Эканаміст: Глеба для інфляцыйнага ўсплёску ў Беларусі падрыхтавана
Нацбанк апублікаваў статыстыку вонкавага гандлю Беларусі сёлета, з якой вынікае, што два месяцы запар краіна імпартуе болей, чым экспартуе. Дэфіцыт ужо перавысіў $100 млн. Эканаміст Дзмітрый Крук растлумачыў «Белсату», чаму так адбываецца, і папярэдзіў пра пагрозу раскручвання інфляцыі з дэвальвацыяй.
Нацыянальны банк паведаміў: вонкавы гандаль сышоў у мінус. За студзень–ліпень адмоўнае сальда перавысіла $100 млн, і гэта папярэднія звесткі, то-бок, калі пазней пералічаць, можа быць больш. Адначасова рэгулятар абнародаваў удакладненыя звесткі вонкавага гандлю ў студзені–чэрвені. Выявілася, што ўжо тады ўтварыўся дэфіцыт на $57,5 млн, хаця раней паведамлялася пра дадатнае сальда ($167,3 млн).
Параўноўванне сёлетняга гандлю ў студзені–ліпені з леташнім радасці не выклікае: экспарт тавараў вырас на 9,7 %, а імпарт — ажно на 21,3 %; экспарт паслуг скараціўся на 6,4 %, а імпарт павялічыўся на 21,9 %. За сем месяцаў летась сальда вонкавага гандлю было дадатным, $3 млрд, сёлета сышло ў мінус.
Асноўная прычына такой сітуацыі — пагаршэнне цэнавай кан’юнктуры, адзначыў старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Дзмітрый Крук. Цэны на беларускі экспарт падаюць, а імпарт, наадварот, даражэе: «Калі мінулы год цэны не тое што выратавалі, а нават больш — выцягнулі беларускі вонкавы гандаль на вельмі прывабную пазіцыю, то цяпер адбываецца супрацьлеглае: леташні цэнавы цуд фактычна знік».
Звесткі пра фізічныя аб’ёмы гандлю таварамі (у штуках, кілаграмах і літрах) вядомы толькі да траўня, аднак эканаміст мяркуе, што тэндэнцыі захоўваюцца дагэтуль: калі імпарт істотна расце, то павелічэнне экспарту запаволілася.
«Фізічны аб’ём экспарту квола рос да траўня, і я на 99 % упэўнены, што гэта пераважна тлумачылася ростам продажу калійных угнаенняў. Што тычыцца іншых пазіцый, то калі рост і быў, то вельмі слабы. Цяпер нацбанкаўская статыстыка дае папярэдні сігнал: цалкам магчыма, што нават той кволы рост скончыўся і ў фізічным вымярэнні экспарт упёрся ў столь», — кажа Дзмітрый Крук.
Да таго ж праз ваганні курсу расійскага рубля беларускія вытворцы страчваюць канкурэнтаздольнасць на рынку суседняй краіны — асноўнага гандлёвага партнёра.
«Калі летась расійскі рубель узмацняўся і гэта даволі штучна давала беларускім вытворцам дадатковы задзел канкурэнтаздольнасці, цяпер ідзе адваротны працэс, можна сказаць, што ён ужо адбыўся», — канстатаваў спецыяліст.
Пры гэтым ён заўважыў, што вонкавы гандаль Беларусі яшчэ летась мусіў быць у такім становішчы, як цяпер, калі б не пашчасціла: «Я не сказаў бы, што цяпер сітуацыя істотна пагоршылася, хутчэй тое празмерна прывабнае становішча, што склалася летась, было адхіленнем ад нармальнага стану. Мы фіксуем пагаршэнне ў параўнанні з мінулым годам, але гэта вяртанне да натуральнага стану».
Асобна Дзмітрый Крук спыніўся на імпарце. Дэталёвую статыстыку хаваюць, таму можна толькі гадаць, што канкрэтна Беларусь набывае за мяжою і ці багата санкцыёнкі трапляе ў Расію праз нашу краіну.
«Гэтая тэндэнцыя да канца для мяне незразумелая, што за ёй стаіць. Нейкі ўнёсак у павелічэнне імпарту дае разагрэў хатняга попыту — тое, што актыўна робіць урад, і накачваючы заробкі, і стымулюючы інвестыцыйныя планы дзяржаўных прадпрыемстваў», — кажа эканаміст.
У беларускую статыстыку хутчэй за ўсё трапляюць санкцыйныя тавары для Расіі, аднак незразумела, ці дакладна лічаць, ці ўлучаюць гэта ў экспарт або такая прадукцыя адлюстроўваецца толькі ў імпарце.
«Як гэта ў выніку ўплывае на вонкавы гандаль — вялікае-вялікае пытанне. Не ведаю. Адказу няма, бо не хапае звестак. Калі ж меркаваць, што санкцыёнкі для Расіі багата і яна ўлучана ў статыстыку беларускага экспарту, гэта такі фіктыўны імпарт, які не вельмі істотна ўплывае на Беларусь», — заявіў суразмоўца.
Што тычыцца паслуг, то скарачэнне іх экспарту — наўпроставае наступства крызісу ў IT-галіне. Рэлакацыя праграмістаў, закрыццё офісаў, зыход кампаній — пакуль гэта не спыніцца, лепей не стане.
«IT-сектар — галоўны сектар, які генерыраваў экспарт паслуг. І паколькі ён скарачаецца, адпаведна, скарачаецца і яго экспарт. Гэта тэндэнцыя да той пары, пакуль IT будзе працягваць сціскацца. Трэнд непазбежны, і калі ён скончыцца, невядома», — канстатуе Крук.
Адмоўнае сальда вонкавага гандлю, што ўжо склалася ў Беларусі, некрытычнае для «эканомікі здаровага чалавека»: эксперт кажа, што краіны ў нармальнай сітуацыі могуць дазволіць сабе дэфіцыт у 2-3 % ВУП. Гэтыя страты можна пакрыць інвестыцыямі і крэдытамі. Раней і ў Беларусі была такая магчымасць.
«Цяпер гэта праблема, бо патэнцыйных крыніц фінансавання дэфіцыту амаль няма. Дзе знайсці інвестараў, якія захочуць укладацца ў беларускую эканоміку, дзе знайсці крэдыты? Адзіны магчымы варыянт — Расія. Сітуацыя ўнікальныя тым, што нават невялікі дэфіцыт, які б не быў праблемаю ў 2018–2019 гадах, цяпер можа стаць крытычным», — падкрэсліў Крук.
Паўгода, можа, крыху болей дэфіцыт можна кампенсаваць золатавалютнымі рэзервамі: фактычна праядаць запасы. Аднак гэта толькі часовае выйсце. Цяпер замаячыла перспектыва знаёмай беларусам дэвальвацыі, а разам з ёю — і інфляцыі:
«Абсалютна нармальны інструмент, каб прадухіліць дэфіцыт вонкавага гандлю, — абясцэньванне нацыянальнай валюты. І менавіта гэтае пытанне стане на парадку дня. Але ва ўмовах, калі расійскі рубель сам абясцэньваецца да долара, гэта будзе прыводзіць да даволі істотнага інфляцыйнага ўсплёску адначасова. Галоўная рызыка — пераход да інфляцыйна-дэвальвацыйнай спіралі».
Пагатоў эканамічныя ўлады ўжо падрыхтавалі глебу для разгону інфляцыі. Вобразна кажучы, засеялі і ўгнаілі, засталося дачакацца, калі ўзыдзе.
«Тое, што яны апошнія 7-8 месяцаў робяць у манетарнай
палітыцы, раскручваючы крэдытаванне, напампоўваючы эканоміку грашыма, толькі спрыяе. Глеба для інфляцыйнага ўсплёску падрыхтавана», — канстатаваў
суразмоўца.