Жыхар Калінкавіч, арыштаваны пасля «дыялогавай пляцоўкі», абвясціў галадоўку ў ІЧУ

Аляксандр Елісееў пратэстуе супраць таго, што адміністрацыя адмовілася прымаць перадачу для яго.

jelis_2202.jpg

У ІЧУ Калінкавічаў арыштаваны актывіст Аляксандр Елісееў абвясціў галадоўку, паведамляюць праваабаронцы. Мужчына пратэстуе супраць таго, што адміністрацыя адмовілася прымаць перадачу для яго.

17 лютага актывіст удзельнічаў у «дыялогавай пляцоўцы» аб рэферэндуме ў мясцовым аграрна-тэхнічным ліцэі. Акрамя чыноўнікаў, на ёй былі старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Сяргей Гвоздзь і дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Калінкавіцкай выбарчай акругі Яўген Адаменка. Елісееў задаваў Гваздзю пытанні пра паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу, што яўна не спадабалася чыноўнікам.

Зранку 19 лютага дадому да Елісеева прыехаў кіраўнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Калінкавіцкага РАУС Станіслаў Расошка і заявіў, што на яго пачалі адмінстрацыйную справу за правапарушэнне. Ён завёз актывіста ў РАУС, адкуль Елісееў ужо не выйшаў. 

Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве і адправілі на «суткі».