«Збеглыя», «нацысты», «бандыты». Навошта лукашысты выкарыстоўваюць мову варожасці?

Пасля 2020 года дзяржаўныя ведамствы Беларусі пачалі дазваляць сабе ў афіцыйных паведамленнях абразлівы тон і мову варожасці. «Збеглыя», «найміты ў форме», «нацысты» — такія словы дазваляюць сабе сілавікі і чыноўнікі. Чаму так адбываецца, паспрабавала высветліць «Свабода».

i75_articleimage_16528_logo.jpg.webp

«Зьбеглыя», «бандыты» і «здраднікі»

Мову варожасьці актыўна выкарыстоўвае Сьледчы камітэт Беларусі. Апанэнтаў Лукашэнкі і прыхільнікаў ідэі дэмакратычных зьменаў у Беларусі сьледчыя называюць «бандытамі», «здраднікамі», «здраднікамі Радзімы». Вымушаных палітычных эмігрантаў — «зьбеглымі». Сьвятлану Ціханоўскую яны ў кастрычніку назвалі «намінальным партнэрам тэрарыстычных і экстрэмісцкіх фармаваньняў». Прадстаўніцу Аб’яднанага пераходнага кабінэта Вольгу Гарбунову, якая ладзіла маратон салідарнасьці з палітвязьнямі, — «ініцыятарам „сеткавай каруселі данатаў“».

Каардынацыйную раду, ByPol, BelPol, «НАУ» ў Сьледчым камітэце акрэсьлілі як «самаабвешчаныя экстрэмісцкія і тэрарыстычныя арганізацыі».

«Яны паспрабавалі вярнуць у нашую краіну паўнавартасную арганізаваную злачыннасьць», — пераконваюць чытачоў у ведамстве.

Абразы і мову варожасьці можна ўбачыць і ў паведамленьнях Генпракуратуры Беларусі. Так, Раду БНР пракуроры называлі «пранацысцкім экстрэмісцкім фармаваньнем». Ёй прыпісвалі «рэабілітацыю нацызму і калябарацыянізму», «прапаганду экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці».

«Найміты ў форме», «эўрафашызм» і «нацызм»

Адна з уразьлівых тэмаў для сілавікоў у гэтым сэнсе — мігранцкі крызіс. СК Беларусі абвінавачвае суседнія краіны, якія не пускаюць мігрантаў на сваю тэрыторыю, у жорсткасьці і бесчалавечнасьці.

Супрацоўнікаў памежнай службы краінаў Эўразьвязу яны называюць «найміты» ці «найміты ў форме», дзеяньні суседзяў акрэсьліваюць як «эўрафашызм», «вар’яцтва», «сыстэма, пабудаваная на прынцыпах нацызму».

«Латвія б’е рэкорды ў памежным эўрафашызьме. Тры іншаземцы загінулі ад дзеяньняў наймітаў на мяжы. Ідэі зьнішчэньня людзей на аснове расавых і рэлігійных забабонаў працягваюць набіраць абароты. Найміты ў форме перайшлі на сыстэму „масавага зьнішчэньня бежанцаў“», — заявілі ў Сьледчым камітэце сёлета ў кастрычніку, калі ў памежнай зоне знайшлі целы мігрантаў.

«Польскія сілавікі з маўклівай ухвалы эўрапейскіх клеркаў, адчуваючы беспакаранасьць і ўсёдазволенасьць, працягваюць тварыць варʼяцтва ў дачыненьні да мігрантаў», — заяўляў СК Беларусі ў іншым паведамленьні ў кастрычніку.

«Бязьлітаснасьць дзеяньняў „вартавых межаў“, для якіх жыцьці мігрантаў нічога ня вартыя, дакладна б удастоілі пахвалы ідэолягі фашызму», — заяўлялі сьледчыя ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале.


Глядзіце таксама

«Прасекчы жыцьцёва важны для нас калідор сілай зброі»

Востра ведамствы Лукашэнкі рэагуюць і на санкцыі Захаду супраць беларускай эканомікі.

У адказ на санкцыі Захаду ўрад Беларусі ў 2022 годзе ўвёў у карыстаньне тэрмін «недружалюбныя дзяржавы» і прыняў адпаведны закон. У пералік «недружалюбных» увайшлі: Аўстралія, дзяржавы Эўразьвязу, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія і Паўночная Ірляндыя, ЗША, Чарнагорыя, Швайцарыя.

Першы намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі Павел Муравейка заявіў, што Беларусь мае ўсе падставы «прабіць калідор» для транзыту тавараў празь Літву. Пра гэта ён сказаў на сэмінары ў Менгарвыканкаме, напісала газэта «Вячэрні Мінск» у нумары за 24 кастрычніка 2023 году.

«Літва фактычна забараніла нам перамяшчаць свае тавары празь мяжу. Па ўсіх нормах міжнароднага права такі крок адносіцца да эканамічнай агрэсіі. З пункту гледжаньня банальнай лёгікі мы маем усе падставы, каб прасекчы жыцьцёва важны для нас калідор сілай зброі. І ў іншых умовах нас бы ніхто ў сьвеце не асудзіў, сьмею дапусьціць. Але не ў цяперашніх, калі на краіну аказваецца беспрэцэдэнтны ціск з боку Захаду», — заявіў прадстаўнік Савету бясьпекі Павал Муравейка.

У адказ МЗС Літвы ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту пратэсту.


Глядзіце таксама

«Верх цынізму» і «гучныя вэрбальныя ноты»

Пасьля 2020 году МЗС Беларусі пачаў дазваляць сабе абразьлівы тон выказваньняў. Так, МЗС Беларусі рэзка адказаў на крытыку нядаўняга ўказу № 278 аб пашпартах беларусаў з боку ЗША і Эўразьвязу.

«Мы не зьвярталіся да іх з просьбай аб юрыдычнай экспэртызе нашых заканадаўчых актаў... Беларусы, у прынцыпе, выдатна абыходзяцца бязь іхных каштоўных парадаў адносна таго, як ім жыць і будаваць сваю незалежную дзяржаву. Час каштоўных указаньняў для нас сышоў дзесьці яшчэ зь Білам Клінтанам», — заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Пры гэтым ён ускосна абвінаваціў апанэнтаў.

«Нашы контрапартнэры выказалі здагадку, што прыняцьце ўказу нібыта наносіць шкоду тысячам беларусаў. Але пры гэтым хітра змаўчалі, якую шкоду іх дзеяньні наносяць мільёнам нашых суайчыньнікаў», — дадаў прэс-сакратар МЗС.

Глаз прыгадаў санкцыі Захаду супраць беларускай эканомікі, спыненьне авіязносінаў зь Беларусьсю і назваў заявы Дзярждэпу пра клопат аб беларускіх грамадзянах «верхам цынізму».

Калі супрацоўнікі памежнай службы Літвы зафіксавалі парушэньне мяжы беларускім памежнікам 12 красавіка 2023 году, а прадстаўнік амбасады Беларусі ў Літве атрымаў ноту ў сувязі з гэтым выпадкам, Глаз адрэагаваў таксама зьняважліва. Ён выказаўся, што літоўскі бок «скаланае паветра гучнымі вэрбальнымі нотамі без сур’ёзных прычын... Так што, як і ў любым іншым выпадку, лепш адразу думаць, а потым рабіць».

Сьвятлану Ціханоўскую ён таксама, як і калегі зь іншых ведамстваў, называў «экстрэмісткай», калі яе запрасілі на саміт Рады Эўропы ў Рэйк’явік у траўні 2023 году.


Глядзіце таксама

«Гэта стратэгія, на гэта быў дазвол»

Былы дыплямат МЗС Беларусі, аналітык Эўрапейскай рады па міжнародных адносінах Павал Сьлюнкін лічыць, што зьмена рыторыкі дзяржаўных органаў і прапаганды зьвязаная з падзеямі 2020 году. Людзі, якія працавалі па старых схемах, звальняліся зь дзяржаўных органаў. На зьмену ім прывезьлі кансультантаў з расейскай прапаганды.

«Яны, як мне здаецца, перафарматавалі стыль, у якім працуе дзяржаўная прапаганда. Яны працуюць па вызначаных зьверху правілах. Гэта пачалося ў верасьні 2020 году, але градус не адразу быў такі. Азаронак стаў не адразу пагражаць забойствамі людзей, мова варожасьці дадавалася туды паступова», — тлумачыць Сьлюнкін.

Паводле яго, пасьля верасьня 2020 году шмат заяваў беларускага МЗС былі ў «найгоршым захараўскім стылі» (Марыя Захарава, прэс-сакратарка МЗС Расеі).

«Я думаю, гэта стратэгія, на гэта быў дазвол. Думаю, іх рыхтавалі і прасілі, каб іхныя выказваньні станавіліся радыкальна больш нэгатыўнымі да апанэнтаў улады. Стратэгія суадносіцца з падыходамі беларускіх уладаў да сваіх апанэнтаў. Чым больш станавілася рэпрэсій, тым больш жорсткай была і прапаганда», — заўважае суразмоўца.

Павал Сьлюнкін мяркуе, што з апанэнтаў Лукашэнкі пасьлядоўна і паступова рабілі «ворагаў».

«Ты вораг — значыць, цябе трэба зьнішчыць. Гэтай стратэгіі прытрымліваюцца ў сэнсе рэпрэсій і ў сэнсе жорсткасьці падыходаў. Як яны затрымліваюць гэтых людзей, якія тэрміны ім сталі даваць, як іх называюць. Маргіналізацыя праціўнікаў улады. Калі ты ня хочаш стаць такім недатыкальным і атрымаць усё, што маюць людзі з такім лэйблам, то нічога не рабі, сядзі моўчкі», — тлумачыць мэту прапаганды ў дзяржаўных мэдыя і ведамствах аналітык.

Ён мяркуе, што такая прапаганда мае свой эфэкт. Яна пасьлядоўна ўзьдзейнічае і на мысьленьне, і на эмоцыі. Паступова абразьлівую тэрміналёгію дзяржаўнай прапаганды пераймаюць людзі зь неакрэсьленай палітычнай пазыцыяй.

«Прапаганда — гэта сродак, які дае эфэкт у доўгатэрміновай пэрспэктыве. Яны ўжо тры гады гэтым займаюцца», — камэнтуе Сьлюнкін.

Ён заўважае, што, паводле апытаньняў беларусаў, апошнім часам можна назіраць пераход часткі людзей з апазыцыянэраў у нэўтральную пазыцыю да ўладаў. Сьлюнкін мяркуе, што гэта вынік, сярод іншага, і прапаганды.

Што да МЗС Беларусі, то ў іхнай рыторыцы былы дыплямат не назірае мовы варожасьці, а хутчэй «зьняважлівы, недыпляматычны, непрафэсійны тон у дачыненьні да сваіх апанэнтаў». Ён мяркуе, што прычына такога тону ў слабасьці аргумэнтаў, таму трэба «павышаць голас».

Сьлюнкін заўважае, што з прыходам на пасаду міністра замежных спраў Сяргея Алейніка ў ведамстве зьменшылі нэгатыўную рыторыку, сталі трымацца больш прафэсійнага, дыпляматычнага стылю камунікацыі. Ён мяркуе, што гэтае месца заняў прафэсійны дыплямат, а не русафіл ці сілавік, бо цяперашняя задача рэжыму Лукашэнкі — дамаўляцца і аднаўляць добрыя зносіны, у тым ліку з Захадам.

«У яго (Алейніка) ня так шмат інструмэнтаў, ён ня можа выпусьціць палітвязьняў, але можа зрабіць заявы МЗС больш адэкватнымі, прафэсійнымі. Алейнік працуе з тымі рэчамі, якімі можна паказаць, што ёсьць людзі ў дзяржаўным апараце, якія прытрымліваюцца асноўнай лініі, але зь якімі размаўляць прасьцей», — мяркуе экспэрт.