Ваенны эксперт: Беларусы павінны быць гатовымі, што вайна прыйдзе на іх тэрыторыю
Украінскі ваенны эксперт, палкоўнік запасу Алег Жданаў у інтэрв'ю каналу «Хадаркоўскі Live» заявіў, што ў выпадку пачатку ўварвання з боку Беларусі (любымі войскамі, неабавязкова беларускімі) па беларускай тэрыторыі адназначна будзе нанесены ўдар у адказ. Ці нават прэвентыўны ўдар.
Алег Жданаў для пачатку ацаніў мабілізацыйную мяжу расійскай арміі. Па яго словах, у Расіі ўжо мабілізавалі каля 120 тысяч чалавек, аднак на гэтым працэс затармазіўся.
— Справа ў тым, што 120 тысяч — гэта мяжа ёмістасці мабілізацыйнай сістэмы РФ. Прыкладна столькі яны збіралі падчас прызыву раз на паўгода за адзін месяц, зараз жа сабралі гэтую колькасць за два тыдні. Таму сёння перапоўнены ваенкаматы, перасыльныя пункты, казарменна-жылога фонду ў навучальных цэнтрах не хапае.
Некаторыя мабілізаваныя жывуць пад платамі вайсковых частак, паляць вогнішчы і начуюць практычна пад адкрытым небам. Вядома, што быў указ Пуціна аб восеньскім прызыве, гэта значыць яшчэ плюс 130 тысяч. Але, мабыць, хтосьці з Генштаба падказаў, што гэта будзе калапс сістэмы, і прызыў адклалі да першага лістапада.
Пры гэтым, са слоў Жданава, украінская Гарачая лінія абрываецца ад званкоў мабілізаваных, якія хочуць узгадніць сваю здачу ў палон. Але статыстыку па тых, хто здаўся ў палон, Генштаб Украіны не агучвае: для расійскіх вайскоўцаў важная канфідэнцыяльнасць, бо яны баяцца сілавых структур РФ.
Эксперт таксама адзначае, што ў расійскім войску ёсць праявы дзедаўшчыны, а мабілізаваныя зусім не падрыхтаваны да ўдзелу ў баявых дзеяннях.
— У прыватныя вайсковыя структуры таксама падкінулі мабілізаваных. Тыя іх адразу ж кінулі на першую лінію траншэі са словамі «Вы гарматнае мяса, вас так і так заб'юць», а самі заселі ў другой траншэі. На Ліманскім напрамку, калі УСУ пачалі рухацца ў бок Крамянной, у РФ таксама была спроба папоўніць свае войскі мабілізаванымі.
Дык там пасля першага ж агнявога налёту ўсе разбегліся, кінуўшы тэхніку, зброю і боепрыпасы. Людзі не абстраляныя і не навучаныя, і калі вакол іх пачынаюць рвацца снарады, яны пытаюцца ў сябе, што яны тут робяць і куды бегчы.
Выказаў сваё меркаванне Алег Жданаў і пра мабілізаваных, якія, паводле звестак разведак, перакідваюцца на тэрыторыю Беларусі. Эксперт мяркуе, што Лукашэнка наўрад ці адправіць свае войскі на вайну, але будзе ўсяляк дапамагаць расійскім вайскоўцам у Беларусі, што можа прывесці да сур'ёзных наступстваў.
— Што тычыцца Беларусі, то туды зайшлі расійскія будаўнічыя кампаніі, якія сёння заняліся рэканструкцыяй чыгуначнай сеткі: аднаўляюцца грузавыя рампы і пад'язныя шляхі да іх. Усе кантракты заканчваюцца лістападам, гэта значыць, рэканструкцыя разлічана на два месяцы. Значыць, імаверна, у снежні пойдуць грузавыя эшалоны, як мяркуецца, з тэхнікай.
Мы ведаем, што ў Беларусь перакідваецца каля 20 тысяч мабілізаваных, якія, хутчэй за ўсё, будуць забяспечваць гэтыя падрадныя работы, а таксама будуць займацца рамонтам таго фонду, які Лукашэнка прадаставіць у якасці жылога ці казарменнага: а ён дае прамысловыя зоны і закінутыя фермы, гэта значыць вытворчыя будынкі, якія неабходна пераабсталяваць пад жыллё асабовага складу.
У снежні ўжо на гатовую базу пачнуць назапашваць асабовы склад, а да Новага года, можа быць, нешта ды сфарміруюць. Тады можна чакаць спробы ўварвання ва Украіну ў студзені або да вясны.
Жданаў мяркуе, што калі такая спроба здарыцца, то гэта будзе ўварванне расійскіх узброеных сіл з тэрыторыі Беларусі ў надзеі паўтарыць 24 лютага. Лукашэнка ж, на думку Жданава, не захоча наўпрост уступаць у вайну, але будзе забяспечваць расійскае войска і дапамагаць, як гэта было ў пачатку вайны.
— Але толькі мы папярэджваем: цяпер сітуацыя іншая. Мы ператвараем нашу мяжу фактычна ў лінію Мажыно — гэта ўмацаваны раён. І такога ўварвання калонамі, як было 24 лютага, ніхто не дапусціць. Вайна пачнецца на тэрыторыі Беларусі. Як толькі войскі пачнуць рухацца з раёнаў засяроджвання дзяржмяжы Украіны, мы дамо ім бой. Так што беларусы павінны быць гатовымі, што вайна прыйдзе на іх тэрыторыю.
Мы пачнём агнявое паражэнне ў залежнасці ад далёкасці дасяжнасці нашых агнявых сродкаў. Ніхто ўжо не будзе чакаць, пакуль расійскі салдат упрэцца ілбом у памежны слуп на нашай мяжы.