Праваабаронцы зафіксавалі парушэнні ў першы дзень датэрміновага галасавання
22 лютага ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне на рэферэндуме. ЦВК паведаміў, што за першы дзень нібыта датэрмінова прагаласавала 6,19 працэнта выбаршчыкаў. Праваабаронцы фіксуюць парушэнні.
У Зэльве кабінкі для галасавання стаяць так, каб былі відаць усе дзеянні выбаршчыкаў. На кабінцы адсутнічае пярэдняя фіранка.
На мінскай «хіміі» ў ПУАТ № 55 асуджаных прымушалі галасаваць датэрмінова. Усяго на гэтай «хіміі» адбываюць свае тэрміны 13 палітвязняў.
За скаргі на парушэнні падчас рэферэндуму назіральніка з Віцебску выклікалі ў пракуратуру на «прафілактычную гутарку».
Вадзім Кузьмін зарэгістраваны назіральнікам на рэферэндум ад партыі «Справядлівы свет». Калі ў першы дзень датэрміновага галасавання ён наведаў выбарчыя ўчасткі ў Чыгуначным раёне горада, то адразу заўважыў парушэнні: не вывесілі спісы чальцоў выбарчых камісій, а скрыні для бюлетэняў апячатаныя так, што пралазіць кулак.
Пакуль мужчына пісаў скаргі ў акружную камісію ды пракуратуру, яму паведамілі, што назіраць за выбарчым працэсам ён не зможа. Галоўная прычына — каронавірус. Калі назіральнік вярнуўся дадому, то яго выклікалі ў пракуратуру.
Таксама праваабаронцы фіксуюць заахвочванне да датэрміновага галасавання ў шэрагу ўстаноў:
- Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт — студэнтам абяцаюць чатыры выходныя дні, іх здымаюць з заняткаў і прымушаюць ісці на ўчастак. Па словах навучэнцаў, «адмова не прымаецца»;
- БНТУ — студэнтам абяцаюць выходныя з 25 па 28 лютага, калі абсалютна ўся група прагаласуе датэрмінова. Па словах іншага навучэнца: «ходзяць па інтэрнаце і пагражаюць высяленнем».
- «Гродна Азот» — гатовыя адпусціць на дзве гадзіны раней, калі прагаласуеш датэрмінова. Тых, хто прапісаны і жыве ў інтэрнатах, просяць больш настойліва;
- Берасцейская дзіцячая абласная лякарня — галоўны доктар «настойліва раіць прагаласаваць датэрмінова» і нават дазваляе схадзіць на ўчастак у працоўны час;
- Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны — «адпраўляюць па 15 чалавек на ўчастак з лекцыі», а потым у якасці ўзнагароды тых, хто прагаласаваў, адпускаюць дадому.
- БДМУ — студэнтам абяцаюць выходны ў пятніцу, калі прагаласаваць датэрмінова.
Першы жыхар вёскі Старая Беліца Гомельскага раёну, які прыйшоў на датэрміновае галасаванне, атрымаў у падарунак маласольныя агуркі.
Газета «Вечерний Минск» проста падказвае чытачам, як галасаваць. 250 тысяч экзэмпляраў газеты жыхары Мінска атрымалі ў паштовыя скрыні. На тытульнай старонцы проста напісана «Скажи своё „да“».