Чаму Расіі так важна захапіць Аўдзееўку?

Расійская армія разгарнула беспрэцэдэнтны па маштабе наступ на Аўдзееўку — невялікі горад за некалькі кіламетраў на поўнач ад Данецка, які застаецца пад кантролем Украіны яшчэ з 2014 года. Цяпер у раён Аўдзееўкі сцягнутыя сілы ўжо трох расійскіх армій, не лічачы іншых, больш дробных падраздзяленняў. Канцэнтрацыя войскаў там нашмат вышэйшая, чым была пад Бахмутам.

 Аўдзееўка. Фота Getty Images

 Аўдзееўка. Фота Getty Images

Жорсткасць баёў за Аўдзееўку такая, што сітуацыю там параўноўваюць з «бахмуцкай мясасечкай». Украінскі Генштаб заяўляе, што расійскія войскі нясуць велізарныя страты, гэта пацвярджаюць і ўдзельнікі падзей з абодвух бакоў, піша ВВС.

Але расійскі наступ толькі ўзмацняецца, у бой уводзяцца новыя падраздзяленні, часцяком без агнявой падтрымкі. Чаму Расіі так важны гэты населены пункт, разбіралася ВВС.

Што сабой уяўляе Аўдзееўскі ўкрэпраён?

Аўдзееўка — гэта тэрыторыя, якая засталася пад кантролем Украіны падчас баёў з расійскімі войскамі ў 2014 годзе. Яна ўкліньваецца ў расійскія абарончыя парадкі, служыць плацдармам, адцягвае на сябе буйныя сілы і пагражае лагістычным маршрутам у раёне Данецка.

УСУ выбудавалі вакол Аўдзееўкі і ў самой Аўдзееўцы магутныя бетонныя ўмацаванні і ўкрыцці, пракапалі дзясяткі кіламетраў траншэй і трымаюць там даволі буйную групоўку войскаў. Адкрытая мясцовасць вакол горада замініраваная і добра прастрэльваецца.

Усе папярэднія спробы расіян ліквідаваць гэты небяспечны выступ, якія рабіліся яшчэ да поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года, заканчваліся няўдачай.

«Такой артпадрыхтоўкі я за ўсю вайну не бачыў»

У любога ўкрэпраёна ёсць уразлівыя месцы. У выпадку з Аўдзееўкай гэта адносна расцягнутыя і менш умацаваныя ў параўнанні з франтальным выступам флангі з поўдня і поўначы. Менавіта на іх і нацэлілася расійскае камандаванне пры падрыхтоўцы цяперашняй наступальнай аперацыі. Яго планы відавочныя — ударамі з поўначы і поўдня паспрабаваць узяць у кола ўкраінскія войскі і пад пагрозай акружэння прымусіць іх адступіць.

Расійскія войскі пачалі наступ на Аўдзееўку 10 кастрычніка. Атакі на горад пайшлі адначасова з некалькіх кірункаў з масіраваным ужываннем авіяцыі, артылерыі і бронетэхнікі.

«Такой артпадрыхтоўкі я за ўсю вайну не бачыў. Ляцела ўсё: авіяцыя, “грады”, “смерчы”, “сонцапёкі”... Пра ствольную я маўчу, ПТУРы і мінамёты не разглядаю, на нулі пачалося пекла. Нават мяне аглушыла, — пісаў у тэлеграме расійскі вайсковец „Важак Z“. — Мы ціснем, на ўсіх напрамках, вельмі моцна ціснем. Паводле ўрыўкавых звестак, вынік ёсць на некаторых участках».

Наступныя некалькі дзён «Важак Z» пісаў пра цяжкія баі, поспехі і невялікае прасоўванне. На сёмы дзень інтанацыі змяніліся.

«Ну, усе, мы ўперліся. Рухацца далей не можам, адразу крыюць з усяго спрэс. Занятыя пазіцыі закідваюць касетамі, мінамі, б'юць дронамі. Па-ранейшаму праблемы з контрбатарэйнай барацьбой. Хлопцы на перадку сядзяць па шчылінах, там галавы не падняць у прамым сэнсе. “Ураганы”, “Сонцапёкі”... Дзе вы? Пакуль трымаемся на занятых, але вельмі цяжка, вельмі. Калі не будзе такой жа магутнай артпадрыхтоўкі, як у першы дзень, мы завязнем там. Я ведаю, усе чакаюць пераможных рэляцый, але карціна трошкі, блін, іншая. Без цяжкай арты не вывозім», — напісаў сведка.


 Фота Getty Images

 Фота Getty Images

Спачатку здавалася, што планы расійскага камандавання на Аўдзееўскім кірунку абмежаваныя. Зразумела, што Маскве, чые войскі з лета гэтага года па большай частцы вядуць ва Украіне абарончыя баі, хацелася б перахапіць ініцыятыву. Зразумела і тое, што актывізацыя на іншых участках магла б дазволіць расійскай арміі знізіць ціск на паўднёвым фронце, дзе сітуацыя для яе застаецца трывожнай.

Але цяпер ужо ясна, што задума расійскага Генштаба гэтым не абмяжоўваецца. РФ перакідвае пад Аўдзееўку велізарныя рэзервы, здымаючы іх з іншых перспектыўных напрамкаў, перш за ўсё з-пад Лімана і Крамянной. Прычым рабіць гэта рускія пачалі не загадзя, а ўжо пасля пачатку аперацыі, не прыцягваючы раней часу ўвагу ўкраінскай выведкі.

Паводле адкрытых крыніц, на дадзены момант у раён Аўдзееўкі сцягнутыя сілы ўжо трох расійскіх армій, не лічачы іншых, больш дробных падраздзяленняў. Канцэнтрацыя надыходзячых войскаў там нашмат вышэйшая, чым была пад Бахмутам, паказвае ўкраінскі вайсковы экспэрт Аляксандр Каваленка.

Ён нагадвае, што працягласць лініі фронту ў Бахмута была ў межах 50 км, у той час як у Аўдзееўкі — крыху больш за 20 км. Пры гэтым колькасць расійскіх войскаў у Бахмута ў розныя перыяды наступу складала ад 20 да 50 тысяч асабістага складу.

«Канцэнтрацыя сіл у Аўдзееўцы па стане на сёння — больш за 40 тысяч. Гэта значыць, груба кажучы, 2 тысячы на кіламетр фронту, — піша Каваленка. — Падчас наступу на Бахмут было задзейнічана больш за 300 танкаў. За тры тыдні наступу на Аўдзееўку было знішчана больш за 100 расійскіх танкаў».

Карта раёна Аўдзееўкі

Карта раёна Аўдзееўкі

Праблемы з забеспячэннем

Аб велізарных стратах наступаючых расійскіх войскаў пад Аўдзееўкай паведамляе як камандаванне УСУ, так і ўдзельнікі баёў з расійскага боку.

«Штурмавыя атрады Шторм-Z на Аўдзееўскім кірунку і паўднёвым флангу Бахмута (па іншых напрамках не ў курсе) літаральна за некалькі дзён актыўных дзеянняў сточваюцца практычна пад нуль. У сярэднім, узровень беззваротных страт вар'іруецца ў межах ~40-70%, а санітарныя страты, адпаведна, складаюць парадку ~60-30% асабістага складу», — піша аўтар тэлеграм-канала «Філолаг у шэрай зоне».

Прычынамі высокіх страт ён называе нізкі ўзровень падрыхтоўкі асабістага складу, адсутнасць артылерыйскай падтрымкі, з-за чаго атакі ператвараюцца ў «мясныя штурмы», пазбаўленне камандзіраў падраздзяленняў на поле бою ініцыятывы ў плане выбару варыянтаў выканання пастаўленай баявой задачы, увод штурмавых атрадаў у бой у аўральным рэжыме і цяжкасці ў эвакуацыі параненых.

Аднак нягледзячы на страты, расійскія часткі пад Аўдзееўкай працягваюць наступальныя дзеянні, хай павольна, але ім удаецца прасоўвацца. У прыватнасці, ім удалося заняць тэрыкон у коксахімічнага завода. Становішча абаронцаў становіцца ўсё больш складаным.

У адрозненне ад Бахмута, які УСУ абаранялі да канца (у выніку расійскім войскам нават не ўдалося яго цалкам захапіць), у падраздзяленняў у Аўдзееўцы горш ідуць справы з лагістыкай — участак, па якім ідзе забеспячэнне, паступова звужаецца, і маршруты забеспячэння могуць апынуцца пад агнявым кантролем.

А ў перыяд асенне-зімовай бездаражы гэты фактар можа яшчэ больш ўскладніць становішча абаронцаў.


У Аўдзееўцы амаль не засталося ацалелых будынкаў. Фота Getty Images

У Аўдзееўцы амаль не засталося ацалелых будынкаў. Фота Getty Images


Што будзе, калі расійскія войскі возьмуць Аўдзееўку?

Для Украіны магчымая страта Аўдзееўкі будзе азначаць перш за ўсё іміджавы ўдар. Хай яе тэрыторыя і нязначная ў параўнанні з тым жа Бахмутам, але Аўдзееўка ўсе гэтыя гады мела сімвалічнае значэнне, несла непасрэдную пагрозу расійскім уладам у Данецку і адцягвала на сябе буйныя сілы.

У выпадку пакідання Аўдзееўкі УСУ прыйдзецца ўзводзіць новыя ўмацаванні на ўчастку фронту паміж Тарэцкім і Мар'інкай. І вяртаць яе будзе таксама няпроста.

Расія ж, па-першае, зможа заявіць аб сімвалічнай перамозе, па-другое, даказаць дзеяздольнасць ваеннага кіраўніцтва, якое раней падвяргалася жорсткай крытыцы з многіх бакоў.

Магчыма, што ў выпадку поспеху Расіі сапраўды атрымаецца перахапіць агульную ініцыятыву на франтах, хоць вялікім мінусам для яе стане сточванне ў баях за Аўдзееўку яе баяздольных частак, аднавіць якія будзе няпроста.

Наўрад ці ўзяцце Аўдзееўкі прывядзе да стратэгічнага прарыву, ва ўсякім выпадку, найбліжэйшым часам. Там цяжка развіць поспех — хутчэй, можна будзе казаць толькі пра адсоўванне лініі фронту і зняцці прамой пагрозы Данецку.