшых захадаў з боку кітайскага кіраўніцтва, скіраваных на спыненне вайны, ці, прынамсі, на прымушэнне Пуціна адмовіцца ад выкарыстання ядзернай зброі.
Але тут варта ўлічваць, што мы схільныя перабольшваць уплыў і значэнне кітайскай пазіцыі для Расіі. Яна цалкам можа праігнараваць яе. Асабліва, калі ўлічыць, што расійскае кіраўніцтва загнана ў кут, і праз тое, што яно ўжо нарабіла, а таксама праз свой характар і светапогляд, мае не шмат опцый па выхаду з яго. Таму пытанне: ці хопіць у Кітая волі і рэсурсаў, каб паўплываць на Расію і прадухіліць найгоршы сцэнар развіцця падзей, застаецца адкрытым.