Даследаванне: Пакуль дэмсілы ствараюць лічбавыя платформы, прапаганда скарае TikTok
У 2020 годзе стала відавочна, што традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі (такія, як газеты і тэлебачанне) не маюць патрэбнага ўплыву на беларусаў, а інтэрнэт-аўдыторыю прапаганда ўпусціла. Цяпер, відаць, яны спрабуюць выправіцца.
Лічбавыя праекты не могуць змяніць уладу без класічнага афлайн-актывізму; «Кіберпартызаны», на думку беларусаў — самая карысная ініцыятыва, а ў Tiktok актыўна расце кантэнт з хэштэгам #Лукашэнка. Такія галоўныя вынікі даследавання трэндаў лічбавай трансфармацыі беларускага дэмакратычнага супраціву, праведзенага «Цэнтрам новых ідэй». На анлайн-прэзентацыі ў чацвер, 2 лістапада, было прадстаўлена сацапытанне дэмакратычна настроеных беларусаў, а таксама даследаванне наратываў прадэмакратычных і прарэжымных каналаў у Telegram і Tiktok. «Deutsche Welle» пабывала на прэзентацыі даследавання.
Большасць лічбавых праектаў — не палітычныя, а грамадзянскія ініцыятывы
Як тлумачыць ідэю даследавання дырэктарка ЦНІ Леся Руднік, у беларускім кантэксце лічбавыя рашэнні сталі бяспечным і адзіна магчымым інструментам дэмакратычнага супраціву: «Калі ў 2020 годзе лічбавізацыя была арыентавана ў тым ліку на аптымізацыю мабілізацыі грамадзян, то сёння лічбавыя ініцыятывы з'яўляюцца адзіным спосабам адкрытай і бяспечнай камунікацыі паміж беларусамі ў краіне, хоць больш і не маюць той мабілізацыйнай ролі».
Паводле слоў аўтаркі даследавання, у першай яго частцы былі апытаны 12 актывістаў, палітыкаў, медыяэкспертаў і прадстаўнікоў лічбавых ініцыятыў, сярод якіх — платформа «Новая Беларусь», «ByHelp», «Politzek.me», партыя «Разам», ініцыятыва «Кіберпартызаны». Як высветлілася, большасць ініцыятыў пазіцыянуюць сябе хутчэй як праекты грамадзянскага актывізму, і толькі партыя «Разам» і «Кіберпартызаны» выразна гавораць, што аснова іх дзейнасці — вырашэнне палітычных задач. Цікава, што эксперты не лічаць палітычным ні адзін праект, але адзначылі патэнцыял у Каардынацыйнай радзе як у лічбавым і палітычным праекце.
Акрамя таго, на думку прадстаўнікоў ініцыятыў, створаныя імі праекты адлюстроўваюць запыт грамадства і з'яўляюцца мостам паміж беларусамі ў краіне і ў эміграцыі. «Я назвала гэта «трэніровачнай базай». Сутнасць у тым, што лічбавыя ініцыятывы вераць у тое, што на дадзены момант, пакуль яны не маюць уплыву ў Беларусі, беларусы ў выгнанні могуць практыкаваць свае навыкі і набыць новыя веды пра тое, як у будучыні можна арганізаваць грамадзянскую і палітычную дзейнасць у краіне», — адзначае Руднік.
Таксама даследаванне паказала, што ініцыятывы і эксперты салідарныя ў меркаванні, што без класічнага афлайн-актывізму лічбавыя праекты не могуць змяніць уладу. «Гэта даволі відавочны тэзіс. Але эксперты развіваюць гэтую думку і кажуць, што нават ва ўмовах лічбавых інструментаў можна прасоўваць каштоўнасці і дапамагаць беларусам прадумваць актыўнасці афлайн», — гаворыць дырэктарка ЦНІ.
Беларусы лічаць «Кіберпартызанаў» самай карыснай ініцыятывай
Другой часткай даследавання стала сацапытанне, праведзенае сярод дэмакратычна настроеных беларусаў з дапамогай ініцыятывы «Народнае апытанне». У даследаванні ўзялі ўдзел 1200 чалавек, 95% з якіх на момант яго правядзення жылі ў Беларусі.
Як паказала апытанне, найбольш карыснай беларусы лічаць дзейнасць такіх лічбавых ініцыятыў, як «Кіберпартызаны» (81,4%), «Беларускі Гаюн» (66,1%), «BySol» (56,4%) і «ByPol» (55,9%). Самі рэспандэнты прымалі непасрэдны ўдзел у дзейнасці «BySol» (20,1%), плана «Перамога» (18,3%), платформы «Новая Беларусь» (13,5%), ініцыятыве «Сумленныя людзі» (11,8). А вось у ацэненых як найбольш карысных «Кіберпартызанах», «ByPo»l і «Беларускі Гаюн» бралі ўдзел толькі 4-6% апытаных беларусаў.
«Таксама амаль 70% апытаных пагадзіліся, што лічбавыя платформы — гэта добры спосаб падтрымліваць кантакты паміж тымі, хто з'ехаў з Беларусі, і тымі, хто застаўся ў краіне. Разам з тым, каля 40% кажуць, што дэмсілам трэба больш думаць пра тое, як узаемадзейнічаць афлайн у Беларусі — рыхтаваць партызанскія акцыі, валанцёрскія праекты. А 15% апытаных наогул лічаць, што большая частка дзейнасці дэмсіл адбываецца толькі анлайн і не мае нічога агульнага з рэальнай палітыкай», — расказвае пра вынікі даследавання Леся Руднік. Больш за тое, толькі палова рэспандэнтаў вераць, што лічбавыя праекты кшталту згаданых вышэй могуць паўплываць на змяненне сітуацыі ў краіне.
У Tiktok расце папулярнасць прарэжымнага кантэнту
У рамках даследавання быў таксама праведзены маніторынг наратываў прадэмакратычных і прарэжымных каналаў і спікераў. Для гэтага даследчыкі на працягу 12 тыдняў (з 1 мая па 23 ліпеня) вывучалі па 35 прарэжымных і прадэмакратычных Telegram-каналаў, 35 прарэжымных і 25 прадэмакратычных TikTok-акаўнтаў, а таксама 50 хэштэгаў у Tiktok.
У выніку высветлілася, што асноўнымі наратывамі ў прадэмакратычных каналах сталі пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, тэзіс пра падтрымку беларусамі Украіны, бачанне будучыні Беларусі ў Еўропе, а таксама наратыў пра ўзмацненне рэпрэсій у краіне. Цэнтральны момант, паводле слоў Руднік — абвінавачванне Лукашэнкі ва ўсім, што адбываецца ў Беларусі: яго называюць «дыктатарам», «пагрозай Беларусі», а таксама «ваенным злачынцам».
У той жа час сярод прарэжымных акаўнтаў дамінуюць ідэалагічныя наратывы: шмат відэа і выказванняў пра бел-чырвона-белы сцяг, які называюць «нацысцкім». «Шмат выказванняў пра тое, што апазіцыя ў расколе, Захад фінансуе Ціханоўскую і так цісне на Беларусь, а ядзерная зброя толькі ўмацоўвае пазіцыі Беларусі. Вядома, Лукашэнку ў прарэжымных каналах называюць «гарантам стабільнасці», а заходнія краіны — пагружанымі ў крызіс, куды яны яшчэ і цягнуць Украіну», — пералічвае асноўныя тэмы аўтарка даследавання.
Акрамя таго, у Tiktok вельмі папулярныя прарэжымныя хэштэгі: #забатьку і #Лукашэнка. Паводле слоў Руднік, за час аналізу ў 12 тыдняў, гэтыя хэштэгі атрымалі плюс 500 млн. праглядаў.
Трэба знайсці спосаб аб'яднаць актыўнасць беларусаў анлайн і афлайн
Акрамя таго, даследчыкі заўважылі, што каналы з розных лагераў па-рознаму апісваюць ролю кіраўніка: «У прарэжымных спікераў Лукашэнка мае асаблівую вагу, усе поспехі звязваюць з заслугамі Лукашэнкі. У той жа час у прадэмакратычным асяроддзі Ціханоўская хутчэй прадстаўляе народ, заслугі і няўдачы ўяўляюцца як агульныя, маўляў, мы ўсе гэтага дамагліся або аказаліся ў гэтай няпростай сітуацыі».
Падводзячы высновы, Леся Руднік кажа, што беларускі дэмакратычны супраціў анлайн дастаткова шматгранны: у ім прысутнічаюць палітычныя, медыйныя і грамадзянскія ініцыятывы, у якіх ёсць не толькі кампетэнцыі, але і бачанне, як іх прымяніць. «У лічбавых ініцыятыў ёсць аўдыторыя ўнутры краіны, якая ім давярае і верыць у іх поспех. Пры гэтым палітычная сітуацыя патрабуе не толькі крэатыўных лічбавых рашэнняў, але і пошуку новых спосабаў аб'яднання анлайн-прапаноў з афлайн-актыўнасцямі, выпрацоўкі новых сэнсаў і ідэй, а таксама нішавых апалітычных або партызанскіх праектаў».