Эканоміка Лукашэнкі: Адмоўнае сальда знешняга гандлю перавысіла ўжо 2,1 млрд долараў

Знешні гандаль мае вельмі важнае значэнне для беларускай эканомікі, бо краіна вырабляе значна больш тавараў, чым ёй неабходна. Але эканоміка пад дубінкамі нешта не вельмі працуе.

hroszy4_logo.webp

За студзень-ліпень гэтага года Беларусь экспартавала на знешнія рынкі тавараў на 22,5 млрд долараў. Гэта на 9,9 працэнта больш, чым годам раней. Пры гэтым за той жа перыяд было завезена імпартных тавараў на 24,6 млрд долараў. Рост аб'ёму ўвозу замежных тавараў склаў 22,5 працэнта, адзначае праект «Нашы Грошы».

«Выходзіць, што ў бягучым годзе мы істотна больш закупляем тавары з-за мяжы, чым прадаем свае на знешнія рынкі. Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі перавысіла ўжо 2,1 млрд долараў. Аднак рэальная сітуацыя нават больш складаная», — адзначаюць аналітыкі.

Эксперты ўдакладняюць, што рост экспарту — заслуга цалкам павелічэння паставак на рынкі СНД.

«Няхай Белстат ужо не дае дэталёвай інфармацыі па краінах, няцяжка здагадацца, што гэта галоўным чынам пастаўкі ў Расію. Па сутнасці Беларусь імкнецца адыгрываць ролю шэрай зоны для паставак падсанкцыйных тавараў. Аднак гэта магчыма толькі да таго часу, пакуль санкцыйныя рэжымы ў дачыненні да дзвюх краін не уніфікаваны. Пацвярджэннем гэтаму з'яўляецца тое, што крыніцай росту імпарту тавараў у Беларусь з'яўляюцца краіны па-за СНД», — дадаюць аналітыкі.

На іх думку, «наглядна бачна, што дзейныя санкцыі вымусілі Беларусь перафарматаваць знешні гандаль таварамі».

«Але замест рэальнай дыверсіфікацыі мы маем справу з чарговымі шэрымі схемамі паставак замежнай прадукцыі на рынак Расіі. Для асобных кампаній гэта, відавочна, нагода зарабіць тут і зараз. Але для эканомікі ў цэлым такі падыход наўрад ці можа стаць асновай доўгатэрміновага росту», — перакананыя аналітыкі праекта «Кошт урада».