Турэмны канвеер — спосаб трымаць у закладніках тых, хто патрэбны

Калі ў Беларусі трапіць за краты, адтуль можна не выйсці: улады могуць бясконца выкарыстоўваць 411-ты артыкул Крымінальнага кодэкса, каб трымаць за кратамі палітвязняў.

Трапіш за краты — і можна ўжо не выйсці...

Трапіш за краты — і можна ўжо не выйсці...

Для многіх беларускіх палітвязняў тэрмін, які яны адбываюць проста цяпер, можа стаць літаральна бестэрміновым пакараннем. Сілавікі ўсё часцей выкарыстоўваюць артыкул «Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы». Паводле яго любога зняволенага можна паўторна асудзіць яшчэ некалькі разоў. Аналагічна з палітвязнямі ў апошнія месяцы паводзяць сябе і ўлады ў Расіі, піша тэлеканал «Настоящее время».

Яшчэ ў ліпені 2023 года пасля паўтара года зняволення на волю павінен быў выйсці актывіст Зміцер Дашкевіч, але замест гэтага з калоніі № 14 пад Барысавам яго этапавалі турму № 8 у Жодзіна.

«Мой муж, бацька чатырох маленькіх дзетак, атрымаў год строгага рэжыму. У рэальнасці, вядома, не гэта стала падставай і прычынай. Але ў паперы паклалі: не выйшаў на шпацыр, адзін раз з кімсьці паразмаўляў, ляжаў на падлозе ізалятара пасля начной барацьбы з холадам. За гэта мой муж атрымаў год строгага рэжыму», — напісала ў сацсетках жонка палітвязня Наста Дашкевіч.


Глядзіце таксама

У жніўні 2023 года не выйшла на волю і брэсцкая актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк, якая знаходзіцца за кратамі са студзеня 2021 года. У зняволенні, паводле слоў яе мужа, жанчыну пазбаўляюць перадач, медыкаментаў, сустрэч з роднымі і рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА. Пасля чарговага суду актывістцы ўсё-ткі дазволілі сустрэцца з маці.

«Гадасці супраць Паліны працягваюцца: Палініна маці хацела разам са спатканнем перадаць ёй свежыя прадукты, але іх проста не прынялі. Як выявілася, зноў у яе вычарпаны ліміт на вагу перадач — гэта 30 кілаграмаў на месяц. Ну і нейкі "добразычлівец" занёс ёй трыццаць кілаграмаў яблыкаў у першы дзень знаходжання ў СІЗА. Такім чынам, няма магчымасці перадаць ёй якія-небудзь іншыя прадукты», — расказвае муж Паліны Андрэй Шарэнда.

411-ты артыкул, гэта значыць «Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы», сілавікі сталі актыўна выкарыстоўваць пасля пратэстаў 2020 года, калі ў турмах і калоніях апынуліся тысячы беларусаў. Як расказалі ў праваабарончым цэнтры «Вясна», па 411-м ужо асудзілі 29 чалавек, чацвярых з іх, у тым ліку і Паліну Шарэнда-Панасюк, двойчы.


Глядзіце таксама

Прыцягнуць па 411-м артыкуле, як расказаў былы палітвязень, журналіст Беларускай службы «Радыё Свабода» Алег Груздзіловіч, адміністрацыя калоніі можа любога асуджанага. Для гэтага дастаткова некалькі дробных парушэнняў, якія зняволены можа нават не здзяйсняць: «Пыл на паліцы, парушэнне рапарту, калі ты дакладваеш нешта і слова пераблытаў, няправільна апрануўся, ці нешта падрабіў, ці ўвогуле проста гузік не зашпіліў — самы шырокі набор вось такіх вось прэтэнзій можа быць».

«Выкарыстоўваць 411-ты артыкул беларускія ўлады фактычна могуць без абмежаванняў, што дазволіць утрымліваць сваіх палітычных апанентаў за кратамі столькі, колькі спатрэбіцца. Тых, хто атрымалі невялікія, па мерках сённяшняй Беларусі, тэрміны, не адпускаюць на волю. Іх працягваюць утрымліваць у турме, прыдумляюць нейкія новыя і новыя фармальныя падставы для таго, каб тэрмін падоўжыць. Тэрміны на адзін-два-тры гады, якія давалі спачатку, відавочна, калі б гэтых людзей судзілі сёння, ім далі б больш. Замест таго, каб "заднім чыслом" перагледзець прысуд, яны вынаходзяць новыя фармальныя падставы», — лічыць каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.


Глядзіце таксама

Новыя крымінальныя справы ўлады заводзяць не толькі праз помсту за актыўную грамадзянскую пазіцыю, але і для таго, каб запалохаць іншых палітвязняў. «На жаль, атака і запалохванне дзейнічаюць. На многіх гэта дзейнічае псіхалагічна: яны проста надломваюцца. Кожны раз накручванне новага тэрміну — гэта каласальны псіхалагічны стрэс для чалавека», — кажа муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, якія пачаліся пасля так званых прэзідэнцкіх выбараў, працягваюцца і цяпер: беларусаў судзяць за ўдзел у пратэстах 2020 года, данаты ў падтрымку палітвязняў ці беларусаў-добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны, падпіску на «экстрэмісцкія», на думку ўладаў, СМІ ці каментары ў сацсетках. Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў палітвязнямі 1451 беларуса.