МЗС РФ разважае пра вайну з NATO
Сяргей Рабкоў, намеснік міністра замежных спраў Расіі, даў зразумець, што РФ у поўнай меры рыхтуецца да прамога канфлікту з NATO. А яшчэ сказаў пра вялікую верагоднасць разрыву дыпламатычных адносін з ЗША.
Адносіны Расіі і NATO не адновяцца ў агляднай перспектыве. Больш за тое, паміж імі магчымы ваенны канфлікт.
Пра гэта сказаў намеснік міністра замежных спраў Расіі Сяргей Рабкоў у інтэрв'ю расійскаму выданню «Известия», апублікаваным у сераду, 29 лістапада.
Так, на пытанне, ці можна чакаць у будучыні ўзброенага канфлікту, Рабкоў адказаў: «Залежыць ад Паўночнаатлантычнага альянсу. Цалкам і выключна выбар на баку NATO. Мы гатовы, як ужо было прадэманстравана, абараняць нашы нацыянальныя інтарэсы ўсімі наяўнымі ў нашым распараджэнні сродкамі».
На яго думку, нельга «бясконца замахвацца» на інтарэсы Расіі. Рабкоў назваў гэта «небяспечным шляхам»: «Бясконцы замах на іх, бясконцая эскалацыя на кірунку, які з пункту гледжання фундаментальных інтарэсаў з'яўляецца для нас не проста ключавым і стрыжнёвым, а сарцавінным — небяспечны шлях. Людзі, якія працягваюць выпрабоўваць нас на трываласць, мабыць, паверылі, што меж іх уласнаму «гемблінгу», гульні на павышэнне ставак, няма. Але яны могуць апынуцца ў ліку тых, хто прайграў».
А на пытанне пра тое, якімі далей бачацца адносіны з NATO, адказаў:
«Я не думаю, што адносіны Расіі і NATO адновяцца ў той ці іншай форме ў агляднай перспектыве. Гэта выключана з меркаванняў як прынцыповага, так і практычнага характару. Калі хтосьці на Захадзе думае, што мы маем патрэбу ў гэтых адносінах, што мы ў нейкі момант прыйдзем і папросім пра іх аднаўленне, дык гэта самая вялікая памылка», — заявіў ён.
Рабкоў дадаў, што Расія была гатова дамаўляцца «толькі на раўнапраўнай і ўзаемапаважлівай аснове».
«А ўжо цяпер на фоне таго, што адбываецца, я наогул не ўяўляю сабе сітуацыю і кантэкст, у якім такое магчыма», — рэзюмаваў ён.
А на пытанне пра тое, ці былі перамовы на тэму палітычных пытанняў у Расіі і ЗША, адказаў: «Не, і не прадбачыцца».
Напярэдадні прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што свету патрэбна «моцная» Расія. Ён таксама заявіў, што агрэсіўная вайна супраць украінскага народа «носіць без усялякага перабольшання нацыянальна-вызваленчы характар».
Паводле iz.ru, korrespondent.net