Рэферэндум-2022. Як усё будзе

Займальная футуралогія для чарговай электаральнай кампаніі ў Беларусі.

8klwkeyj5yppqlkluevupico0vcddair.jpg


Рэферэндумы ў Беларусі праходзяць з такой зайдроснай рэгулярнасцю, што ўжо наездзілі глыбокую сюжэтную каляіну. Спадзявацца, што 27 лютага будзе неяк інакш, не даводзіцца, таму прадказаць сцэнар і элегантныя вынікі можна ўжо сёння.
Пакуль гэтага не зрабілі іншыя, зробім мы.
Як пройдзе плебісцыт-2022, сэнс якога мала хто разумее? Ці перашкодзяць праплачаныя ворагі свабоднаму волевыяўленню беларускага народа? Ці падтрымаюць простыя людзі звышдэмакратычную прапанову культываваць у Канстытуцыі ўлюбёны Усебеларускі народны сход?
Аб гэтым і іншым — у кароткіх тэзісах насустрач усеагульнаму галасаванню з рэкорднай яўкай і трыумфальным вынікам.

Датэрмінова — шчыльнымі радамі

Дзяржаўная свядомасць беларускіх выбаршчыкаў набыла такі касмічны ўзровень, што прэмію ім не давай на працы — толькі дазволь прагаласаваць за светлую будучыню датэрмінова. Па супадзенню, сутнасць якога яшчэ не спасцігнулі сацыёлагі, асабліва невыносную прагу да заўчаснага волевыяўлення маюць пэўныя катэгорыі грамадзян. Гэта супрацоўнікі бюджэтных устаноў, студэнты, што пражываюць у інтэрнатах, людзі ў пагонах самага рознага сілавога профілю.
Узорны імпэт да такога кшталту галасавання традыцыйна праяўляюць салдаты беларускага войска. Ужо колькі гадоў дасведчаныя «дзяды» перадаюць «салагам» у казармах спрадвечную электаральную мудрасць: служыш тэрміновую — галасуй датэрмінова.
На мінулых прэзідэнцкіх выбарах, ад якіх краіна дагэтуль не можа акрыяць, папярэдне — не чакаючы 9 жніўня — выбарчыя ўчасткі наведалі амаль 42 працэнты беларусаў. Няма аніякага сумневу, што цяпер адзіны парыў не будзе слабейшым. Памятаючы, як краіну спрабавалі разбурыць зламысныя і сквапныя англасаксы, нашы людзі пачэсна выканаюць і перавыканаюць свой грамадзянскі доўг. Нельга нават выключаць, што датэрміновая яўка на рэферэндуме-2022 складзе не менш за 50 працэнтаў.

Поўная празрыстасць

Каб менш плявузгалі паклёпнікі, наракаючы на нацыянальныя асаблівасці беларускага волевыяўлення, цяперашні плебісцыт пройдзе ў беспрэцэдэнтна адкрытым фармаце. Нічога не будзе перашкаджаць шчыраму галасаванню — ні сумнеўныя назіральнікі з дуляй у кішэні, ні нават фіранкі на кабінках для электаральнага інтыму. Адмыслова каляровыя бюлетэні ўвогуле ёсць прагрэсіўнае новаўвядзенне, якога няма нідзе, у тым ліку ў краінах хвалёнай заходняй дэмакратыі.
Як і раней, толькі з большым размахам, рэферэндум аточаць увагай супрацоўнікі ўнутраных спраў. Бяспека перш за ўсё, асабліва, калі навокал ворагі, таму ўжо абвешчана: міліцыя з народам на кожным выбарчым участку. А камісіі, якія потым сумленна палічаць галасы, пад пільнай аховай МУС і ветэранаў МУС, каб не было як тады. Спецыяльна для іх у патрэбным месцы ўсталююць кнопкі трывожнай сігналізацыі, і пасля гэтага ўжо дакладна любы ўчастак будзе непрыступны як сховішча золата-валютных рэзерваў.
Узровень асабістай бяспекі членаў гэтых самых камісій сягне на небывалыя вышыні яшчэ і за кошт эксклюзіўнага ноу-хау. Прозвішчы тых, хто пастаўлены забяспечваць арыфметыку на рэферэндуме, вырашылі засакрэціць. Слушна: абарона персанальных дадзеных прадугледжана законам, і хто там лічыць і падпісвае пратаколы, абывацеля тычыцца не павінна.

Любімую не аддадуць з вялікім працэнтам

Ці не галоўная інтрыга ўсенароднага волевыяўлення 27 лютага традыцыйная — з якім велізарным працэнтам пераможа новая рэдакцыя Канстытуцыі? У якіх лічбах то-бок знойдзе сваё адлюстраванне калектыўнае жаданне беларусаў жыць паводле новага Асноўнага Закона. Год народнага адзінства скончыўся, але ж рэха яго адназначна запланавана на бліжэйшую нядзелю, і любы сумленны грамадзянін гэта ведае дакладна.У чым можна быць стопрацэнтна ўпэўненым, дык гэта ў карціне прагнага ўдзелу электарату ў рэферэндуме.
Нават калі датэрмінова прагаласуе адна палова паўналетніх беларусаў, то на асноўны дзень застанецца ж палова другая. І тэлекамеры дзяржаўных медыя беспамылкова зафіксуюць зашкальвальны ажыятаж, і ўжо пасярод нядзелі ні ў каго не застанецца сумневаў у чарговай аглушальнай перамозе дзеючага курса.
А выніковыя працэнты, якія трывала ўвойдуць у гісторыю беларускай дзяржаўнасці… Калідор элегантнасці аднолькава добра ведаюць і ў Мінску, і ў Пінску, і ў Валожыне, і ў вёсцы Малюкі Воранаўскага раёна. Гэта дзесьці паміж 75 і 80 адсоткамі, што заўсёды дэманструе ЦВК пасля ўдалага падліку бюлетэняў. Імаверна, у гэтых межах фінішуе і цяперашняе галасаванне, аднак розніца з мінулымі кампаніямі ўсё ж будзе — і вельмі адчувальная. Пераможныя лічбы гэтым разам агучыць не Лідзія Ярмошына, якая сышла на пенсію з пачуццём выкананага доўга, а новы старшыня ЦВК Ігар Карпенка — у яго яшчэ ўсё наперадзе.

Пратэсты — толькі за мяжой

Яшчэ адна прыкмета часу: як толькі дзе на гарызонце пачынае маячыць нейкае важнае галасаванне — сілавыя структуры пачынаюць рыхтавацца да выступаў разнастайных адшчапенцаў, якім заўсёды і ўсё не так. Зараз будзе тое самае, аднак ці вырашацца беларусы пратэставаць супраць загадзя вядомых вынікаў рэферэндуму, вялікае пытанне.
Ды што там: у сённяшніх умовах, калі будзь якая праява незадаволенасці прыраўноўваецца да злачынства, марна чакаць хаця б мінімальнай вулічнай актыўнасці. Выглядае, што ў выпадку чаго, пратэсныя настроі будуць падаўляцца на месцы, не адыходзячы ад выбарчых участкаў. Рэсурсу хопіць, добраахвотныя дружыны БРСМ пацвердзяць.
Да актыўнасці, зрэшты, ніхто і не заклікае. Штабы Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі агітуюць за далікатны супраціў — тыя самыя два крыжыкі ў бюлетэнях. Віруе ў грамадзянскай супольнасці і іншая, даўно вядомая, ініцыятыва — не хадзіць ні на які рэферэндум, бо байкот. Абодва падыходы маюць як плюсы, так і мінусы, а як у выніку плюс на мінус накладзецца, пакуль сказаць складана.
А вось што немінуча адбудзецца 27 лютага, дык гэта пратэставае пікетаванне за мяжой, хутчэй за ўсё — каля беларускіх амбасадаў. Дэструктыўныя палітэмігранты і іншыя экстрэмісцкія экстрэмісты абавязкова пакажуць, як трэба не любіць радзіму. Іх шматлікасць і няўрымслівасць не выклікае пытанняў нават у патрыятычных прапагандыстаў, таму відовішча абяцае быць уражвальнае.
Але і тут улады прадугледзелі контрмеры ва ўстаноўленым парадку і ў межах дзеючага заканадаўства. Узялі ды пазбавілі права голасу беларусаў замежжа, юрыдычна замацаваўшы за імі статус «лішніх людзей». Сярод аргументаў згадваецца неспрыяльная эпідэміялагічная абстаноўка, то якія пытанні: усё дзеля вашай жа бяспекі. І дзеля светлай будучыні Беларусі, дзе няўгодным месца няма.