«Інкамунікада» для палітвязняў: катаванні палонных за кратамі і іх сваякоў на волі

Памагатыя дыктатара робяць усё магчымае, каб стварыць невыносныя ўмовы існавання для палітвязняў і іх сваякоў. Не ведаць, ці жывы твой блізкі чалавек — гэта таксама катаванні.

Зніклыя палітвязні: Мікола Статкевіч, Вольга Маёрава, Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Максім Знак, Сяргей Ціханоўскі. Калаж «НЧ»

Зніклыя палітвязні: Мікола Статкевіч, Вольга Маёрава, Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Максім Знак, Сяргей Ціханоўскі. Калаж «НЧ»

У Беларусі шэраг палітвязняў знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі без сувязі са знешнім светам. У рэжыме «інкамунікада» ўтрымліваюць як вядомых палітвязняў, так і непублічных беларусаў і беларусак. Сваякі, адвакаты і грамадскасць доўгі час не могуць атрымаць інфармацыю пра стан і здароўе некаторых палітзняволеных. Да гэтага часу пасля лякарні так і не паказалі, у якім стане знаходзіцца ў калоніі палітык Віктар Бабарыка. За гэтыя тры гады афіцыйныя ведамствы і праўладныя тэлеграм-каналы паказалі ў турмах і шпіталях толькі каля дзесяці палітычных зняволеных. Гэта былі кадры палітвязняў з СІЗА-1, жодзінскай, гродзенскай і магілёўскай турмаў, баранавіцкага СІЗА і іншых месцаў зняволення. Іх публікавалі як афіцыйныя ведамствы — Міністэрства ўнутраных спраў, Следчы камітэт — так і прапагандысты, праўладныя тэлеграм-каналы. Найчасцей такія публікацыі з’яўляліся як «антыфэйкі» пра абвешчаныя галадоўкі палітвязняў. «Вясна» згадвае гэтыя рэдкія выпадкі, а праваабаронца Павел Сапелка каментуе, чаму важна дамагацца ў дзеючай улады, каб сваякам і грамадству паказвалі, у якім стане знаходзяцца палітвязні.

«Прыкладаем усе магчымыя намаганні, каб факты злачынстваў рэжыму былі ў свеце вядомыя»

Паводле стану на 20 лістапада 2023 года, няма звестак ад Міколы Статкевіча — 286 дзён, Максіма Знака — 284 дні, Марыі Калеснікавай — 280 дзён, Ігара Лосіка — 274 дні, Віктара Бабарыкі — 211 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 139 дзён. Вядома, што некаторых з іх адміністрацыі калоній змясцілі ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Але спіс вязняў, з якімі ў сваякоў няма аніякай сувязі, значна большы. Бо праз спагнанні палітвязняў пазбаўляюць тэлефонных званкоў, а таксама блакуюць ім ліставанне. Таму часта відэа з папраўчых установаў, якія публікуюцца прапагандыстамі як «антыфэйкі», з’яўляюцца адзінай крыніцай для сваякоў, каб пабачыць свайго блізкага. 

Праваабаронцы перакананыя ў тым, што ўтрыманне палітвязняў без сувязі са знешнім светам стварае спрыяльную глебу для любых злоўжыванняў уладай, у тым ліку катаванняў і забароненага абыходжання. Між тым Камітэт супраць катаванняў ААН адзначыў, што кожная дзяржава-ўдзельніца Канвенцыі супраць катаванняў абавязана прымаць дзеянні, якія ўмацоўваюць забарону катаванняў з дапамогай заканадаўчых, адміністрацыйных, судовых або іншых мер, якія ў рэшце рэшт павінны быць эфектыўнымі з пункту гледжання іх папярэджання, нагадвае праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка:

«Дзяржавы-ўдзельніцы абавязаны ліквідаваць любыя юрыдычныя ці іншыя перашкоды, якія замінаюць выкараненню катаванняў і жорсткага абыходжання, а таксама прымаць пазітыўныя эфектыўныя меры ў мэтах забеспячэння таго, каб рашуча спыняць такія акты і іх паўтарэнне. Да такіх мер можна аднесці надзяленне грамадскасці сродкамі і правамі ажыццяўляць назіранне і, у выпадку неабходнасці, аспрэчваць як дзеянні, так і бяздзейнасць дзяржавы, што ўяўляюць сабой парушэнне Канвенцыі. Таксама важную ролю адыгрывае магчымасць рэгулярных зносінаў зняволеных і членаў іх сем'яў. Гэта тым больш важна ў адсутнасць бесстаронніх судовых і іншых дзяржаўных механізмаў для інспектавання і наведвання месцаў утрымання пад вартай і месцаў пазбаўлення волі і забеспячэння доступу асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, асоб, якія рызыкуюць падвергнуцца катаванням або жорсткаму абыходжанню, да судовых і іншых сродкаў прававой абароны, якія гарантуюць своечасовы і бесстаронні разгляд іх скаргаў.

Глядзіце таксама

Усё выкладзенае выцякае з абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека. Міжнародныя арганізацыі павінны аказваць ціск на ўлады, заклікаючы іх да захавання міжнародна прызнаных правоў і свабод. Гэта факт, што ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій мы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, не можам дамагацца гэтага ад дзяржавы самастойна, у рамках унутранай палітыкі, з выкарыстаннем уласных магчымасцей: іх, такіх магчымасцей, цяпер проста няма. Аднак мы па-ранейшаму прыкладаем усе магчымыя намаганні, каб факты злачынстваў рэжыму і сур'ёзных парушэнняў ім правоў чалавека былі ў свеце вядомыя і каб у сувязі з гэтым рабіліся знешнепалітычныя меры ў дачыненні да Беларусі як дзяржавы-парушальніцы і ў дачыненні да канкрэтных вінаватых».

Выпадкаў, калі афіцыйныя ведамствы, прапагандысты і сілавікі паказвалі грамадству палітвязняў, няшмат, і ўсе яны здараліся пасля грамадскіх рэзанансаў у незалежных СМІ.

Сяргей Ціханоўскі і відэа з жодзінскай турмы

4 ліпеня 2023 года Святлана Ціханоўская атрымала ад невядомага чалавека паведамленне пра тое, што нібыта яе муж памёр у турме. Ціханоўская паведаміла, што не мае аніякіх звестак пра свайго мужа ад 9 сакавіка. 

Але ў хуткім часе прапагандысты ў тэлеграм-канале «ЖС Premium» апублікавалі відэа, датаванае 5 лютага 2023-га года, з Сяргеем Ціханоўскім з жодзінскай турмы — з абразлівым допісам. У чалавеку на відэа даволі цяжка пазнаць Сяргея Ціханоўскага, але яго жонка, убачыўшы відэа, пазнала яго.

Святлана Ціханоўская тады адрэагавала так:

«Сэрца радуецца бачыць Сяргея. Жывым. І моцным. 

Калі паказалі яго, то наступнымі пакажыце Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Паўла Севярынца, Ігара Лосіка, Вольгу Маёраву і ўсіх, з кім цяпер няма сувязі. І дапусціце адвакатаў да ўсіх палітвязняў».

Раней Ціханоўскага паказвалі 28 красавіка 2021 года на праўладным тэлебачанні АНТ у прапагандысцкім фільме «Убить Лукашенко». У ім былі прадэманстраваныя кадры размовы палітвязня і яго адвакаткі Наталлі Мацкевіч у СІЗА на Валадарскага. Гэтае відэа выклікала вялікае абурэнне ў самой адвакаткі і грамадства, паколькі парушае адвакацкую таямніцу.

Глядзіце таксама

Нагадаем, блогер Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня 2020 года на перадвыбарчым пікеце ў Гродне пасля правакацыі. Гэты дзень стаў пачаткам масавых перадвыбарчых рэпрэсій 2020-га. Ціханоўскі быў асуджаны закрытым судом на 18 гадоў пазбаўлення волі. Потым яго перавялі на турэмны рэжым і прызначылі яшчэ 1,5 года пазбаўлення волі.

Мікалай Аўтуховіч і відэа з гродзенскай турмы

Падчас суду 11 ліпеня 2022 года палітвязень абвясціў сухую галадоўку праз тое, што яму перадавалі лісты толькі ад маці, а не выдавалі газеты. Аўтуховіч трымаў сухую галадоўку ажно 23 дні. За гэты час ён схуднеў на 20 кілаграмаў, моцна асунуўся і не мог самастойна перасоўвацца. 1 жніўня вязень спыніў галадоўку і папіў гарбаты. Праз тры дні тэлеграм-канал «ЖС Premium» апублікаваў відэа, у якім сцвярджаецца, што Мікалай піў сок падчас галадоўкі. Відэа датавана 28 ліпеня.

У кадры бачна траіх мужчын у маленькай камеры гродзенскай турмы. Адзін з іх, паводле сцвярджэння канала, ставіць кубак з сокам на адкідное акенца «кармушкі» — яго не відаць на запісе, верагодна, яно трапляе ў «сляпую зону» камеры. Пасля чаго Аўтуховіч нібыта падыходіць і незаўважна п’е сок, вяртаецца на ложак, а сукамернік мые кубак.  

Уладзімір Гундар і відэа з баранавіцкага СІЗА

Баранавіцкі актывіст і краязнаўца, якога ўжо тройчы асудзілі паводле трох крымінальных спраў, неаднаразова абвяшчаў галадоўкі ў зняволенні. Першы раз гэта адбылося пасля першага прысуду, калі Гундара змясцілі ў карцар. 30 чэрвеня 2021 года пра галадоўку паведаміла дачка палітвязня: 

«Адвакатка змагла трапіць да яго на спатканне. Высветлілася, што тату з 25.06 адправілі ў карцар на 10 дзён за адмову прамаўляць фразу "схільны да экстрэмізму"... і г. д. па гэтай стандартнай фармулёўцы. У карцары тата абвясціў галадоўку, у яго павышаны ціск, 160 на сённяшні дзень. 

Як мы зразумелі, што, хутчэй за ўсё, неабходныя яму лекі не прадастаўляюцца (а яму патрэбныя на пастаяннай аснове таблеткі ад ціску і яшчэ ад яго захворвання). Без гэтых таблетак у яго зноў можа здарыцца гіпертанічны крыз, які ён ужо перанёс у СІЗА КДБ, а таксама ёсць пагроза пазбавіцца другой нагі».

Глядзіце таксама

Ужо 2 ліпеня 2021-га Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала відэа з подпісам, што інфармацыя пра галадоўку Уладзіміра не адпавядае рэчаіснасці. На відэа бачна, што актывіст прымае ежу, але даты на відэа няма, таму дакладна невядома, калі яно было зроблена.

Марыя Калеснікава і фота з медчасткі калоніі

Палітзняволеную Марыю Калеснікаву 28 лістапада 2022 года шпіталізавалі са штрафнога ізалятара гомельскай калоніі № 4 у бальніцу. У яе дыягнаставалі прабадную язву. Марыю адразу прааперавалі. 1 снежня 2022 года яе перавялі з рэанімацыі ў хірургічнае аддзяленне. У хуткім часе яе вярнулі ў калонію ў медыцынскую частку.

Там ёй прадаставілі спатканне з бацькам, якое доўжылася каля 10 хвілін у прысутнасці лекара і супрацоўнікаў калоніі. 5 снежня 2022 года праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі фота Марыі Калеснікавай на сустрэчы з бацькам. Першапачаткова прапагандысцкі тэлеграм-канал «ЖС Premium» апублікаваў фота Марыі Калеснікавай з размытым тварам, але пазней абнавілі фотаздымак. Бачна, што Марыя Калеснікава ўсміхаецца. З таго часу ад яе больш навінаў няма.

Мікіта Емяльянаў і відэа з магілёўскай турмы

На пачатку лютага 2022 года палітвязень, знаходзячыся ў ШІЗА, абвясціў сухую галадоўку на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі магілёўскай турмы № 4: яны не прымалі заявы і скаргі ад Мікіты. Сухая галадоўка цягнулася 10 дзён, а потым Мікіта праз дрэннае самаадчуванне пачаў піць толькі ваду. 

Родным Мікіты ў адказ на іх скаргі адміністрацыя турмы ў пісьмовай форме прапанавала паведаміць сыну пра неабходнасць спынення галадоўкі з мэтай захавання здароўя. У лісце было пазначана, што на 23 лютага Мікіта ўсё яшчэ трымаў галадоўку. Пасля гэтага кіраўніцтвам турмы быў дасланы ліст, дзе было ўказана, што першы адказ на зварот — памылковы. Затым быў дасланы другі адказ, у якім ужо адзначалася, што Мікіта спыніў галадоўку і на 25 лютага яго стан характарызаваўся як «задавальняючы».

24 лютага 2022 года тэлеграм-канал «#знайанархиставлицо», набліжаны да сілавікоў, апублікаваў відэа з магілёўскай турмы № 4, на якім бачна, што Мікіта пачаў прымаць ежу. Відэа датанавана 23 лютага. 

Уладзімір Мацкевіч і відэа з «Валадаркі»

Увечары 3 лютага 2022 года палітзняволены філосаф Уладзімір Мацкевіч у мінскім СІЗА № 1 пачаў галадоўку, патрабуючы змены меры стрымання на не звязаную са зняволеннем, завяршэння следства па справе і прызначэння даты суду. 15 лютага Мацкевіч перайшоў да сухой галадоўкі. Галадоўка філосафа выклікала вялікі грамадскі рэзананс. 16 лютага праз рэзкае пагаршэнне здароўя і сустрэчу са следчым палітвязень спыніў галадоўку.

Глядзіце таксама

Днём 17 лютага прапагандыст  Рыгор Азаронак апублікаваў у сваім тэлеграм-канале відэа з падобным да Мацкевіча чалавекам, які прымае ежу ў камеры СІЗА. Датай здымкі пазначана 19-я гадзіна 16 лютага. Крыху пазней праўладны тэлеграм-канал «Harakiri» апублікаваў фотаздымак заявы начальніку СІЗА №1 аб спыненні галадоўкі, падпісанай імем Мацкевіча. 

Вольга Такарчук і відэа са спіны ў карцары

9 чэрвеня 2021 года стала вядома, што палітзняволеная блогерка Вольга Такарчук у карцары жодзінскай турмы абвясціла галадоўку.

«Яна абвясціла галадоўку праз надуманую падставу для змяшчэння яе ў карцар. Тэрмін 7 сутак, з 7 па 14 чэрвеня. Воля ў цэлым адчувае сябе нядрэнна, але карцар ёсць карцар. З ёй працуе псіхолаг», — сказаў тады яе бацька.

На наступны дзень МУС апублікавала відэа, якое нібыта абвяргала тое, што зняволеная блогерка Вольга Такарчук трымае галадоўку. Але многія паставілі пад сумнеў тое, што на відэа сапраўды Вольга, бо на відэа не было даты і часу, а таксама жанчына на відэа ўвесь час сядзела спінай да відэакамеры. Немагчыма зразумець, ці сапраўды гэта была Вольга Такарчук.

Алег Рубец і відэа з баранавіцкага СІЗА

З 4 па 9 лютага 2021 года палітзняволены па «пінскай справе»Алег Рубец трымаў галадоўку ў баранавіцкім СІЗА № 6. Потым яго змясцілі ў карцар. Праз два дні Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала абвяржэнне таго, што палітзняволены з Пінска трымае галадоўку, і заявілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. На відэа без даты і часу бачна, як Алег у карцары прымае ежу. 

Сваякі Алега тады так пракаментавалі гэтае відэа:

«Пра галадоўку сына даведалася наўпрост ад адвакаткі ў аўторак, 9 лютага. У той дзень яна наведвала Алега. Галадоўка доўжылася да карцара пяць дзён, з 4 лютага па 9 лютага. Пасля яго змясцілі ў карцар, і там галадаць ён перастаў. Відэа МУС, хутчэй за ўсё, ужо з карцара. Так што інфармацыя пра галадоўку не фэйк».

Вітольд Ашурак і апошняе відэа

21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі № 17 пры нявысветленых абставінах памёр палітзняволены актывіст Вітольд Ашурак. 25 траўня Следчы камітэт апублікаваў змантаванае відэа з камер назірання ў ШІЗА, дзе ўтрымліваўся палітвязень. Цяпер відэа па спасылцы, размешчанай у тэлеграм-канале СК, недасяжнае.

Глядзіце таксама

Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў крымінальную справу. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, але ўжо маецца каля дзясятка сведчанняў былых вязняў ПК № 17 пра ціск і жорсткія ўмовы ўтрымання Вітольда, а таксама катаванні ў гэтай калоніі. 

Адпаведных відэа няма з Алесем Пушкіным і Міколам Клімовічам, якія сёлета памерлі ў месцах зняволення.