Еўрапейскія краіны заклікалі вызваліць Мацкевіча

Дыпламатычныя прадстаўніцтвы еўрапейскіх краін у Беларусі заклікаюць беларускія ўлады вызваліць Уладзіміра Мацкевіча.

239398323_104778998595854_2550805438035031907_n.jpg


«Філосаф і грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч галадае ў знак пратэсту супраць незаконнага затрымання па абвінавачванні ў “падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Асноўныя свабоды павінны быць забяспечаны. Вызваліце Уладзіміра!» — цытуе REFORM.by сумесную заяву.

Прадстаўніцтвы еўрапейскіх краін нагадваюць, што ў Беларусі 1061 чалавек прызнаны палітвязнем і заклікаюць вызваліць усіх, хто быў несправядліва пазбаўлены волі. «Гісторыя кожнага зняволенага — красамоўнае сведчанне крызіснай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі» — гаворыцца ў заяве.

Дакумент падпісалі амбасады Польшчы, Швецыі, Швейцарыі, ЗША, Літвы, Латвіі, Германіі, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі, Італіі, Францыі ды іншыя дыппрадстаўніцтвы.

Нагадаем, Уладзімір Мацкевіч галадае ў СІЗА 13-ты дзень. З вечара 15 лютага ён адмовіўся прымаць ваду і перайшоў да сухой галадоўкі. Філосаф патрабуе змяніць яму меру стрымання, завяршыць следчыя дзеянні і перадаць справу ў суд, прызначыць дату судовага разбору. Мацкевіча затрымалі ў жніўні 2021 года. Яму прад'яўленыя абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.