649-ты дзень вайны: Імаверна, Расія рыхтуецца да новай мабілізацыі
Нягледзячы на зімовае надвор’е, інтэнсіўнасць баёў ва Украіне не спадае. У той жа час Пуцін падпісаў пастанову аб павелічэнні колькасці расійскай арміі, а Мінабароны РФ хоча пераглядзець спіс хвароб, якія даюць права не служыць у войску. Імаверна, старыя «мобікі» скончыліся, і ўлады РФ рыхтуюць новую хвалю мабілізацыі.
![Фота: Генштаб УСУ Фота: Генштаб УСУ](/img/v1/images/81a8f35_zsu690.avif?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота: Генштаб УСУ
Расійскія войскі працягваюць актыўна атакаваць на купянскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім, мар'інскім, шахцёрскім і запарожскім кірунках — украінскія воіны адбілі больш за 60 нападаў за суткі, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ па стане на раніцу 4 снежня.
Усяго за мінулыя суткі адбылося 68 баявых сутыкненняў.
На бахмуцкім кірунку ўкраінскія ваяры адбілі 16 атак ворага. Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута.
На аўдзееўскім кірунку ўкраінскія сілы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спроб атачыць Аўдзееўку. Сілы абароны паспяхова адбілі 21 атаку праціўніка ў раёнах на ўсход ад Новакалінава і Новабахмутаўкі, а таксама ў раёнах Стэпавага, Аўдзееўкі, Паўночнага, Першамайскага Данецкай вобласці.
На мар'інскім кірунку сілы абароны адбілі 8 атак.
На запарожскім кірунку сілы абароны адбілі 3 атакі ворага, які спрабаваў аднавіць страчанае становішча ў раёнах на поўдзень ад Рабоціна. Таксама абаронцы адбілі 3 атакі праціўніка ў раёне Новапакроўкі Запарожскай вобласці.
На мелітопальскім кірунку сілы абароны Украіны працягваюць актыўнымі дзеяннямі наносіць расійскім войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, на херсонскім кірунку ўкраінскія войскі і далей утрымліваюць занятыя пазіцыі на левабярэжжы Дняпра.
* * *
Расійскія войскі 3 снежня правялі наступальныя аперацыі паблізу Аўдзееўкі і пацвердзілі наступ, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW). Кадры, апублікаваныя 28 лістапада, і геалакацыйныя кадры за 2 снежня паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на захад ад чыгункі на поўнач ад Стэпавага (3 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі).
Дадатковыя геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 2 снежня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на паўднёвы захад ад Першамайскага (10 км на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі).
Расійскі вайсковы блогер заявіў 2 снежня, што расійскія сілы праводзяць выведку і перагрупоўваюцца для аднаўлення штурмавых аперацый паблізу прамысловай зоны на паўднёвы ўсход ад Аўдзееўкі.
Кіраўнік Аўдзееўскай вайсковай адміністрацыі Віталь Барабаш 3 снежня заявіў, што падчас трэцяй хвалі штурму Аўдзееўкі расійскія войскі адкрылі два дадатковыя напрамкі наступу на прамзону на паўднёвы ўсход ад Аўдзееўкі і са Спартака (4 км на поўдзень ад Аўдзееўкі), каб адцягваць украінскія сілы. Барабаш таксама заявіў, што расійскія сілы чакаюць паляпшэння ўмоў надвор'я, каб зноў выкарыстоўваць цяжкую тэхніку ў штурмах.
* * *
Уначы 4 снежня расійскія войскі атакавалі Украіну 23 ударнымі беспілотнікамі тыпу «Шахед» і кіраванай авіяракетай. 18 дронаў і ракету ўдалося збіць. Супрацьпаветраная абарона працавала, прынамсі, у 9-ці абласцях Украіны. Пра разбурэнні і ахвяры не паведамляецца.
* * *
![photo_2023_12_04_07_39_59.jpg photo_2023_12_04_07_39_59.jpg](/img/v1/images/photo_2023_12_04_07_39_59.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
* * *
Расійцы пачалі выкарыстоўваць у дронах-камікадзэ «Shahed-136» тэрмабарычную баявую частку, што выводзіць пагрозы ад такой зброі на зусім новы ўзровень, паведаміў 4 снежня партал Defense Express са спасылкай на спецыялістаў у галіне сувязі, РЭР і РЭБ.
Паводле звестак выдання, тэрмабарычная баявая частка, якую яшчэ памылкова называюць «вакуумнай бомбай», у першую чаргу прызначана для паражэння закрытых памяшканняў.
Defense Express адзначае, што тэрмабарычны тып зарада мае зусім іншы прынцып дзеяння, чым звычайная выбухоўка, і галоўная небяспека заключаецца не ў плошчы паражэння, а ў немагчымасці схавацца ад выбуху.
«Пры дэтанацыі тэрмабарычных боепрыпасаў утвараецца ўдарная хваля, за якой пачынаюць рухацца элементы тэрмабарычнай сумесі. Гэтая сумесь узаемадзейнічае з паветрам і сама з сабой і ўтвараецца «воблака» з тэмпературай 2400-2600 °C, якое «жыве» каля адной секунды. Гэта «воблака», у адрозненне ад ударнай хвалі фугасных боепрыпасаў, «распаўзаючыся», запаўняе ўвесь аб'ём. Гэта значыць, ад яго немагчыма схавацца за вуглом», — адзначае выданне.
* * *
Уладзімір Пуцін 1 снежня падпісаў указ аб павелічэнні афіцыйнай колькасці расійскіх узброеных сіл з 2,039 да 2,209 млн чалавек, а агульнай колькасці баявога складу — з 1,15 да 1,32 млн чалавек.
«Вярбоўка добраахвотнікаў, частковая мабілізацыя, а таксама расійскія страты ва Украіне, імаверна, тлумачаць чысты прырост вайскоўцаў на 170 тысяч чалавек у перыяд з 25 жніўня 2022 года да 1 снежня 2023 года. Такім чынам, указ Пуціна ад 1 снежня 2023 года хутчэй за ўсё ўстанаўлівае 2,209 млн чалавек у якасці новага афіцыйнага штату, а не значнае павелічэнне агульнай колькасці расійскага войска», — пішуць спецыялісты ISW.
* * *
У Міністэрстве абароны Расіі маюць намер змяніць патрабаванні да здароўя для вайсковай службы і дазволіць прызываць на службу з пашыраным спісам захворванняў. У расійскім ведамстве заявілі аб неабходнасці «ўдасканалення» арганізацыі правядзення медыцынскага агляду грамадзян пры мабілізацыі, якія маюць захворванні, што «не аказваюць істотнага ўплыву на здольнасць выконваць абавязкі ваеннай службы».
У Мінабароны РФ адзначылі, што да такога рашэння прыйшлі ў тым ліку з улікам вопыту вядзення баявых дзеянняў ва Украіне.
* * *
Сітуацыя ва Украіне можа пагоршыцца праз недастатковую падтрымку з боку Захаду, папярэдзіў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг у інтэрв'ю нямецкаму тэлеканалу «Das Erste».
«Мы таксама павінны быць гатовы да дрэнных навін. Войны развіваюцца паэтапна. Але мы павінны падтрымліваць Украіну і ў добрыя, і ў дрэнныя часы», — сказаў ён.
Пры гэтым Столтэнберг падкрэсліў, што павелічэнне вытворчасці боепрыпасаў мае «вырашальнае значэнне». Ён адзначыў, што саюзнікі павінны і далей падтрымліваць Украіну ў вайне, развязанай Пуціным. Паводле яго, падтрымка Украіны — у інтарэсах самога Паўночнаатлантычнага альянсу.
«Трэба разумець, што ў выпадку перамогі прэзідэнта Пуціна Украіну чакае трагедыя. Але і для нас гэта будзе небяспечна. Таму гэта ў нашых уласных інтарэсах, каб Украіна выстаяла», — падкрэсліў ён.