648-мы дзень вайны Расіі супраць Украіны: на акупаваных тэрыторыях мясцовыя труцяць расійскіх салдат
Праз вялікія страты і дрэнныя ўмовы надвор’я расійскія войскі сцішваюць свае атакі ва Украіне, але баі тым не менш працягваюцца. На акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны трывае супраціў. А аналітыкі краін NATO выказваюць меркаванні, калі яны падвергнуцца расійскай агрэсіі. Галоўнае з Украіны на гэты час.
Войскі РФ не пакідаюць спробаў атачыць Аўдзееўку і спрабавалі аднавіць страчанае становішча ў Запарожскай вобласці. Усяго за мінулыя суткі на фронце адбылося 88 баявых сутыкненняў, паведаміў Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 снежня.
На Бахмуцкім кірунку расійцы штурмавалі ў раёнах Багданаўкі, Іванаўскага, Андрэеўкі і Клешчаеўкі Данецкай вобласці. ВСУ адбілі 21 атаку. У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці.
На Аўдзееўскім кірунку праціўнік пры падтрымцы авіяцыі не пакідае спробаў атачыць Аўдзееўку, украінскія войскі трымаюць абарону. Беспаспяховымі былі наступальныя дзеянні арміі РФ у раёнах на ўсход ад Новабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі, Паўночнага, на поўдзень ад Тоненькага, Першамайскага Данецкай вобласці, дзе ўкраінскія абаронцы адбілі 25 атак.
На Мар'інскім кірунку расійцы вялі штурмавыя дзеянні ў раёнах Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, поспеху не мелі. Тут адбітыя 11 атак.
На Запарожскім кірунку праціўнік 12 разоў спрабаваў аднавіць страчанае становішча ў раёнах на поўдзень ад Рабоціна, на захад ад і на паўночны захад ад Вербавага Запарожскай вобласці, поспеху не меў.
У Генштабе падкрэслілі, што УСУ працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім кірунку, а на Херсонскім кірунку сілы абароны ўтрымліваюць занятыя пазіцыі на левабярэжжы Дняпра.
* * *
Паводле ацэнак амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) украінскія войскі прасунуліся наперад пад Крэменнай 2 снежня і працягнулі лакальныя атакі на Купянскім і Ліманскім напрамках. Відэазапіс з геалакацыяй, апублікаваны 2 снежня, паказвае, што ўкраінскія войскі прасунуліся на захад ад Дзібровы.
Расійскія войскі працягнулі наступальныя аперацыі ў раёне Аўдзееўкі 2 снежня і пацвердзілі наступ. Відэазапіс з геалакацыяй, апублікаваны 2 снежня, паказвае, што расійскія войскі нязначна прасунуліся на поўдзень ад Стэпавага.
Спікер аб'яднанага прэс-цэнтра Сіл абароны Таўрычнага кірунку Аляксандр Штупун заявіў, што расійскія войскі знізілі інтэнсіўнасць сваіх нападаў у раёне Аўдзееўкі ў паўтары разы з 30 лістапада праз значныя страты. Штупун адзначыў, што расійскія войскі працягваюць атакі і перагрупоўваюцца ў гэтым раёне. Паведамляецца, што ўкраінскія войскі дамагліся некаторых поспехаў у ходзе контратак паблізу Аўдзееўкі па стане на 2 снежня, вызвалілі пазіцыі на поўдзень ад Стэпавага і на поўдзень ад Новакалінава.
* * *
Пагаршэнне ўмоў надвор'я працягвае запавольваць тэмп баявых дзеянняў УСУ і арміі РФ па ўсёй лініі фронту, але не спыніла іх цалкам, піша ISW. Нягледзячы на снег і вецер расійскія войскі актыўна выкарыстоўваюць авіяцыю на Бахмуцкім кірунку. Акрамя таго, надвор'е істотна не ўплывае на агонь расійскай артылерыі. Аднак расійскія крыніцы адзначаюць, што моцны вецер каля Бахмута і ў Запарожскай вобласці не дазволіў расійскім войскам выкарыстоўваць беспілотнікі і артылерыю цягам апошніх двух дзён.
Акрамя таго, размоклая глеба абцяжарвае прасоўванне пяхоты і колавай тэхнікі. Расійцы скардзяцца, што могуць перасоўвацца толькі на дэфіцытных гусенічных машынах у той час, як украінскія сілы працягваюць весці па іх інтэнсіўны артылерыйскі агонь, нягледзячы на дрэнныя ўмовы надвор'я.
* * *
* * *
Расійскія войскі ўначы атакавалі тэрыторыю Украіны з дапамогай крылатай ракеты, а таксама 12 ударных беспілотнікаў тыпу «Shahed». Ударныя БПЛА атакавалі ў некалькі хваляў, заходзілі з тэрыторыі акупаванай Херсонскай вобласці.
Сіламі СПА было знішчана 10 ударных БПЛА «Shahed-136/131». Таксама паведамляецца, што кіраваная авіяцыйная ракета Х-59 не дасягнула сваёй мэты. Аб разбурэннях і ахвярах СМІ Украіны не паведамляюць, магчыма, два нязбітыя БПЛА таксама не дасягнулі мэтаў.
* * *
У часова акупаваным крымскім горадзе Сімферопаль дзве дзяўчыны атруцілі дзясяткі расійскіх вайскоўцаў, паведаміў расійскі прапагандысцкі Telegram-канал «Крамлёўская табакерка».
«Прыйшлі на КПП вайсковай часткі дзве мілыя дзяўчыны, якія прадставіліся мясцовымі жыхаркамі. Прынеслі сем бутэлек гарэлкі і трохі закускі — рыбу, каўбасу, хлеб, сыр. Сказалі ахове, што хочуць аддзячыць хлопцам за ўсё, што яны абараняюць. Хлопцы гарэлку і ежу ўзялі, выпілі з калегамі, паелі. І многія атруціліся», — гаворыцца ў паведамленні.
Сцвярджаецца, што ў спіртным і прадуктах, якія прынеслі дзяўчаты, нібыта былі «велізарныя дозы мыш'яку», а ў адной з бутэлек знойдзены стрыхнін. Усяго памерла 24 вайскоўцы РФ, яшчэ 11 шпіталізаваныя.
* * *
Злучаныя Штаты не дапусцяць перамогі Расіі ў вайне супраць Украіны і будуць надалей дапамагаць Кіеву, заявіў у суботу, 2 снежня, кіраўнік Пентагона Лойд Осцін. Ён дадаў, што гэтак жа Вашынгтон не дапусціць перамогі ХАМАС.
Кіраўнік Пентагона дадаў, што ЗША здольныя выконваць свае абавязальніцтвы перад саюзнікамі і накіроўваць дапамогу адначасова і Ізраілю і Украіне. Ён падкрэсліў, што справакаваная Расіяй вайна супраць Украіны з'яўляецца «выклікам для хаўруснікаў у NATO». «Мы не можам дазволіць сабе застацца ўбаку», — выказаўся ён.
* * *
У краін на ўсходнім флангу NATO усяго тры гады для падрыхтоўкі да нападу Расіі, лічыць кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Севера.
Ён адзначыў, што верагоднай такую сітуацыю называюць і ў Германіі і ў ЗША. Аднак іх спецыялісты адзначаюць, што гэта можа адбыцца праз пяць ці дзевяць гадоў. На думку вайсковых экспертаў, гэтага тэрміну будзе дастаткова Маскве, каб падрыхтаваць наступ.
Севера лічыць, што напад з боку РФ можа адбыцца хутчэй. Паводле яго слоў, расійская ваенная прамысловасць працуе ў тры змены і можа аднавіць свой патэнцыял у бліжэйшыя тры гады.
«Калі мы хочам пазбегнуць вайны, краіны NATO на ўсходнім флангу павінны прыняць больш кароткі, трохгадовы часовы гарызонт, каб падрыхтавацца да канфрантацыі. Гэты час, калі на ўсходнім флангу павінен быць створаны патэнцыял, які быў бы выразным сігналам для стрымлівання ад агрэсіі», — заявіў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы.