Хлусня на вайне — злачынства, якое вельмі дорага будзе каштаваць

Гістарычныя паралелі: расійскі блогер Дзмітрый Чарнышоў пра нямецкую фабрыку трупаў часоў Першай сусветнай вайны — хлусню, што займела далёкія наступствы.

Ілюстрацыя з часопіса «Панч» 25 красавіка 1917 года. Кайзер — рэкруту: «І не забывайце, што ваш кайзер заўсёды знойдзе вам прымяненне — жывому ці мёртваму».

Ілюстрацыя з часопіса «Панч» 25 красавіка 1917 года. Кайзер — рэкруту: «І не забывайце, што ваш кайзер заўсёды знойдзе вам прымяненне — жывому ці мёртваму».

 

У сеціве пастаянна цытуюць Роберта Шэклі:«Самае крыўднае, што ў інфармацыйнай вайне заўсёды прайграе той, хто кажа праўду, ён абмежаваны праўдай, хлус можа несці ўсё што заўгодна».

Лічу гэта поўным глупствам. Хлусня на вайне — злачынства, якое вельмі дорага абыдзецца боку, які варагуе. Хачу нагадаць гісторыю пра хлуслівую брытанскую прапаганду і пра тое, як дорага каштавала гэта хлусня.

У 1917 годзе англійская прэса пачала распаўсюджваць гісторыі пра тое, што немцы ва ўмовах ваенна-марской блакады адчуваюць праблемы з сыравінай і перапрацоўваюць трупы салдат на тлушч, мыла, свечкі, нітрагліцэрын і корм для свіней.

Фабрыка па перапрацоўцы трупаў атрымала назву Kadaververwertungsanstalt (прадпрыемства па перапрацоўцы трупаў). Трупы для гэтай фабрыкі нібыта звозіліся цягнікамі з усіх франтоў.

Брытанскія «Times» і «Daily Mirror» перадрукавалі гэтую нататку, спасылаючыся на публікацыю ў бельгійскай газеце «La Belgique». Такая газета сапраўды існавала, але такога рэпартажу ў ёй не было.

Чырвоны Крыж спрабаваў знайсці гэты завод, а брытанскі парламент, які падрыхтаваў спецыяльную брашуру пра зверствы нямецкіх салдат, згадаў завод па перапрацоўцы трупаў як рэальны факт.

Толькі пасля вайны вядомыя дзеячы брытанскай палітыкі прызналі, што ўся гэтая гісторыя была хлуснёй.

Гісторыю прыдумала Мі-7. Аднойчы супрацоўнікі ўбачылі трафейныя фатаграфіі, дзе быў паказаны працэс пагрузкі загінулых нямецкіх салдат у эшалон для адпраўкі іх на радзіму для пахавання. Так і нарадзілася на свет ідэя фабрыкі трупаў, дзе па распараджэнні нямецкіх улад трупы салдат перапрацоўваюць для атрымання мыла, тлушчу і іншых інгрэдыентаў.

Але гэта хлусня мела далёкія наступствы. У 1930-х гадах гэтую фальшыўку актыўна выкарыстоўвалі нацысты як доказ ілжывасці, вераломства і беспрынцыповасці саюзнікаў.

А калі з'явіліся самыя першыя паведамленні аб лагерах смерці і Халакосце, на Захадзе ў іх не паверылі — вырашылі, што гэта яшчэ адна прапагандысцкая «качка».