Бжэзінскі: NATO павінна адказаць Расіі
Эксперты лічаць, што нерашучасць альянса, выкліканая асцярогамі наконт сусветнай вайны, толькі падштурхоўвае Расію да чарговых правакацый.
Вакол стратэгічна важнага для Расіі Сувалкскага калідора, які злучае Польшчу з Літвой, а таксама з Латвіяй і Эстоніяй, пастаянна расце напружанасць. Вузкі калідор мяжуе з моцна мілітарызаванымі Калінінградам і Беларуссю. І калі б Пуцін захапіў гэты калідор, тры балтыйскія дзяржавы былі б фактычна адрэзаныя ад астатняй часткі NATO.
Цягам апошняга месяца ПВК «Вагнера» актыўна трэніравала беларускі спецназ на вайсковым палігоне недалёка ад польскай мяжы. Паводле слоў аднаго з камандзіраў групоўкі, блізу дзесяці тысяч наймітаў былі перакінутыя ў Беларусь пасля іх чэрвеньскага выступу супраць расійскага Генштаба, піша Ян Бжэзінскі, старшы навуковы супрацоўнік Атлантычнай рады і былы намеснік памочніка міністра абароны ЗША па пытаннях Еўропы і палітыкі NATO.
Лукашэнка, ведаючы пра асцярогі Польшчы адносна групы «Вагнера», спрабаваў падбухторваць палякаў. Ён публічна заявіў: «Можа быць, мне не варта было б гэтага казаць, але я скажу: "вагнераўцы" пачынаюць выводзіць нас з сябе. Яны просяць дазволу адправіцца на Захад: "Адпусціце нас!"», — дадаўшы, што байцы «Вагнера» казалі пра «экскурсію ў Варшаву і Жэшуў». Раней у гэтым месяцы два беларускія верталёты парушылі паветраную прастору Польшчы блізу Белавежы. Літаральна на мінулым тыдні Беларусь пачала ваенныя вучэнні ў Гродзенскай вобласці, што яшчэ больш узмацніла занепакоенасць у Польшчы і Літве.
Не дзіўна, што гэтыя дзеянні падобныя да правакацый Пуціна. У канцы ліпеня ён абвінаваціў Варшаву ў намеры вярнуць тэрыторыі, якія Сталін адабраў у Польшчы падчас Другой сусветнай вайны, уключаючы «ладны кавалак Украіны... каб вярнуць гістарычныя землі». Ён дадаў, што «добра вядома, што яны таксама мараць пра беларускія землі».
Пуцін суправаджаў сваю гарачую рыторыку вайсковымі дзеяннямі. У дадатак да адпраўкі групы «Вагнера» ў Беларусь, ён працягвае выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для арганізацыі агрэсіі супраць Украіны і нядаўна абвясціў, што Расія размясціла ядзерную зброю ў Беларусі. У чэрвені Расія правяла масавыя вайсковыя вучэнні ў Балтыйскім моры адначасова са штогадовымі і даўно запланаванымі ваенна-марскімі вучэннямі «NATO BALTOPS». У гэтым месяцы Масква абвясціла пра пачатак яшчэ больш маштабных вучэнняў на Балтыцы «Акіянскі шчыт» — з удзелам шасці тысяч вайскоўцаў, трыццаці вайсковых караблёў і катэраў, а таксама трыццаці самалётаў.
Мэты Пуціна відавочныя. Ён імкнецца прамацаць абарону альянсу. Ён спрабуе пасеяць разлад сярод саюзнікаў па NATO. І ён спрабуе падарваць давер Цэнтральнай Еўропы да альянсу.
Магчымасць для нескладанага практыкавання
Польшча, Літва і Латвія адрэагавалі ўмацаваннем сваіх межаў, а Варшава накіравала каля дзесяці тысяч вайскоўцаў да сваёй мяжы з Беларуссю. Але іх адказ павінен быць часткай рэакцыі NATO на гэтыя правакацыі, якая выходзіць па-за рамкі рытарычнага асуджэння і дэманструе ваенную гатоўнасць і магчымасці Паўночнаатлантычнага саюза.
NATO варта правесці вучэнні без папярэдняга паведамлення каля Сувалкскага калідора, разгарнуўшы марскія, паветраныя і наземныя сілы з іншых дзяржаў-чальцоў альянсу. Верагоднай мэтай магла б быць дэманстрацыя і праверка аператыўнай гатоўнасці ў каардынацыі з польскімі і літоўскімі сіламі і батальёнамі ўзмоцненай перадавой прысутнасці NATO, якія на дадзены момант дыслакуюцца ў гэтых дзвюх краінах.
Аб'яднаныя аператыўныя групы найвышэйшай гатоўнасці Паўночнаатлантычнага саюза (VTJF) былі б ідэальным элементам, які паслужыў бы ядром гэтай дэманстрацыі сілы. Гэтыя сілы колькасцю ў дваццаць тысяч салдат уключаюць кампаненты паветраных, марскіх сіл і ССА, а таксама шматнацыянальную сухапутную брыгаду колькасцю ў пяць тысяч вайскоўцаў. Прычым вядучыя падраздзяленні павінны быць гатовымі да разгортвання на працягу трох дзён.
Падчас «халоднай вайны» вучэнні NATO па разгортванні контрсіл былі звычайным адказам на ваенныя правакацыі з боку Савецкага Саюза, у тым ліку падобныя да тых, што Пуцін робіць у рэгіёне вакол Сувалкскага калідора. NATO павінна зрабіць тое самае.
Разгортванне VTJF прадэманстравала б, што NATO не баіцца канфлікту з Расіяй — уражанне, якому, на жаль, спрыялі кіраўнікі хаўруснікаў, паўтараючы, як мантру, што рэакцыя Захаду на ўварванне Расіі ва Украіну не павінна «натавізаваць» канфлікт, каб пазбегнуць Трэцяй сусветнай вайны. Гэтая мантра толькі прымусіла Пуціна ўсумніцца ў рашучасці альянсу.
Такое разгортванне падкрэсліла б практычную рэалізацыю новай ваеннай стратэгіі NATO, якая была прадстаўлена на саміце Паўночнаатлантычнага саюза ў Вільні ў ліпені. Канцэпцыя стрымлівання і абароны еўраатлантычнага рэгіёна распрацаваная для таго, каб дазволіць Паўночнаатлантычнаму саюзу больш эфектыўна рэагаваць на агрэсію, уключаючы правакацыі, падобныя да тых, якія Пуцін арганізуе паблізу Сувалкскага калідора.
Такія «раптоўныя вучэнні» спрыялі б абнаўленню настрою Паўночнаатлантычнага саюза на вядзенне вайны і практыцы хуткага і напорыстага процідзеяння расійскім правакацыям праз дэманстрацыю рашучасці, адзінства і сілы.
Хтосьці можа запярэчыць, што гэта справакавала б Расію. Але калі і ёсць чаму павучыцца ў расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, дык гэта наступнаму: няздольнасць альянса правесці больш маштабнае разгортванне ў Цэнтральнай Еўропе ў месяцы, якія папярэднічалі гэтаму нападу, калі Масква засяродзіла сілы на межах Украіны, толькі яшчэ больш падбадзёрыла Пуціна. Пры разглядзе правакацый, якія патрабуюць правядзення раптоўных вучэнняў, нядаўнія падзеі ў Сувалкскім калідоры павінны быць на першым месцы ў спісе.