Чыноўніка, адказнага за рэферэндум, пыталі, ці можна фатаграфаваць бюлетэнь. Што ён адказаў?

27 лютага — асноўны дзень галасавання на рэферэндуме аб прыняцці паправак у Канстытуцыю. Сёння пачалося датэрміновае галасаванне. Пытанні наконт паводзінаў на ўчастку журналісты задалі старшыні Гомельскай абласной камісіі па рэферэндуме Аляксею Нявераву.

konstituciya_belarus_.jpg

У гэтую кампанію на ўчастках кабінкі для галасавання адкрытыя. Такім чынам, тое, што будзе рабіць у кабінцы выбаршчык, не будзе з'яўляцца таямніцай для прысутных. Ці мае права выбаршчык пайсці яшчэ далей і сфатаграфаваць вынік свайго галасавання?

— Не. Выбарчым кодэксам […] бюлетэні фатаграфаваць забаронена. Ёсць у нас 13-ы артыкул Выбарчага кодэкса, у якім адзначана, што дазволена назіральніку, — кажа старшыня Гомельскай абласной камісіі па рэферэндуме.

— А што забаронена?

— Што не дазволена, тое забаронена.

— Не назіральніку, а таму хто галасуе?

— Нельга … Ну вам для чаго яго фатаграфаваць? На памяць? Сфатаграфуйце вось банеры ў гарадах.

Па перакананні старшыні абласной камісіі па рэферэндуме, права на таямніцу галасавання цяпер з'яўляецца абавязкам грамадзяніна.

—  Я хачу з бюлетэнем сфатаграфавацца. Гэта ж маё права.

— Якое права? Адкрыць ці не адкрыць? У нас жа тайнае галасаванне. Дзе ў вас напісаныя правы, што гэта ваша права — адкрыць сваю таямніцу? Я вам задаю пытанне — дзе напісана?

Між тым, выбарчае права не забараняе фатаграфаваць бюлетэні. Цяперашнія забароны членаў камісій на фотаздымкі, адкрытыя кабінкі — рэакцыя на працу платформы «Голас», якая, як і на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, мае намер раскрыць фальсіфікацыі галасавання.

Апазіцыйныя дэмакратычныя сілы заклікалі прыхільнікаў перамен ставіць два крыжыкі ў бюлетэні і рабіць такім чынам яго несапраўдным.