Уладзіміру Мацкевічу ў турме стала блага
Уладзіміру Мацкевічу, які 13-ы дзень трымае галадоўку ў турме, стала блага. Яму выклікалі доктара.
Стан Уладзіміра Мацкевіча пагаршаецца, паведамляюць яго паплечнікі.
Знізіўся ціск, нямеюць рукі і ногі, вельмі вялікая стомленасць.
Сястра Уладзіміра Мацкевіча сустрэлася сёння з медыкамі з ДВП МУС, якія сказалі ёй аб тым, што, паводле іх ацэнак, стан Уладзіміра здавальняючы і яны трымаюць сітуацыю пад кантролем.
Аднак родныя і калегі Мацкевіча выказваюць сумневы ў тым, што ў выпадку рэзкага пагаршэння здароўя, верагоднасць чаго вельмі высокая, медыцынская дапамога ў пенітэнцыярных структурах можа быць своечасовай і адэкватнай.
Яны падкрэсліваюць, што ў сітуацыі сухой галадоўкі пагроза жыцця нарастае з кожнай гадзінай.У той жа час ніякіх дзеянняў і рашэнняў, якія рэагуюць на выстаўленыя патрабаванні, зроблена не было.
Следчыя органы ігнаруюць сітуацыю, нягледзячы на тое, што атрымліваюць шматлікія звароты ад грамадзян, беларускіх і міжнародных арганізацый і інстытуцый з патрабаваннямі і просьбамі аб вырашэнні сітуацыі.Па-ранейшаму да Уладзіміра Мацкевіча не можа трапіць пастар.Выкананне патрабаванняў, вылучаных Уладзімірам Мацкевічам, знаходзіцца цалкам у кампетэнцыі Следчага камітэта і Пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
Пазней стала вядома, што да філосафа ў турму быў выкліканы лекар, паставілі Мацкевічу кропельніцу і ўкалолі вітаміны. Цяпер яму лепей.