Жазэп Барэль: Санкцыі супраць Расіі працуюць

Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль у сваім блогу тлумачыць, як працуюць санкцыі і наколькі яны эфектыўныя.

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль


Многія пытаюцца, ці эфектыўныя санкцыі супраць Расіі. У гэтым тэксце я хацеў бы растлумачыць, чаму «так» — адназначны адказ на гэтае пытанне. Ужо цяпер санкцыі, прынятыя ЕС і партнёрамі-аднадумцамі, моцна б'юць па Уладзіміры Пуціне і яго хаўруснікам, і ўплыў абмежавальных мер на расійскую эканоміку будзе расці. Нам трэба праявіць стратэгічнае цярпенне, пакуль Расія не спыніць сваю агрэсію і Украіна не зможа цалкам аднавіць свой суверэнітэт.
З моманту жорсткага ўварвання Расіі ва Украіну ЕС прыняў шэсць пакетаў санкцый супраць Масквы, і ў бліжэйшы час мы завершым працу над пакетам «падтрымання і гарманізацыі», каб удакладніць шэраг палажэнняў, у яшчэ большай меры рэалізаваць прынцып прававой дакладнасці для кампаній і забяспечыць гарманізацыю санкцый ЕС і санкцый, уведзеных нашымі саюзнікамі і партнёрамі па «Вялікай сямёрцы». Нашы меры ўжо зараз закранаюць каля 1200 расійскіх фізічных і амаль 100 юрыдычных асоб, а таксама значную колькасць сектараў расійскай эканомікі. Гэтыя санкцыі былі прынятыя ў цеснай каардынацыі з краінамі «Вялікай сямёркі», і той факт, што больш за сорак іншых краін, у тым ліку традыцыйна нейтральныя дзяржавы, прынялі такія ж ці падобныя меры, павышае іх эфектыўнасць.
Цяпер, калі вайна зацягваецца, а цэны на энерганосьбіты растуць, людзі ў Еўропе і іншых краінах задаюцца пытаннем, ці працуюць гэтыя санкцыі і ці не занадта вялікія іх пабочныя эфекты.
Мы не прымяншаем розныя праблемы, якія могуць паўстаць, у тым ліку спробы абысці абмежавальныя меры, але санкцыі застаюцца важным палітычным інструментам.
Безумоўна, мы павінны выкарыстоўваць іх кропкава, і, перш за ўсё, яны патрабуюць стратэгічнага цярпення, паколькі для таго, каб яны далі жаданы эфект, можа спатрэбіцца шмат часу.
Адна з асноўных санкцый, прынятых ЕС, — гэта адмова ад імпарту 90% расійскай нафты да канца 2022 года, што пазбавіць Маскву адпаведных даходаў. Так, Расія можа прадаваць сваю нафту на іншыя рынкі, аднак гэтая выгада абмежаваная тым, што Расія вымушаная даваць вялікія зніжкі за кожны барэль (расійская нафта прадаецца прыкладна на 30 долараў танней, чым у сярэднім па свеце). Акрамя таго, і гэта, мабыць, самы важны момант, паступовае нафтавае эмбарга і скарачэнне імпарту газу вызваляюць Еўропу ад энергетычнай залежнасці ад Расіі. Мы абмяркоўвалі гэтае пытанне на ўзроўні ЕС на працягу многіх гадоў, а цяпер мы ажыццяўляем яго.
Зніжэнне нашай структурнай энергетычнай залежнасці ад Расіі мае вялікае значэнне, таму што гэтая залежнасць перашкаджала выпрацоўцы моцнай еўрапейскай палітыкі ва ўмовах агрэсіўных дзеянняў Масквы. Гэтая залежнасць, верагодна, адыграла важную ролю ў першапачатковых разліках Пуціна ў дачыненні да Украіны. Магчыма, ён думаў, што ЕС ніколі не ўвядзе супраць Расіі сур'ёзныя санкцыі, таму што Еўрапейскі Саюз занадта моцна залежыць ад энерганосьбітаў. Гэта адзін з самых важных пралікаў Пуціна пры развязванні вайны.
Вядома, такая хуткая «дэтаксікацыя» ад расійскіх энерганосьбітаў цягне за сабой значныя выдаткі для шэрагу краін і сектараў, з якімі нам давядзецца сутыкнуцца. Аднак гэта тая цана, якую мы павінны заплаціць за абарону нашых дэмакратый і міжнароднага права. Мы павінны справіцца з гэтымі наступствамі, умацоўваючы нашу ўнутраную салідарнасць, і гэта якраз тое, што мы і робім. Пазбаўляючыся энергетычнай залежнасці і робячы гэта ў адпаведнасці са сваімі кліматычнымі мэтамі, ЕС вучыцца таму, што ўзаемазалежнасць — гэта не заўсёды нейтральны інструмент, выгадны для ўсіх, ці сродак, які забяспечвае мірныя міжнародныя адносіны. Вайна ва Украіне пацвердзіла, што ўзаемазалежнасць можа быць выкарыстаная як зброя.
Ці сапраўды санкцыі наносяць шкоду расійскай эканоміцы? Некаторыя назіральнікі сцвярджаюць, што абмежавальныя меры не вельмі эфектыўныя, паколькі абменны курс расійскай валюты вельмі высокі. Але такая трактоўка спрэчная. Абменны курс рубля проста адлюстроўвае той факт, што ў Расіі існуе велізарны дысбаланс паміж вялікімі аб'ёмамі экспарту нафты і газу і паралельным абвалам імпарту, які рушыў услед за ўвядзеннем санкцый. Такі прафіцыт гандлёвага балансу — не прыкмета моцнага эканамічнага здароўя, асабліва для такой эканомікі, як расійская.
Экспартуючы неперапрацаваную сыравіну, Расія вымушаная імпартаваць многія дарагія тавары, якія яна не вырабляе.
У сферы перадавых тэхналогій Расія больш чым на 45% залежыць ад Еўропы, на 21% — ад ЗША і толькі на 11% — ад Кітая. Расія, вядома, можа паспрабаваць змякчыць наступствы санкцый за кошт замяшчэння імпарту айчыннай прадукцыяй. Гэта было зроблена, і не без поспеху, у сельскагаспадарчым сектары пасля ўвядзення санкцый у 2014 годзе. Аднак у выпадку высокатэхналагічнай прадукцыі дамагчыся імпартазамяшчэння значна складаней.
Напрыклад, санкцыі ў дачыненні да імпарту паўправаднікоў наўпрост закранаюць расійскія кампаніі, якія вырабляюць спажывецкую электроніку, кампутары, самалёты, аўтамабілі і вайсковую тэхніку. У гэтай сферы, якая, безумоўна, мае вырашальнае значэнне ў вайне ва Украіне, санкцыі абмяжоўваюць магчымасці Расіі вырабляць высокадакладныя ракеты. На зямлі расійская армія мала выкарыстоўвае гэты тып высокадакладных кіруемых ракет, але не з пачуцця меры, а вымушана, з-за недахопу. Акрамя таго, расійскія вайскова-паветраныя сілы недастаткова эфектыўна дзейнічаюць ва Украіне, што таксама тлумачыцца недахопам высокадакладнай зброі.
Аўтамабільны сектар — яшчэ адна галіна, якая вельмі моцна адчувае наступствы санкцый. Амаль усе замежныя вытворцы сышлі з Расіі, і ў траўні гэтага года вытворчасць скарацілася на 97% у параўнанні з 2021 годам. Акрамя таго, у тых нешматлікіх аўтамабілях, якія расійскія вытворцы ўсё яшчэ выпускаюць, не будзе падушак бяспекі і аўтаматычнай каробкі перадач.
Расія як другі па велічыні вытворца нафты ў свеце па-ранейшаму зарабляе буйныя сумы, прадаючы сваю нафту, асабліва азіяцкім спажыўцам, і гэта дапамагае ёй працягваць фінансаванне вайны. Але з часам расійская нафтавая прамысловасць будзе пакутаваць не толькі з-за таго, што сыходзяць замежныя кампаніі, але і з-за таго, што становіцца ўсё цяжэй атрымліваць доступ да складаных тэхналогій — такіх, як гарызантальнае бурэнне. Магчымасці Расіі па ўводзе ў эксплуатацыю новых свідравін будуць абмежаваныя, што прывядзе да скарачэння здабычы.
Нарэшце, існуе авіяіндустрыя, якая адыгрывае вельмі важную ролю ў такой велізарнай краіне. Каля 700 з 1100 грамадзянскіх самалётаў у Расіі — замежнага паходжання. Расіі давядзецца ахвяраваць значную частку свайго авіяпарку, знайсці запасныя часткі, каб тыя самалёты, што засталіся, маглі лётаць. Нават самалёты расійскай вытворчасці залежаць ад тэхналогій і матэрыялаў з заходніх краін. Як нядаўна напісаў Аляксандр Марозаў, дырэктар дэпартамента даследаванняў і прагназавання Банка Расіі: «Абмежаванні прывядуць да зніжэння тэхналагічнага і тэхнічнага ўзроўню і прадукцыйнасці працы ў тых галінах, якія яны закранаюць. Галіны, якія выкарыстоўваюць найбольш сучасныя замежныя тэхналогіі, і галіны, якія дасягнулі высокага ўзроўню лічбавізацыі сваіх бізнес-працэсаў, рызыкуюць пацярпець мацней за іншых».
Можна згадаць і іншыя важныя фактары: страту доступу да фінансавых рынкаў; адарванасць ад буйных глабальных даследчых сетак — такіх, як, напрыклад, ЦЕРН; масавую ўцечку мазгоў расійскай эліты — краіну пакінулі тысячы высокакваліфікаваных спецыялістаў. Наступствы такіх падзей бачныя не адразу. Аднак навуковая, эканамічная і тэхналагічная ізаляцыя Расіі — гэта сур'ёзны ўдар для краіны ў сярэднетэрміновай перспектыве.
Масква можа заяўляць, што яе адносіны з многімі дзяржавамі застаюцца нязменнымі. Аднак у рэальнасці санкцыі супраць Расіі наносяць шкоду яе гандлю з такімі краінамі, як Кітай, які абмежавальных мер не ўводзіў. Альтэрнатыва, прапанаваная Кітаем расійскай эканоміцы, сапраўды абмежаваная. Хоць Пекін, падобна, хоча зрабіць ідэалагічны жэст, устаўшы на бок Масквы, адмаўляючыся асуджаць яе ўварванне або падтрымліваючы расійскі наратыў пра пагрозу з боку NATO, у цэлым Кітай паводзіць сябе даволі асцярожна, калі размова ідзе пра дапамогу Расіі ў абыход санкцый. У той час як імпарт з Расіі вырас (у асноўным за кошт павелічэння імпарту энерганосьбітаў), кітайскі экспарт у Расію скараціўся ў суадносінах, параўнальных з заходнімі краінамі. Нават калі Кітай не прызнае гэтага публічна, ён, верагодна, занепакоены тым, што гэтая вайна можа ўмацаваць пазіцыі ЗША не толькі ў Еўропе, але і ў Азіі, пры актыўным удзеле такіх краін, як Японія і Паўднёвая Карэя ў рэагаванні на агрэсію Расіі. Гэта не зусім тое, да чаго імкнецца Кітай.
У выніку апошнія расійскія даныя, апублікаваныя Банкам Расіі, паказваюць, што транзакцыі праз расійскую аплатную сістэму ў чэрвені знізіліся на 7,2% у параўнанні з першым кварталам 2022 года.
Гэта паказчык рэальнага часу, які сведчыць пра значнае запаволенне тэмпаў росту расійскай эканомікі. Вядома, самае галоўнае пытанне заключаецца ў наступным: ці прывядуць санкцыі і іх рэальныя наступствы да таго, што Пуцін зменіць свае стратэгічныя разлікі? І калі так, то калі? Тут трэба праявіць асцярожнасць і прызнаць, што яго дзеянні ніколі не былі абумоўленыя эканамічнымі меркаваннямі. Пуцін верыць у магічную сілу палітычнага валюнтарызму. Аднак гэта не можа доўжыцца вечна. Таму Еўропа павінна праявіць стратэгічнае цярпенне. Вайна будзе доўгай, выпрабаванне на трываласць будзе працягвацца. У нас няма іншага выбару. Дазволіць Расіі атрымаць верх — значыць дазволіць ёй разбурыць нашы дэмакратыі і саму аснову міжнароднага светапарадку, заснаванага на правілах.