Ачомаліся. Сайт і сацсеткі «Новага Часу» прызнаны «экстрэмісцкімі»
Улады, нарэшце, перасталі адразаць котцы хвост па кавалках. Раней нашы сацсеткі прызнавалі «экстрэмісцкімі» па адной — спачатку Telegram, потым «Аднакласнікі», нядаўна — былы Твітар (цяпер X). А цяпер, як паведамляюць праваабаронцы, прызнаны «экстрэмісцкімі» адразу «сайт і сацсеткі выдання «Новы Час».
У кампаніі з намі прызнаны «экстрэмісцкімі» сацсеткі ксяндза Вячаслава Барка (Youtube-канал, Facebook-старонка і Telegram-канал святара). Адпаведнае рашэнне прынята судом Чыгуначнага раёна Віцебска 26 снежня.
Таксама «экстрэмісцкай» прызнана ініцыятыва «Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой».
У нашу кампанію трапілі Telegram-каналы і чаты:
- Чат «Беларусы в Тбилиси»,
- «Забастовка. Школьники/Студенты/Преподаватели»,
- «СНАТ БЛАГОДІЙНИЙ ФОНД ХЕЛЕН МІНСЬКОЇ»,
- «Твои возможности»,
- «Маладая Грамада»,
- «Чечерск»;
- Старонка ў «Аднакласніках» «МИКАШЕВИЧИ И МЫ»;
- TikTok-старонкі «president.sveta», «belarus_sergej», «anti-communist», «annakanius», «lukashenko_yxadi», «honestpeopleby», «tokbelarus».
Варта зазначыць, што нас ужо даўно ўсе лічылі «экстрэмісцкімі» і вельмі здзіўляліся, калі мы казалі, што сайт яшчэ не быў уганараваны гэтым пачэсным званнем.
Цяпер улады выправілі гэты недахоп.
У сувязі з прызнаннем нашага сайта «экстрэмісцкім» нічога не зменіцца. Мы будзем працаваць па-ранейшаму. Адзначым, што ў законе няма забароны на «чытанне» экстрэмісцкіх матэрыялаў, адказнасць прадугледжана толькі за іх распаўсюджванне.
Такім чынам — будзьце больш уважлівыя да рэпостаў нашых матэрыялаў. Карыстайцеся VPN. Захоўвайце лічбавую гігіену.
І заставайцеся з намі.