Хронікі рэпрэсій. Вынясенне прысуду Паўлу Мажэйку і Юліі Юргілевіч адклалі

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў за 20 ліпеня.

_kaljuczka___drot___njavolja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2_1_logo.jpg.webp

У судзе Ленінскага раёна Мінска вынесены прысуд па справе пісьменніка і фатографа Дзмітрыя Баяровіча і ягонай жонкі Валерыі Баяровіч. Іх вінавацілі ў арганізацыі і прадрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзеле ў іх паводле ч. 1 арт 342 КК. Суддзя Юлія Інчына прызначыла Дзмітрыю і Валерыі па тры гады «хатняй хіміі».

Дзмітрый працаваў на дзяржаўным тэлеканале СТВ, але ў 2020 годзе звольніўся на знак пратэсту супраць гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый.

Раней, у 2012 годзе, у выдавецтве «Галіяфы» выйшла ягоная дэбютная кніга «Шалі».

У судзе Дзяржынскага раёна вынеслі прысуд за ўдзел у акцыі пратэсту ў Фаніпалі 14 жніўня 2020 года мясцовай жыхарцы Ладарыі Кузняцовай. Суддзя Таццяна Федчук прызначыла ёй паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) адзін год «хатняй хіміі».

Паводле версіі абвінавачвання, яна «ў мэтах нагнятання незадаволенасці, напружанасці і пратэсных настрояў у грамадстве, яго правакавання, пры руху дэманстравала стужачку белага колера».

Пракурор Уладзімір Рыбакоў запрашваў для Ладарыі 1,5 года «хатняй хіміі». Паводле яго, «раскаяння ў Кузняцовай, па сутнасці, няма, таму што на яго пытанне аб палітычных поглядах яна адказала, што прытрымліваецца нейтральнай, не ўдзельнічае ні ў якой палітыцы, але, тым не менш, па месцы жыхарства былі выяўленыя экстрэмісцкія налепкі («Стоп война», «Нет войне», «Люблю Украину») і іншыя атрыбутыка».


Глядзіце таксама

Гродзенскі абласны суд перанёс вынясенне прысуду па справе адвакаткі Юліі Юргілевіч і журналіста Паўла Мажэйкі. Чакалася, што палітвязні 20 ліпеня выступяць з апошнім словам, а пасля будзе абвешчаны прысуд.

Аднак пракурор нечакана запрасіў далучыць скрыншоты каментароў у інтэрнеце, атрыманых праз КДБ і ў сувязі з гэтым запрасіў працягнуць судовае пасяджэнне, прычым, у закрытым рэжыме: маўляў, спатрэбіцца каментар спецыяліста па бяспецы адносна гэтых скрыншотаў, а закрыты рэжым трэба, каб захаваць таямніцу яго асобы.

Суд над журналістам і грамадскім дзеячам Паўлам Мажэйкам і адвакаткай Юліяй Юргілевіч распачаўся 10 ліпеня. Іх абвінавачваюць у перадачы звестак «Белсату» ў лютым – сакавіку 2022 года, што расцанілі як «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361 КК). Пракурор запытаў для іх па 6 гадоў пазбаўлення волі.

У Гродне затрыманы мясцовы жыхар Кірыл Курыла. Яго вінавацяць у тым, што ён нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020-м годзе, заклікаў да гвалту над супрацоўнікамі АМАП і міліцыі, прапаноўваў будаваць барыкады з «Табакерак», адбіраць спецсродкі ў супрацоўнікаў і прымяняць супраць іх, абліваць міліцыянтаў фарбай і зялёнкай.

У Дзяржынску затрымалі мастака Сяргея Кулешу. Прычыны затрымання і месцазнаходжанне мужчыны пакуль невядомыя.

Супрацоўніку МНС з Глыбоччыны далі 15 сутак за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і звольнілі з працы. Дзмітрыя Рудака з гарадскога пасёлка Падсвілле судзілі 13 чэрвеня па ч. 2 арт. 19.11 КаАП за тое, што ён на асабістай старонцы ў «Аднакласніках» захоўваў публікацыю з «экстрэмісцкага» інтэрнэт-рэсурсу з лагатыпам «N».

Пасля гэтага інцыдэнту супрацоўнік МНС і бацька непаўнагадовых дзяцей быў звольнены з працы, а ў калектывах МНС гарадскога пасёлка Падсвілле і Глыбокага кіраўніцтва пачало праводзіць чысткі і прафілактычныя гутаркі.

Вядома таксама і пра звальненне ў Глыбокім інспектара нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксея Паляка, пра якога не так даўно раённая газета «Веснік Глыбоччыны» пісала станоўчыя водгукі.


Глядзіце таксама

У Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс па справе навукоўца Юрыя Адамава. Справу разглядае суддзя Дзіна Кучук. Палітвязню інкрымінуюць арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).

Юрый — удзельнік беларускай супольнасці за свабоднае праграмнае забеспячэнне, а таксама сустваральнік навукова-папулярнага самвыдата «Pamylka». Ён вучыўся тэарэтычнай фізіцы ў БДУ, пасля атрымаў PhD ва ўніверсітэце Уорыку (Англія) у кірунку «фізіка кандэнсаваных станаў». Ён рабіў Postdoctoral-даследаванне ў Брукгэйвэнскай нацыянальнай лабараторыі (штат Нью-Ёрк, ЗША) аб удасканаленні лікавага мадэлявання для моцна карэляваных сістэмаў. І яшчэ адно Postdoctoral-даследаванне ў тэорыі фізікі кансэндаваных станаў ў Тэхаскім універсітэце A&M (ЗША).

У Гомельскім абласным судзе 20 ліпеня пачаўся суд над мясцовым прадпрымальнікам Юрыем Ташкінавым, якога абвінавачваюць у распальванні варожасці і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (ч.1 арт. 130 і арт. 361-2 КК). Судовае пасяджэнне ў закрытым рэжыме праходзіць пад старшынством суддзі Яўгена Піскунова.

Ташкінаў быў рэзідэнтам Гомельскага тэхнапарка. У 2018 годзе ён распрацаваў мабільнае прыкладанне для онлайн-пошуку выканаўцаў розных работ і паслуг.

Пасля пачатку шырокамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну гамяльчук у сацсетках выказваўся супраць вайны і публікаваў справаздачы аб гуманітарнай дапамозе жыхарам Чарнігаўшчыны, якая была акупаваная напачатку вясны 2022 года.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі пра тое, што гамяльчук пераводзіў грошы на дапамогу Украіне праз фонд BYSOL.


Глядзіце таксама

Палітвязню Аляксандру Францкевічу зноў працягнулі тэрмін у ШІЗА, асуджанаму па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння» да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, у чарговы раз працягнулі тэрмін у штрафным ізалятары ў папраўчай калоніі № 5 у Івацэвічах.

У ШІЗА палітвязня ўтрымліваюць з 28 сакавіка, куды яго змясцілі адразу пасля «каранціну». Цяпер Аляксандру працягнулі тэрмін у ШІЗА да 5 жніўня. Такім чынам, палітвязня бесперапынна ўтрымліваюць у ШІЗА чацвёрты месяц. Вядома, што ў Аляксандра няма адной ныркі, таму такое працяглае ўтрыманне ў ШІЗА можа дрэнна адбіцца на яго здароўі.

Актывіста Яўгена Афнагеля адправілі ў карцар. Праз гэта 87-гадовая маці палітвязня не трапіла да яго на спатканне, дазволенае яму раз на год. У турме ёй паведамілі, што Яўген змешчаны ў карцар да 23 ліпеня. Пры гэтым у ДВП запэўнілі, што яна можа ехаць на сустрэчу. Праз гэта і праз доўгую дарогу з Мінска да Магілёва ў жанчыны пагоршыўся стан здароўя і моцна падняўся ціск.

Палітзняволенага актывіста «Еўрапейскай Беларусі», асуджанага да сямі гадоў калоніі, утрымліваюць за кратамі амаль 2 гады і 10 месяцаў. Ён адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1, а потым яму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў магілёўскую турму № 4.

За час у зняволенні ў Яўгена сапсаваўся зрок, таму цяпер ён вымушаны насіць акуляры. За кратамі ён шмат чытае і малюе.

Прызначана дата апеляцыі па «справе TUT.ВY». Нагадаем, у Мінгарсудзе ў сакавіку агучылі прысуд былой галоўнай рэдактарцы партала Марыне Золатавай і былой генеральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай. Палітзняволеным прызначалі па 12 гадоў калоніі. Суд у закрытым рэжыме цягнуўся больш за два месяцы — агулам прайшло 37 пасяджэнняў.

Вярхоўны суд 31 ліпеня разгледзіць апеляцыйныя скаргі палітзняволеных. Рашэнне будзе прымаць суддзя Ігар Любавіцкі.

Вярхоўны суд 21 ліпеня разгледзіць апеляцыйныя скаргі на прысуды палітвязням, асуджаных за эвакуацыю з Беларусі і супрацоўніцтва з «Дапамогай».

У Гродненскім абласным судзе 5 красавіка вынеслі прысуд былому мытніку Мікалаю Куляшову, двойчы палітзняволенай Аніце Бакуновіч і студэнту Ягору Курзіну. Іх абвінавацілі ў «замаху на незаконнае перасячэнне мяжы», «удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» — арганізацыі «Дапамога», а таксама па шэрагу іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Суд прызначыў Куляшову пяць гадоў калоніі, Бакуновіч — тры з паловай гады, Курзіну — тры гады.