Справу журналіста Алега Груздзіловіча перадалі ў суд

Дата пачатку крымінальнага працэсу пакуль невядомая. Справу завялі за асвятленне Груздзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як пазаштатны карэспандэнт «Народнай Волі».

08810000_0a00_0242_2030_08d9d43d4580_w1023_r1_s.webp


Жонка палітвязня Мар’яна Груздзіловіч расказала, што ёй стала вядома пра завяршэнне следства і перадачу пракурорам справы яе мужа Алега Груздзіловіча ў суд Савецкага раёна Мінска. Дата разгляду пакуль невядомая.

31 студзеня Мар'яна мела спатканне з Алегам, якое доўжылася адну гадзіну, размова адбывалася ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску, у пакоі для спатканняў, праз шкло з выкарыстаннем тэлефонных апаратаў.

Нагадаем, 16 ліпеня 2021 года сілавікі прыбылі ў мінскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камеры відэаназірання на паверсе і выламалі трое дзвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама з ператрусам прыйшлі да Алега Груздзіловіча, які пазалетась быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачанняў тады не выставілі.

Алега Груздзіловіча затрымалі паўторна 23 снежня і замянілі яму меру стрымання з абавязання яўкі на ўтрыманне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Мінска на вуліцы Валадарскага. 28 снежня прайшоў першы допыт Груздзіловіча. Следчыя выставілі яму абвінавачанне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Фактычна справа заведзеная за асвятленне Алегам Груздзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як пазаштатны карэспандэнт «Народнай Волі», меў рэдакцыйнае заданне.