Венецыянская камісія раскрытыкавала прапанаваныя папраўкі ў Канстытуцыю Беларусі

Венецыянская камісія лічыць, што прапанаваныя папраўкі ў Канстытуцыю Беларусі не ліквідуюць існуючы моцны дысбаланс галін улады і могуць нават узмацніць яго. Пра гэта гаворыцца ў тэрміновым папярэднім меркаванні камісіі.

referendum4_1.jpg


Камісія адзначае, што папраўкі дазваляюць Лукашэнку і далей канцэнтраваць уладу ў сваіх руках і нават яшчэ больш узмацніць сваё становішча. «У беларускім кантэксце праекты паправак не мяняюць перавагу становішча прэзідэнта ў дачыненні да ўрада і дзвюх палат нацыянальнага парламента» — цытуе дакумент REFORM.by.

Дакумент таксама крытыкуе папраўкі, якія дазваляюць Лукашэнку адначасова быць прэзідэнтам і ўзначальваць УНС. «Такая падагнаная пад сябе норма з'яўляецца спрэчнай у прынцыпе», — заяўляе камісія.

Таксама адзначаецца, што ў папраўках не прапісаная працэдура абрання чальцоў УНС, што можа прывесці да злоўжыванняў. Акрамя гэтага, некаторыя паўнамоцтвы УНС не вызначаны дакладна. Камісія ў цэлым сумняваецца ў функцыянальнасці такога органа, улічваючы колькасць чальцоў УНС (каля 1200). Эксперты мяркуюць, што рэальныя рашэнні будуць прымацца прэзідыумам УНС на чале з Лукашэнкам.

«Падобна на тое, што Прэзідыум УНС стане чымсьці накшталт “паралельнага ўрада”, які будзе дзейнічаць паралельна з Кабінетам міністраў і абраным парламентам, і калі Лукашэнка палічыць неабходным, замяшчаць іх», — гаворыцца ў дакуменце. Камісія лічыць, што УНС засяродзіць у сваіх руках уладу і будзе выкарыстоўвацца як інструмент улады і кантролю з боку Лукашэнкі.

«У заключэнне Венецыянская камісія лічыць, што праект паправак, прапанаваны на рэферэндум 22 лютага 2022 года, не выпраўляе моцны дысбаланс галін улады, які існуе пры дзеючай Канстытуцыі, і можа нават пагоршыць яго. Хоць прапанаваныя інстытуцыйныя змены варта ў цэлым ацэньваць негатыўна, гэта не значыць, што канстытуцыйная рэформа ў Беларусі не патрэбная або непажаданая. Наадварот, Венецыянская камісія запрашае ўлады правесці канстытуцыйную рэформу, якая выправіць існуючы дысбаланс галін улады і прапануе прымальную сістэму стрыманняў і проціваг, у тым ліку з захаваннем працэдуры змены Канстытуцыі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі», — заключаюць эксперты.

Камісія таксама раскрытыкавала недастатковую працу парламента пры распрацоўцы змяненняў у Канстытуцыю, непразрыстасць працэсу распрацоўкі паправак, адсутнасць супрацоўніцтва паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй, вымушанай пакінуць краіну. Камісія лічыць, што ў такіх выпадках рэферэндум ператвараецца ў плебісцыт і выкарыстоўваецца як сродак легітымізацыі аўтарытарных тэндэнцый.

Венецыянская камісія — кансультатыўны орган па канстытуцыйным праве пры Савеце Еўропы. Эксперты Камісіі аналізуюць законы і законапраекты дзяржаў-удзельніц, якія закранаюць праблемы канстытуцыйнага права. Беларусь з'яўляецца асацыяваным чальцом Камісіі.