Бюджэт Мінска ў першым паўгоддзі стаў дэфіцытным. Чаму гэта важна?

Мінгарвыканкам падвёў вынікі выканання бюджэту сталіцы за студзень-чэрвень 2023 года. Даходы склаліся ў памеры 3,97 млрд рублёў, а выдаткі склалі 3,99 млрд. У выніку атрымаўся бюджэтны дэфіцыт у памеры 22,6 млн рублёў.

novy_chas_miensk_bk__25__logo.jpg

З аднаго боку, дэфіцыт невялікі, усяго 0,6% расходнай часткі. Аднак сам факт яго ўтварэння насцярожвае. Па выніках першага паўгоддзя 2021 года сталіца зарабіла больш, чым выдаткавала, на 400 млн рублёў (15,3%). Летась аналагічны паказчык склаўся на ўзроўні 52 млн рублёў (1,6%). Бюджэт Мінска — самы багаты ў краіне і традыцыйна выконваецца з прафіцытам, адзначае тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Дэфіцыт стаў вынікам перавышэння росту выдаткаў над ростам даходаў сталіцы. У першым паўгоддзі 2023 года даходы Мінска выраслі на 20,4%, а выдаткі на 23%. Больш за ўсё выраслі выдаткі на жыллёва-камунальную сферу (+48,1%) і жыллёвае будаўніцтва (+39,8%).

А сярод даходных крыніц сталічнага бюджэту назіраецца нават зніжэнне. Напрыклад, непадатковыя даходы скараціліся на 10,2%.

Сталічны бюджэт займае асаблівае месца ў бюджэтнай сферы Беларусі. Ён — адзін з нямногіх мясцовых бюджэтаў, дзе даходы перавышаюць выдаткі. Больш за тое, за кошт гэтага перавышэння Мінск штогод шчодра дзеліцца сродкамі з рэспубліканскім бюджэтам.

Толькі сёлета сталіца павінна пералічыць у рэспубліканскі бюджэт каля 1,8 млрд рублёў.