«Кіраўніка БТЧК рана ці позна здымаць прыйдзецца». Беларускі Чырвоны Крыж — больш не «міжнародны»
Міжнародная федэрацыя арганізацый Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФАЧКіЧП) з 1 снежня прыпыніла сяброўства ў ёй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК). Пра гэта афіцыйна паведаміла федэрацыя Міжнароднага Чырвонага Крыжа.

Пастанова была прынятая ў сувязі з адмовай БТЧК зняць з пасады свайго кіраўніка Дзмітрыя Шаўцова, прэтэнзіі да якога ўключалі заявы аб ядзернай зброі, удзел у перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, візіт у акупаваныя расійскімі войскамі ўкраінскія гарады Луганск і Данецк.
З 1 снежня таксама прыпыняецца фінансаванне Беларускага Чырвонага Крыжа. БКК не зможа ўдзельнічаць у Генеральнай асамблеі арганізацыі, а таксама галасаваць або быць абраным на якіх-небудзь статутных сходах.
Беларускі Чырвоны Крыж можа быць адноўлены ў сваіх правах пасля таго, як здыме Шаўцова з пасады генеральнага сакратара нацыянальнай арганізацыі, адзначае АФН.
«МФАЧКіЧП будзе ацэньваць сітуацыю сумесна з уладамі і іншымі зацікаўленымі бакамі, каб вызначыць найлепшы падыход да забеспячэння ўразлівых супольнасцяў гуманітарнай дапамогай», — гаворыцца ў паведамленні.
Глядзіце таксама

«Афіцыйная пазіцыя, якую разганяюць спікеры БТЧК — нібыта праз “дзяцей Данбаса” і наведванне кіраўніком гэтага ўкраінскага рэгіёну, акупаванага Расіяй. Такія тэзісы зойдуць. Тым, хто не знаёмы з дзейнасцю МФАЧКіЧП», — піша з гэтай нагоды аналітык украінскага Інстытута Будучыні Ігар Тышкевіч.
«Наведваць Данбас? — А чаму б і не, як прадстаўнік Чырвонага Крыжа. Нават вываз дзяцей — на гэта міжнародная арганізацыя магла заплюшчыць вочы.
Але ёсць адзін прынцып, які падасца фармальным, але які парушаць не варта. А менавіта дэманстраваць сімпатыі да аднаго з бакоў канфлікту. Таварыш Шаўцоў пагарэў на простым — засвяціўся з літарай Z на акупаваных украінскіх тэрыторыях і некалькі разоў выступаў у падтрымку палітыкі Расіі. Літарка і стала фармальнай прычынай. Дакладней, тым, за што можна ўхапіцца. Бо гэта парушэнне адразу двух з шасьці асновапалеглых прынцыпаў існавання міжнароднай арганізацыі (нейтральнасць, незалежнасць).
Прычым партнёры з МФАЧКіЧП спрабавалі знайсці варыянты захавання беларускай федэрацыі, прадстаўляючы дадзены «залёт» як пазіцыю не ўсяго БТЧК, а толькі часовае вар'яцтва персоны, якая яго ўзначальвае. Але ў Мінску вырашылі “пайсці на прынцып”. У Жэневе гэта ўспрынялі па-філасофску: “Прынцыпы — значыць прынцыпы”. Далей — справа тэхнікі», — зазначае Тышкевіч.
У выніку беларуская структура пазбавілася фінансавання ад глабальнага руху Чырвонага Крыжа, перапыніліся працоўныя кантакты, а таксама ўдзел у розных фарматах міжнароднага супрацоўніцтва (абмеркаванне гуманітарных пытанняў).
«Пацешна, што расійскі Чырвоны Крыж, нягледзячы на ўсю сваю зашкварнасць, больш разумны, чым беларускія калегі — з літаркамі Z,V, O ці чымсьці падобным на вопратцы і транспарце не рассякаюць. Разумеюць чым пагражае, але растлумачыць малахольным з Мінска не знайшлі часу. Ці не захацелі, каб потым удосталь пасмяяцца з прыкладу, як тупыя паводзіны ствараюць праблемы на пустым месцы», — заўважае аналітык.
«У Беларусі натуральна павыюць, паабвінавачваюць зласлівую апазіцыю. БТЧК будзе прасіць больш грошай (бо міжнародная кармушка фсьо). Але варыянтаў выхаду з сітуацыі без іміджавых (і фінансавых) страт цяпер ужо няма. А “фюрэра” БТЧК рана ці позна здымаць прыйдзецца», — мяркуе Тышкевіч.
Глядзіце таксама
