Новы скандал сярод «ябацяк»: гомельскі правакатар пайшоў вайной на Бондараву

Яўген Катляроў атрымаў вядомасць дзякуючы таму, што актыўна ўкідваў фэйкі ў незалежныя СМІ. Але апошнім часам ягоныя стасункі з калегамі-ябацькамі ўскладніліся, у яго ўзніклі праблемы з сілавікамі. А цяпер Катляроў пачаў інфармацыйную вайну з вядомымі прапагандыстамі.

mycollages_156_bc20r.jpg

Нядаўна Катляроў, які ў сацсетках называе сябе Яўгенам Какойтам, выклаў на сваю старонку ў Facebook размову з вядомай праўладнай актывісткай Вольгай Бондаравай. Яна прыняла гамяльчаніна за ўкраінца і агрэсіўна патрабавала адказаць «Чый Крым?». Катляроў у адказ назваў яе «бабошай» і паабяцаў актывістцы новую славу, суправаджаючы свае словы нецэнзурнай лексікай, заўважыў «Флагшток».

Таксама неўзлюбіў гамяльчук Азаронка. Катляроў абсалютна не хавае таго, што лічыць прапагандыста ладна дурным, заадно з іншымі прапагандыстамі — Ігарам Турам, Аляксеем Дзермантам, Алегам Гайдукевічам.

image6544c468456b7lg.jpeg

Любіць крытыкаваць Катляроў і гомельскіх прапагандыстаў, часта ўказваючы на бескарыснасць іх дзейнасці — зусім невялікія вынікі праглядаў відэа на YouTube.

image6544c47fcc6aflg.jpeg

Яўген Катляроў — вядомы гомельскі правакатар. У 2017 годзе ён укараніўся ў кола апазіцыйных актывістаў Гомеля, якія ўдзельнічалі ў «дармаедскіх» пратэстах. Але пасля праз яго сацсеткі і дзеянні стала зразумела, што ён працуе супраць гэтых жа актывістаў. Таксама гамяльчук Катляроў неаднаразова дасылаў ілжывую інфармацыю ў незалежныя СМІ.

Яго паказанні былі пакладзены ў аснову абвінавачвання гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, пры гэтым суд нават адмовіўся выклікаць яго на допыт.

«Адкуль мне было ведаць, што 19 студзеня, калі я яшчэ знаходзіўся ў ІЧУ і не была яшчэ распачата справа, у СК супраць мяне даў паказанні Какойта (Яўген Катляроў. — Заўв. рэд.), які галаслоўна абвінаваціў мяне ў арганізацыі ўсіх пратэстаў у Гомелі. Гэтыя яго паказанні чалавек у мантыі суддзі паклаў у аснову абвінавачання ў прысудзе, а яго трое калег з апеляцыйнага суда іх зацвердзілі. У абодвух выпадках служыцелі Феміды адхілілі маё хадайніцтва аб допыце Катлярова, але, відаць, у іх была іншая задача — засудзіць мяне любой цаной…

Па сутнасці, гэты клоўн Какойта даў паказанні яшчэ да ўзбуджэння справы, што незаконна, але гэтая акалічнасць нікога не здзівіла. Я патрабаваў распачаць супраць яго крымінальную справу за ілжэсведчанне ў абласны СК, пракуратуру і КУС. Занялі колавую абарону — пакуль яго выгароджваюць», — пісаў Судаленка ў гадавіну свайго арышту і змяшчэння ў СІЗА №3 Гомеля.

Цяпер Катляроў усё часцей укідвае фэйкі праўладным актывістам — сваім канкурэнтам.