Не да Колі. Лукашэнка працягвае заціскаць гайкі, бо яго лёс не вызначаны

Беларускі дыктатар адчувае свой хуткі палітычны фінал, але стратэгіі далейшай будучыні ў яго няма.

Ілюстрацыйная выява. Фота «Камерсант»

Ілюстрацыйная выява. Фота «Камерсант»

Праз тры гады пасля выбараў Лукашэнка не спыняе рэпрэсій. Арышты, аблавы, хапуны — усё гэта працягваецца ў Беларусі, хай і ў больш сцішаным варыянце, чым у 2020-м. Зачышчаны грамадскі сектар, выгнаныя за мяжу незалежныя медыя, ліквідаваныя палітычныя партыі, якія спрабавалі дэклараваць нешта альтэрнатыўнае.

Палітычныя і грамадскія лідары — альбо за мяжой, альбо за кратамі. Любая некантраляваная публічная дзейнасць у Беларусі негалосна забароненая — дабраліся ўжо нават да бяскрыўдных інфлюенсераў кшталту Ганны Бонд. У сістэме МУС ствараюцца ўсё новыя ўзброеныя спецпадраздзяленні для абароны «канстытуцыйнага ладу» (эўфемізм для абазначэння ўлады Лукашэнкі).

Паўстае пытанне: дык чаго баіцца рэжым? Ужо ж усіх перасаджаў-павыганяў — навошта далей заціскаць гайкі? Нават ва ўнутраных размовах, якія былі зліітыя ў медыя, адыёзны Карпянкоў кажа, што 350 тысяч пратэстоўцаў з’ехалі з краіны. То хто застаўся, каго яны так баяцца? Сумнеўных «спячых ячэек»?

Відавочна, не. Лукашэнка баіцца іншага.

Упершыню за амаль 30 гадоў кіравання дыктатар не ўпэўнены ў заўтрашнім дні. Раней усё было зразумела. Выйграць выбары ў 1994-м. Разбурыць кволыя дэмакратычныя інстытуты і атрымаць абсалютную ўладу. Праз кантраляваны рэферэндум адмяніць абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Комба: цяпер кіруй да Альцгеймера, пакуль можаш перасоўвацца на ўласных нагах. Ну а потым можна і пераемніка сабе надзейнага прыдумаць.

Так было да 2020-га, а потым сцэнарый зламаўся.

Чарговы раз намаляваўшы рукамі Ярмошынай «элегантную перамогу», Лукашэнка сутыкнуўся з надзвычай масавымі і працяглымі пратэстамі, за здушэнне якіх давялося заплаціць вельмі дорага — санкцыямі, статусам ізгоя, вайной ва Украіне і каласальнай залежнасцю ад Крамля.

Менавіта гэтая залежнасць цяпер і непакоіць беларускага аўтакрата.

Адным з наступстваў 2020 года стаў рэферэндум у лютым 2022-га. Лічыцца, што яго ініцыявала Масква, і гэта вельмі падобна на праўду. Найперш таму, што самому Лукашэнку той плебісцыт быў наогул непатрэбны. Навошта ўносіць папраўкі ў Канстытуцыю і ўскладняць сістэму ўлады, калі і так усё добра працуе? Але, мабыць, у Расіі цыкнулі — і сатэліт у Мінску шчоўкнуў абцасамі.

Што ў выніку прынёс рэферэндум. Датычна сістэмы кіравання ёсць некалькі важных змен.

Па-першае, паводле абноўленага Асноўнага закону, прэзідэнтам зноў можна быць толькі два разы па пяць гадоў. Тое, што Лукашэнка знішчыў дзеля неабмежаванага ўласнага кіравання, ён вярнуў. Атрымліваецца, што на чале вертыкалі ўлады «прэзідэнтанароджаны» нават тэарэтычна не зможа застацца пасля 2035 году — гэта ў выпадку, калі ўсе папярэднія тэрміны «абнуляюцца». Час ляціць хутка, і набліжэнне дэдлайну не можа не турбаваць «вечнага» кіраўніка.

Па-другое, для пасады прэзідэнта паднялі ўзроставы цэнз. Раней кандыдат павінен быў быць не маладзейшы за 35 гадоў — цяпер не маладзейшы за 40. Здавалася б, дробязь, але не — ад гэтага пункта можна лічыць, што малодшы сын Мікалай пераемнікам свайго бацькі не будзе. Бо гэта ж трэба чакаць да 2045 года — старэйшаму на той момант пераваліць за 90.

Але галоўнае ў тым, што ні першае, ні другое асабіста Лукашэнку не пасавала. Ну чаму б таму ж Колю не пакінуць магчымасць балатавацца як мага раней? Сёння ён, можа, не хоча, а заўтра раптам жаданне з’явіцца? Перадавай яму ўладу, як у Туркменістане, ды сядзі ў Драздах, вырошчвай кавуны.

Не, прыйдзецца ўсё ж перадаваць паўнамоцтвы некаму чужому. Бо іншыя сыны да такой ролі не гатовыя. Інакш не сядзелі б сёння на нейкіх другарадных пасадах, а памалу б уздымаліся па службовай лесвіцы. Няма ў іх ні імпэту, ні амбіцый, ні харызмы, ні нават умення добра гаварыць.

Так, аказаўшыся перад неабходнасцю перакройваць сістэму кіравання, Лукашэнка паклапаціўся аб тым, каб не страціць рэальныя рычагі ўлады. Ён падрыхтаваў сабе цёплае месца на чале так званага Усебеларускага народнага сходу. Пры гэтым УНС перададзеная частка важных прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, сход нават можа абвяшчаць кіраўніку дзяржавы імпічмент.

Тым не менш Лукашэнку непакоіць перспектыва расстання з пасадай, за якую ён трымаецца ссінелымі пальцамі. На павелічэнне трывожнасці тут працуе і прыклад Казахстана, дзе развянчалі «бацьку нацыі» Назарбаева, і праектная няўстойлівасць такой канфігурацыі ўлады.

Усё ж такі прэзідэнт так ці інакш будзе з’яўляцца пунктам сілы. Яго роля ключавая пры фарміраванні ўраду, у тым ліку яго сілавога складніка. Каго туды ні пасадзі — нават знешне звышлаяльную Качанаву — ці мала што яна там прыдумае. Выглядае, што менавіта з уладальнікам гэтых паўнамоцтваў будзе, напрыклад, камунікаваць Крэмль. І што яны там будуць абмяркоўваць за зачыненымі дзвярыма, хто ведае. Лукашэнка ў гэтым сэнсе вельмі недаверлівы, таму і няма яму спакою.

Тут варта сказаць пра тое, што і так не з’яўляецца вялікім сакрэтам. Расію, колькі б ён ні хваліў «старэйшага брата», Лукашэнка баіцца нашмат болей, чым калектыўнага Захаду. Бо Захад умее толькі выказваць «глыбокую заклапочанасць» і кіруецца міжнародным правам, тады як Маскве пляваць і на законы, і на чужыя інтарэсы з тэрытарыяльнымі межамі. І яна да таго ж валодае ўсімі рычагамі, каб у выпадку чаго пазбавіць улады шматгадовага беларускага хаўрусніка. І гэта будзе выглядаць тым верагодней, чым больш пасябруе з Крамлём новы прэзідэнт.

Тут ужо і УНС на імпічмент не вырашыцца, таму што ў Расіі могуць так нахмурыцца, што мала не падасца. Дый сам сход — орган калегіяльны, якому належыць галасаваць, і невядома, колькі «крамлёўскіх агентаў» туды праточыцца.

Менавіта з гэтай сукупнасці прычын Лукашэнка цяпер так шчыруе на ўнутраным палітычным полі. У парламент — толькі стоадсоткавыя лаялісты з кішэнных партый, кожнага праверыць з усіх бакоў. Ва УНС — тое ж самае, каб толькі не пусціць у гэты хурал якога траянскага каня. І паралельна — рэпрэсіі, рэпрэсіі… Каб канчаткова загнаць усіх «бэчэбэшнікаў» пад плінтус, а стабільнасць каб блішчэла як кірзавы бот.

У гэтай рэальнасці, дарэчы, можна чакаць рэпрэсій і датычна лаялістаў. Адна справа, калі нехта мае празаходнія погляды — з такімі рэпрэсіўная машына навучылася распраўляцца. А калі хтосьці пачне падыгрываць Маскве? Гэта яшчэ больш небяспечна, таму што Крэмль добра ўмее будаваць сеткі ўплыву і ўмешвацца ў чужую ўнутраную палітыку.

Карацей, Лукашэнку зараз нясоладка, і тут інтуіцыя яго не падманвае. Магчыма, таму і робіць адчайныя рэверансы ў бок Захаду, каб знайсці там хоць нейкую падтрымку і абарону. Будзе вельмі сімвалічна, калі яго палітычную кар’еру скончыць Расія, дзякуючы якой ён столькі гадоў застаецца ва ўладзе і якая цяпер у стане зрабіць з ім усё, што захоча.