Навальнаму запрасілі 20 гадоў пазбаўлення волі па справе аб «экстрэмізме»

Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў прысудзіць расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага да 20 гадоў пазбаўлення волі па справе аб «экстрэмізме». Пракурор патрабуе, каб палітык адбываў тэрмін у калоніі асаблівага рэжыму.

Архіўнае фота «Медузы»

Архіўнае фота «Медузы»

Прысуд плануюць абвясціць 4 жніўня а 16.00. Працэс па новай справе Навальнага праходзіць у закрытым рэжыме, нагадвае «Медуза».

Пасля спрэчак бакоў 20 ліпеня Аляксей Навальны выступіў з апошнім словам.

— Мне вельмі падабаецца фармулёўка нашага суайчынніка, доктара філалагічных навук, прафесара Лотмана. Выступаючы перад студэнтамі, ён аднойчы сказаў: «Чалавек заўсёды знаходзіцца ў неспадзяванай сітуацыі. І тут у яго ёсць дзве нагі: сумленне і інтэлект, — сказаў палітык. — Гэта вельмі мудрая думка, як мне здаецца. І абапірацца чалавек павінен на абедзве гэтыя нагі.

Абапірацца толькі на сумленне — інтуітыўна правільна. Але абстрактная мараль, якая не ўлічвае чалавечай натуры і рэальнага свету, вырадзіцца або ў глупства, або ў злачынства, як было ўжо не раз.

А вось апора на інтэлект без сумлення — менавіта яна цяпер у аснове расійскай дзяржавы. Першапачаткова гэтая ідэя здавалася элітам лагічнай. Выкарыстоўваючы нафту, газ і іншыя рэсурсы, мы пабудуем бессаромную, але хітрую, сучасную, рацыянальную, бязлітасную дзяржаву. Мы станем багацейшымі, чым цары ранейшых гадоў. І нафты ў нас так шмат, што і насельніцтву нешта дастанецца. Выкарыстоўваючы свет супярэчнасцей і ўразлівасць дэмакратыі, мы станем лідарамі, і нас будуць паважаць. А калі не, то тады баяцца.

Але адбываецца тое самае, што і ўсюды. Інтэлект, не абмежаваны сумленнем, шэпча: адбяры, крадзі. Калі ты больш моцны, то твае інтарэсы заўсёды важнейшыя, чым правы іншых.

Не жадаючы абапірацца на нагу сумлення, мая Расія зрабіла некалькі вялікіх скачкоў, расштурхваючы ўсіх вакол, але потым паслізнулася і з грукатам, руйнуючы ўсё вакол, павалілася. І боўтаецца цяпер у лужыне ці то бруду, ці то крыві, з пераламанымі косткамі, з жабрацтвам, абрабаваным насельніцтвам, а вакол ляжаць дзясяткі тысяч загінулых у самай дурной і бессэнсоўнай вайне 21 стагоддзя.

Але рана ці позна, вядома, яна зноў падымецца. І ад нас залежыць, на што яна будзе абапірацца ў будучыні.


Глядзіце таксама

Я люблю Расію. Мой інтэлект кажа мне, што жыць у свабоднай і квітнеючай краіне лепш, чым у карупцыйнай і жабрацкай. А калі я стаю тут і гляджу на гэты суд, маё сумленне кажа, што справядлівасці ў такім судзе не будзе ні для мяне, ні для кагосьці іншага. Краіна, дзе няма справядлівага суда, ніколі не стане квітнеючай. Значыць, цяпер зноў кажа інтэлект, будзе разумна і правільна з майго боку змагацца за незалежны суд, сумленныя выбары, быць супраць карупцыі, бо тады я дасягну сваёй мэты і змагу жыць у маёй свабоднай, квітнеючай Расіі.

Вам, можа, цяпер здаецца, што я вар'ят, а вы ўсе нармальныя, бо нельга плыць супраць плыні. А мне здаецца, гэта вы з'ехалі з глузду. У вас адно, Богам дадзенае жыццё, і на што вы вырашылі яго змарнаваць? На тое, каб надзець сабе на плечы мантыі, а на галаву гэтыя чорныя маскі і абараняць тых, хто вас яшчэ і рабуе? Каб дапамагчы таму, у каго дзесяць палацаў, пабудаваць адзінаццаты?

Я абвінавачваюся ў тым, што распальваю нянавісць да прадстаўнікоў улады і спецслужбаў, суддзяў і сябраў партыі «Адзіная Расія». Але не, я не распальваю нянавісці. Я проста памятаю, што ў чалавека дзве нагі: сумленне і інтэлект. І калі <…> вы нарэшце зразумееце, што адмова ад сумлення ў выніку прывядзе да знікнення інтэлекту, тады, можа быць, вы ўстанеце на тыя дзве нагі, на якіх павінен стаяць чалавек, і мы разам зможам наблізіць выдатную будучыню Расіі.

Нагадаем, Навальнага абвінавачваюць у стварэнні «экстрэмісцкай супольнасці», закліках да «экстрэмізму», стварэнні некамерцыйнай арганізацыі, якая «замахвалася на правы грамадзян», фінансаванні экстрэмізму, уцягванні непаўналетніх у здзяйсненне небяспечных дзеянняў, а таксама ў рэабілітацыі нацызму.

Аляксей Навальны знаходзіцца ў няволі два з паловай гады. Агулам, з улікам цяперашняй справы, яго могуць асудзіць на 30 гадоў зняволення.