635-ты дзень вайны ва Украіне. Пазіцыйныя баі і верагоднасць нападу Расіі на NATO
Дажджы знізілі інтэнсіўнасць баявых дзеянняў ва Украіне, але не спынілі іх поўнасцю. На франтах ва Украіне працягваюцца пазіцыйныя сутыкненні. Тым часам нямецкія аналітыкі ацанілі, калі Расія можа напасць на NATO. Па іх меркаванні, такі напад — пытанне не верагоднасці, а часу, калі гэта адбудзецца.
За мінулыя суткі расійскія акупанты вялі штурмавыя дзеянні на чатырох кірунках, адбылося 46 баявых сутыкненняў, паведаміў Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы ў панядзелак, 20 лістапада.
На купянскім кірунку расійскія войскі вялі штурмавыя дзеянні ў раёнах Сінькоўкі, на ўсход ад Петрапаўлаўкі і Іванаўкі Харкаўскай вобласці, дзе сіламі абароны Украіны адбіта сем атак.
На бахмуцкім кірунку расійцы вялі штурмавыя дзеянні ў раёнах Кляшчэеўкі і Андрэеўкі, дзе ўкраінскімі абаронцамі адбіта 11 атак. Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці.
На аўдзееўскім кірунку расійскія захопнікі не пакідаюць спроб ачапіць Аўдзееўку. Воіны УСУ трымаюць абарону, наносячы ворагу значныя страты. Наступальныя дзеянні расійскіх войскаў былі беспаспяховымі — сіламі абароны Украіны адбіта 12 атак.
На мар'інскім кірунку беспаспяховыя штурмавыя дзеянні расійскія войскі вялі ў раёнах Краснагораўкі, Мар'інкі і Перамогі Данецкай вобласці, дзе ўкраінскія вайскоўцы адбілі 16 нападаў.
* * *
Расійскае войска нясе значныя страты на аўдзееўскім кірунку, паведаміла Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны, спасылаючыся на перахоп размоў расійскіх жаўнераў.
Па словах аднаго з іх, ваенныя шпіталі перапоўнены вялікай колькасцю параненых. Іх настолькі шмат, што частка ляжыць проста на падлозе ў калідорах, а некаторых размеркавалі ў грамадзянскія бальніцы. «Нас тут наогул незразумела колькі трымаць будуць. Народу багата, рабят вязуць машынамі кожны дзень. Я ў цывільным шпіталі, бо там усё забіта — без рук, без ног. 300 і 200 кожны дзень вывозяць адтуль. Сюды вязуць, у Аўдзееўку ў асноўным з розных бакоў», — кажа ён.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што ўкраінскія войскі контратакавалі на аўдзееўскім кірунку і прасунуліся ля чыгункі на паўднёвы ўсход ад Стэпавага. Таксама УСУ прасунуліся на захадзе Запарожскай вобласці паблізу Новапракопаўкі.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 19 лістапада, паказваюць, што ўкраінскія сілы атакавалі і прасоўваліся на поўдзень ад Шумаў (23 км на поўдзень ад Бахмута).
Украінскія сілы контратакавалі паблізу Аўдзееўкі 19 лістапада. Геалакацыйныя кадры паказваюць, што ўкраінскія войскі прасунуліся ля чыгункі на паўднёвы ўсход ад Стэпавага (3 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі).
Расійскі ваенкар сцвярджаў, што ўкраінскія войскі адбілі пазіцыі ля чыгункі ля Стэпавага і контратакавалі ля Аўдзееўскага коксахімічнага завода.
Расійскія войскі праводзілі наступальныя аперацыі паблізу Аўдзееўкі, але не дамагліся ніякіх пацверджаных поспехаў.
Прадстаўнік украінскай Таўрычскай групоўкі войскаў палкоўнік Аляксандр Штупун 19 лістапада заявіў, што колькасць расійскіх дэзерціраў і асабовага складу, якія адмаўляюцца весці наступальныя дзеянні, расце, што прымушае расійскае камандаванне ўжываць фізічную сілу і загараджальныя атрады, каб падштурхнуць сілы РФ да бою.
* * *
* * *
19 лістапада ўкраінскія войскі працягвалі баявыя дзеянні на ўсходнім (левым) беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці. Расійскія блогеры сцвярджалі, што ўкраінскія войскі атакавалі паблізу Поймы і Пясчанаўкі, тады як расійскія войскі нібыта контратакавалі ў Крынках.
Расійскі ваенкар сцвярджаў, што ўкраінскія сілы выкарыстоўваюць мадыфікаваныя беспілотнікі «Баба-Яга» для паражэння расійскіх тэрмабарычных артылерыйскіх сістэм ТАС на ўсходнім беразе, падкрэсліваючы ўразлівасць расійскай супрацьпаветранай абароны ў гэтым раёне.
* * *
Дажджлівае надвор'е працягвае запавольваць тэмпы баявых дзеянняў, але не спыняе іх цалкам, пішуць аналітыкі ISW.
Украінскія сілы працягваюць абарону ад моцнай групоўкі расійцаў паблізу Аўдзееўкі, УСУ захоўваюць ініцыятыву на поўдні Украіны. Дрэннае надвор'е перашкаджае выкарыстанню бранятэхнікі на захадзе Запарожскай вобласці, аднак украінскія войскі ўсё яшчэ атакуюць расійскія пазіцыі пяхотнымі падраздзяленнямі.
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі 18 лістапада ацаніла, што ні адзін з бакоў не дасягнуў істотнага прагрэсу на купянскім і аўдзееўскім кірунках, а таксама на ўсходнім (левым) беразе Херсонскай вобласці, дзе працягваюцца найбольш інтэнсіўныя баі. У Мінабароны Брытаніі лічаць, што ў бліжэйшых перспектывах сур'ёзных змен на лініі фронту становіцца менш, паколькі надыходзіць халоднае зімовае надвор'е.
«Марозныя ўмовы надвор'я зімой, хутчэй за ўсё, будуць спрыяць аднаўленню больш актыўных баявых дзеянняў, а дажджлівае надвор'е наўрад ці спыніць украінскія ці расійскія атакі», — адзначылі ў ISW.
* * *
Расійскія сілы СПА нібыта адбілі атаку беспілотніка, які ляцеў на Маскву ўвечары, 19 лістапада. Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што беспілотнік нібыта быў перахоплены ў гарадской акрузе Электрасталі Маскоўскай вобласці (60 км ад Масквы). Са слоў Сабяніна, ён быў накіраваны на сталіцу РФ. «На месцы падзення абломкаў, паводле папярэдніх звестак, разбурэнняў і пацярпелых няма. Спецыялісты экстранных службаў працуюць на месцы здарэння», — заявіў мэр Масквы.
* * *
Уладальнік балгарскай кампаніі па вытворчасці зброі «Emco» Эміліян Гебрэў выказаў занепакоенасць магчымымі паўторнымі расійскімі дыверсіямі, нацэленымі на зрыў ваеннай дапамогі Украіне. Як распавёў збройнік «Financial Times», расійцы не раз атакавалі заводы і склады яго кампаніі, задзейнічанай у ланцужку паставак зброі Украіне. Для спынення такіх дзеянняў неабходна прымаць меры на ўзроўні краіны і NATO, лічыць Гебрэў.
Бізнесовец падкрэсліў, што ніводзін расійскі аператыўнік так і не быў затрыманы пасля замаху на яго ў 2015 годзе і атакі на аб'екты кампаніі ў 2021 і 2022 гадах: «Усе расследаванні альбо былі спынены, альбо зайшлі ў тупік, і ніводная справа не была перададзена ў суд».
Выданне адзначае, што каля 40% снарадаў, якія выкарыстоўвае Украіна, вырабляюцца ў Балгарыі.
* * *
Аналітыкі Нямецкага таварыства замежнай палітыкі мяркуюць, што Расіі можа хапіць ад шасці да дзесяці гадоў, каб аднавіць войска пасля вайны ва Украіне і напасці на NATO.
«Цягам гэтага перыяду Германія і NATO павінны даць магчымасць сваім узброеным сілам стрымліваць і пры неабходнасці змагацца супраць Расіі. Толькі тады яны змогуць знізіць рызыку ўзнікнення новай вайны ў Еўропе», — гаворыцца ў паведамленні.
Аналітыкі лічаць, што NATO неабходна задумацца не над тым, ці прыйдзецца калі-небудзь весці вайну супраць іншай краіны, а толькі над тым, калі гэта здарыцца.
«Альянс больш не выключае нападу Расіі. Менавіта Расія вызначае гэтыя часовыя рамкі з-за спалучэння даўняй матывацыі і павышэння ваеннага патэнцыялу. Акно для магчымага расійскага нападу адкрыецца, як толькі Расія паверыць, што напад, напрыклад, на краіны Балтыі, можа завяршыцца поспехам», — мяркуюць яны.