Хронікі рэпрэсій за 20 лістапада

«Хапун» студэнтаў у Гомельскім медыцынскім універсітэце; пераслед сваякоў «каліноўцаў»; непаўнагадовыя палітвязні за кратамі — такія навіны сённяшняга дня знутры Беларусі.

hroniki_represij2_logo.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1103 дні, Дзяніс — 983.

***

20 лістапада адзначаецца Сусветны дзень дзіцяці, прысвечаны прыняццю Дэкларацыі правоў дзіцяці і Канвенцыі правоў дзіцяці. З пачатку пратэстаў у Беларусі тысячы дзяцей адчулі на сабе рэпрэсіі праз затрыманне і крымінальны пераслед бацькоў, а дзясяткі апынуліся за кратамі. А некаторых непаўнагадовых нават збівалі і катавалі.

Як паведамляе «Вясна», паводле стану на 20 лістапада, у краіне налічваецца 11 палітзняволеных падлеткаў, якія сустрэлі 18-годдзе за кратамі: 

  • Мікіта Залатароў
  • Сяргей Гацкевіч
  • Эдуард Кудынюк
  • Максім Імхавік
  • Іван Пацяйчук
  • Дзяніс Хазей
  • Аляксандр Вінярскі
  • Павел Піскун
  • Алег Дабрыднеў
  • Арцём Вайцяховіч
  • Мікіта Бруй

Усе яны былі непаўнагадовымі на момант затрымання, а потым асуджаныя да пазбаўлення волі.

***

У Лідзе людзей, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, сталі прыцягваць да работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі мясцовай бальніцы, піша «Медыязона» са спасылкай на дзяржаўнае выданне «СБ. Беларусь сёння».

Людзям, якія адбываюць арышт, даюць «нескладаныя заданні»: прыбраць лісце, пагрузіць рыззё, пракапаць траншэю, расчысціць памяшканні. Як піша «СБ», адмовіцца ад пастаўленых задач арыштаваныя не могуць. За працу ім плацяць, аднак колькі менавіта — не ўдакладняецца.

Ініцыятарам увядзення такой практыкі стаў намеснік галоўнага ўрача па гаспадарчай працы інжынерна-тэхнічнага і гаспадарча-абслуговага персаналу Лідскай ЦРБ Аляксандр Ванюкевіч. Ён, як піша выданне, больш за 20 гадоў служыў у сілавых структурах.

Штодня да работ прыцягваюць ад 10 да 20 чалавек. Сярод тых, хто працуе на тэрыторыі бальніцы, ёсць і тыя, хто адбывае арышт за «распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў».

***

У Беларусі знаходзіцца дэлегацыя з Зімбабвэ. Яе прадстаўнікі хочуць дамовіцца аб куплі тавараў, якія робяць беларускія зняволеныя, паведамляе «Белсат» са спасылкай на прэс-службу МУС.

На чале дэлегацыі — міністар унутраных спраў і культурнай спадчыны Зімбабвэ Каземба Каземба. Ён наведаў спецпадраздзяленне «Алмаз», дзе яго сустракаў міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў.

«Асаблівую ўвагу гасцей прыцягнула прадукцыя, якая вырабляецца прадпрыемствамі Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Магчымасць яе набыцця — адна з мэт візіту дэлегацыі ў Беларусь. Іншая — навучанне ў міліцэйскіх ведамасных ВНУ зімбабвійскіх супрацоўнікаў», — адзначае прэс-служба МУС.

***

ГУБАЗіК працягвае пераслед сваякоў «каліноўцаў», піша «Вясна». Сілавікі прымусілі бацьку прадстаўніка палка Каліноўскага Паўла Кухты запісаць зварот да сына з просьбай вярнуцца ў Беларусь і «адсядзець столькі, колькі трэба». Адпаведнае відэа з'явілася ў праўладным тг-канале 20 лістапада. 

***

Жонка грамадскага дзеяча Паўла Вінаградава падзялілася вестачкай ад мужа, які асуджаны на 5 гадоў няволі па трох артыкулах, уключаючы «паклёп на Лукашэнку», паведамляе «Салідарнасць».

Палітзняволены блогер піша: «Апошнія амаль шэсць месяцаў з сямі правёў у ШІЗА з дробнымі перапынкамі. Цяпер атрымаў два месяцы ПКТ [памяшканне камернага тыпу]. Свядомасць ясная, малады, прыгожы, разумны — гэта мне павукі ў ШІЗА нашапталі. Гэта — строгі рэжым, тут не смажаць бульбу, тут смажаць людзей».

***

Віцебская абласная грамадская назіральная камісія пры ўпраўленні юстыцыі Віцебскага аблвыканкама наведала ПК-13 у Глыбокім, дзе ўтрымліваюцца палітык Мікалай Статкевіч і «рэйкавы партызан» Мікалай Мельнік, піша «Медыязона».

Падчас візіту камісія правяла анкетаванне асуджаных па форме, устаноўленай Мінюстам. Скаргаў ад асуджаных камісія не атрымала, парушэнняў ва ўмовах утрымання не выявіла. Як пішуць праваабаронцы, сябры камісіі са Статкевічам і Мельнікам не размаўлялі.

Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, асуджанага на 14 гадоў калоніі па абвінавачанні ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» (арт.293 Крымінальнага кодэкса), не атрымлівае ад яго лістоў. У кастрычніку яна пісала ў Фэйсбуку, што нічога не ведае пра лёс мужа ўжо больш за 200 дзён. Адваката да Статкевіча не пускалі.

Раней палітыка неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар.

***

Палітвязня Аляксандра Францкевіча змясцілі ў ПКТ. Ён чакае пераводу ў іншую калонію, паведамляюць праваабаронцы. Аляксандр — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяння», асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адбываць тэрмін палітвязня накіравалі ў сярэдзіне сакавіка ў Івацэвіцкую калонію № 5. Нядаўна стала вядома, што гэтую калонію закрываюць — замест яе плануюць адкрыць лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП). Таму цяпер палітвязень чакае пераводу ў іншую ўстанову.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з верасня Аляксандра змясцілі ў ПКТ на паўгода. Акрамя гэтага, агулам палітвязня ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары 160 сутак.

***

«Гомельская Вясна» паведамляе пра затрыманні ў Гомельскім медыцынскім універсітэце. Сярод затрыманых — пяцёра студэнтаў. Паводле абвінавачання, Мікалай Вакульчык, адміністратар інтэрнет-супольнасці, захоўваў у ёй «экстрэмісцкія матэрыялы», а Мікалай Лін размясціў у супольнасці ў «ВКонтакте» артыкул, праз які можна было перайсці на канал з «экстрэмісцкімі матэрыяламі». За гэта іх арыштавалі на 15 сутак. Справы разглядаў суддзя Сяргей Кармановіч.

Максім Качайла быў аштрафаваны за размяшчэнне на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы лагатыпа, уключанага ў «экстрэмісцкі» спіс, па якім можна было перайсці на канал з «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Тое самае зрабіў Кірыл Лукашэвіч у суполцы «ВКонтакте». Іх аштрафавалі на суму 20 базавых велічынь — 740 рублёў (суддзя Таццяна Волкава).

Яшчэ адна затрыманая — Марына Цюшкевіч. Яна, паводле абвінавачання, перасылала ў месенджары паведамленні з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў. За гэта яе аштрафавалі на суму 10 базавых велічынь — 370 рублёў. Справу разглядаў суддзя Андрэй Сусла.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 280 дзён, Максіма Знака — 284 дні, Мікалая Статкевіча — 286 дзён, Ігара Лосіка — 274 дні, Сяргея Ціханоўскага — 139 дзён, Віктара Бабарыкі — 211 дзён, Уладзіміра Гундара — 108 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1444 палітвязні. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1661 чалавек. Сярод іх — 178 жанчын і 7 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.