Пра акупацыю Беларусі, суддзяў і каханую. 15 цытат Змітра Дашкевіча

Сёння Зміцер Дашкевіч мог сустракаць свой 42-гі дзень народзінаў у атачэнні дзяцей і каханай, але ён чарговы раз прачнуўся за кратамі. Прачытайце выказванні гэтага адважнага чалавека, каб натхніцца ягонай сілай, упартасцю, верай. 

Зміцер Дашкевіч. Фота: Павел Хадзінскі

Зміцер Дашкевіч. Фота: Павел Хадзінскі

Пра Лукашэнку

«У 2006-м я не сустрэў у турме ніводнага чалавека, якога давялося пераконваць, хто такі Лукашэнка, апроч начальніка шклоўскай санчасткі. На этапе ў мазырскую турму цяпер сустрэў аднаго зэка, які за Лукашэнку. Пасля ён жа смяяўся: «Я цябе надурыў. Лукашэнку раскусіў яшчэ ў 1994-м».

Хочаце — верце, хочаце — не верце. Ніхто. Я перакананы, што не засталося нікога ў краіне, хто яшчэ не ведае, хто такі Лукашэнка. Не трэба ісці ў масы, людзі і так усё разумеюць. 15% неасталіністаў будуць падтрымліваць яго заўсёды, нават калі б Лукашэнка людажэрам стаў. І апазіцыю еў у жывым эфіры». (2013-ты, размова з «Нашай Нівай»)

«Часта мы разважаем так, быццам Лукашэнка — марсіянін нейкі, ён проста зваліўся на нас, і ўсё — пачалася дыктатура, кагосьці збіваюць, фальсіфікуюць, рэжуць. А Лукашэнка — гэта заканамерны вынік нераскаянага камунізму. Лукашэнка — лагічны працяг неасуджанага камунізму. Акрэсціна — гэта, на жаль, заканамерны вынік неасэнсаваных Курапатаў, неасуджаных злачынцаў».

«Многія цяпер так разважаюць: мы ўбаку стаім, мы недатычныя да Лукашэнкі, давайце проста скажам «супраць»! Трэба вельмі глыбока ўсвядоміць, што такое Лукашэнка: Лукашэнка — гэта камунізм. І ён казаў у 1994-м: «Мы вернем гэтую імперыю, гэта была добрая дзяржава». (2020-ты, інтэрв’ю праекту «Ток»)

Пра Каханую

Зміцер Дашкевіч далучыўся да «Маладога Фронту» ў 2001 годзе, ва ўзросце 20 гадоў. Праз тры гады да арганізацыі далучылася будучая жонка Змітра, а тады яшчэ 14-гадовая дзяўчынка Наста Палажанка.

Зміцер і Наста Дашкевічы

Зміцер і Наста Дашкевічы

У 2012 годзе, падчас адсідкі, Зміцер Дашкевіч быў асуджаны ў чарговы раз — за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». Змітру Дашкевічу прысудзілі яшчэ адзін год за кратамі. У гэтым жа годзе ў зняволенні Зміцер Дашкевіч і Наста Палажанка пабраліся шлюбам. Калі Зміцер выйшаў на волю, пара згуляла паўнавартаснае вяселле.

Зміцер Дашкевіч расказваў: «Калі я сядзеў у турме, я зразумеў, што гэта той чалавек, без якога я не магу жыць. І калі на падлозе ізалятара мне ляснула 30 гадоў, я падумаў: слухай, Дашкевіч, трэба нешта змяняць у гэтым жыцці. І я праз лісты папрасіў у таты Насты рукі, Насту папрасіў — яна згадзілася».

«Чаму вырашылі ажаніцца з Настай? Здаецца, гэта ж нічога не мяняе для нас. Нейкі штамп. Нішто. Тым больш кратамі раз’яднаныя. Звычайна зэкам пасля вяселля даюць 10-15 хвілін пасядзець адным у пакойчыку: абняцца, пацалавацца.

Мне такой магчымасці не далі. З моманту заключэння шлюбу я пачаў адчуваць іншую адказнасць. Калі раней я проста не пайшоў бы адзначацца ў міліцыі, бо мне начхаць, то цяпер я так рабіць не магу».

Зміцер Дашкевіч з дзецьмі. Фота з адкрытых крыніц

Зміцер Дашкевіч з дзецьмі. Фота з адкрытых крыніц

23 сакавіка 2022 года ў кватэры Дашкевічаў адбыўся ператрус. Актывіста затрымалі па адміністрацыйным артыкуле. Пазней Змітру і Насці выставілі абвінавачанне ўжо па крымінальным артыкуле — «народным» 342 («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Пракурор запрасіў для актывістаў 1,5 года пазбаўлення волі. За месяц да судовага пасяджэння Наста Дашкевіч нарадзіла чацвёртае дзіця. Наступныя словы Зміцер прамовіў падчас суда:

«Ісус даў нам уладу адпусціць грахі чалавеку ці пакараць. Які павінен быць грэх, што маці чацвярых дзяцей, немаўляткі неданошанага, просяць пасадзіць у турму?»

«Настачка, прабач мне, што я цябе ў гэта ўцягнуў. Ня мог уявіць ніколі, што такое можа з намі адбыцца. Я ўвесь час разважаў, што я нясу гэты крыж, але я ня мог падумаць у страшным сьне, што я ўскладу гэты крыж на цябе. Даруй мне, што я так мала думаў пра цябе. Я кахаю цябе і малюся за цябе і за нашых дзетак, за неданошанага Даніільчыка нашага [...] (плача). Ты сьвятая жанчына [...]. Я ня ведаю такіх [...]. Даруй, што я падвёў цябе».

14 ліпеня 2022 года суддзя Таццяна Пірожнікава прысудзіла Змітру Дашкевічу 1,5 года калоніі, а Насці Дашкевіч – 3 гады «хатняй хіміі».

Зміцер Дашкевіч з сям'ёй. Фота — Facebook Насты Дашкевіч

Зміцер Дашкевіч з сям'ёй. Фота — Facebook Насты Дашкевіч

Пра суддзяў

З «апошняга слова» Змітра Дашкевіча падчас суда 14 ліпеня 2022 года:

«Летась я стаяў [...], калі да мяне падышла дзяўчына са сьлязамі на вачах. Кажа: "Вось даведалася, што вы тут стаіце, прыйшла папрасіць прабачэньня". Я не зразумеў, пра што яна гаворыць. Кажа: "Тата мой у 2004 годзе даў вам 14 сутак, памятаеце?" А я вельмі добра запомніў, таму што гэта быў адзіны выпадак, калі мне 14 сутак давалі. І вось праз 17 гадоў да мяне падышла дачка судзьдзі і сказала: "Прабачце [...]". Напэўна, адзін з самых шчымлівых момантаў за гэтыя больш чым 20 гадоў [...]. Я не пасьпеў у яе запытаць, але, напэўна, яна размаўляла з татам, тата думаў пра гэта ўсе гады. Даючы мне 14 сутак, выразна разумеў, што ён робіць беззаконьне. Нават 14 сутак, хоць у той момант я ня вельмі засмуціўся б і 14 гадам. А тут па паўтара мы года просім матулі зь немаўляткам на руках.

Я проста зычу вам, судзьдзі, пракуроры, падумаць пра душу сваю. Я заўсёды кажу на судах (хоць гэта і безсэнсоўна): Ісус Хрыстос кажа — што ты дасі за душу сваю, калі прыйдзе дзень суду справядлівага? Што ты дасі за душу сваю, калі будзе суд сапраўдны? Вы назвалі сябе судом. Бог называе сябе судом. Імя Бога — судзьдзя. І я адказваю: прыйшоў судзьдзя і судзіў мяне справядліва за тое, што выйшаў 23-га зь дзецьмі і раздаваў буклеты «Малітва за Беларусь», Бібліі раздаваў. У дзень сапраўднага суду вы нічога не дасьцё за сваю душу. І дай Бог, каб вашыя дзеці праз 17 гадоў ці праз 17 месяцаў ці вы самі прыйшлі і сказалі: "Прабач". І, бачыць Бог, не жадаю нікому з вас зла. Адзінае, каб вы трошку задумаліся, што вы робіце, ці ёсьць нешта, чаго б вы не зрабілі, калі вам загадаюць, ці ёсьць для вас нейкія межы».

Пра акупаваную Беларусь

«Шмат хто цяпер ва Украіне і некаторыя беларусы пішуць пра тое, што Беларусь — агрэсар, такі ці ледзь не такі ж, як Расія. Бясспрэчна, што тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца для атакі на любімы намі брацкі народ Украіны, за што нам прыкра і сорамна. Але ці не разумеюць каментатары, што беларусы самі пад акупацыяй? Ніхто ж не кажа: крымска-татарскі народ напаў на Украіну, бо яны самі пад акупацыяй, ці не так? Ніхто ж не кажа: Данбас напаў на Украіну, бо данбасаўцы самі пад акупацыяй, ці не так? Чаму тыя ж людзі, хто так не кажа, абвінавачваюць беларусаў? Каго вы абвінавачваеце? Тысячы тых, хто сядзіць без віны па турмах і дзясяткі тысяч іх родных? Дзясяткі ці сотні тысяч тых, хто ў выгнанні? Ці вы абвіначваеце тых, хто застаўся і кожную раніцу чакае, ці арыштуюць? 

Калі ў кагосьці не хапае розуму зразумець, у якім тэроры цяпер жыве грамадства Беларусі, то ўявіце сабе наступную карціну. Мінск, 1943 год, Беларусь пад акупацыяй. Тыя, хто вырваўся ў вольны свет, выдаюць улёткі "Здраднікі, чаму не выходзіце на антываенныя пікеты?!" Ну, хай бы выйшлі на гітлерштрасэ і атрымалі кулю ў лоб і выраклі б сваю сям'ю на катаванне ў гестапа. Калі б Беларусь не паўстала супраць акупацыі, калі б мы мірна і спакойна гулялі па нашых праспектах, то гэта была б праўда. Але Беларусь паўстала, і цяпер беларусы самі пад вайсковым становішчам, самі пад акупацыяй».

Пра Расію

«Па-іншаму Расія не выпусціла б з рабства паняволеныя народы, як толькі праз чарговую вайну, якая б адкрыла вочы тым, хто шчэ заставаўся сляпы. Бо калі людзі, якія чыталі кнігі па гісторыі, казалі, што Расія — гэта вайна, іх ніхто не хацеў разумець. Не разумелі ў 90-ых, не разумелі ў 2008-м пасля ўварвання ў Грузію, не разумелі нават у 2014-м пасля анексіі Крыма і вайны на Данбасе. Ну, мо зразумеюць цяпер. Калі зразумеюць, тады стануцца вольнымі ад прарасійскай свядомасці, ад комплексаў малодшых братоў ці сясцёр — свабоднымі ад маскоўства ў галаве. Трагедыя, што для гэтага разумення мусяць ліцца рэкі крыві, але такая ўжо чалавечая існасць — на гісторыі вучыцца не хочам».

«Найперш бярыце прыклад з Ісуса Хрыста, які заклікае заўсёды маліцца і абяцае нам: "Калі будзеце мець веру і скажаце гары гэтай: "Будзь узятая і кінутая ў мора!" — станецца так". І сёння мы молімся за Украіну і кажам гэтай Вавілонскай гары: "Будзь узятая і кінутая ў мора, каб на табе ўжо ніколі не трымаліся злачынныя рэжымы ўсяго свету, каб гэта было тваё апошняе крывавае вывяржэнне».

Пра галоўную беларускую зброю

«Ёсць у нас самая галоўная зброя, якую можна выкарыстоўваць — гэта родная мова. Мы ўвесь час спрабуем сябе абазначыць — сцягамі, чымсьці яшчэ, і гэта цягне на 30 сутак. А калі мы пачнём размаўляць па-беларуску, гэта ні на што не цягне — і так пераможам».

«Нацыянальная мова акупанаванага ці паняволенага Расіяй народа — гэта наша самая надзейная і самая беспечная зброя за свабоду. Карыстайцеся ёю штодня і паўсюль — і ніхто не прыйдзе вызваляць «рускагаварашчых саацечэственнікаў».

«Перакананьне, да якога я йшоў гадамі, прагучыць для кагосьці жорстка, але я ў гэтым пэўны: віна за сёньняшні стан беларускай мовы ляжыць перадусім на патрыётах беларускай мовы. Сытуацыя, калі прыхільнік мовы мову любіць, але на ёй не размаўляе — невытлумачальная, бо як можна любіць свайго дзіцёнка і даць яму камень замест хлеба? Сытуацыя, калі беларускамоўны чалавек беларускамоўны толькі ў публічнай прасторы (офісе, імпрэзе, з журналістамі і г. д.) —  невытлумачальная, бо разумны чалавек паводзіць сябе непасьлядоўна. Я назіраю ці не штодня, як беларускамоўны ў краме кажа “дайце пажалуста”, дастаўшчыку піцы – “спасіба бальшое”, любому майстру — “ізьвініце, памагіце”. Калі этнацыд беларусаў ворагамі Беларусі хоць неяк можна патлумачыць, як патлумачыць гэта?»

«Гаманіце на мове заўсёды, з усімі і паўсюль і вы адразу ўбачыце, як мяняецца рэчаіснасьць вакол вас — гэта Беларусь становіцца Беларусьсю».