Затрымалі вядомага доктара Уладзіміра Мартава

Гэта здарылася ўчора на ягонай дачы пад Лепелем, паведамілі знаёмыя доктара са спасылкай на ягоную жонку. Уладзімір знаходзіўся ў ІЧУ ў Лепелі.

zs1mlscy3mi.jpg


Сёння адбудзецца суд, Мартава абвінавачваюць у «незаконным пікетаванні» (артыкул 24.23, былы 23.34). Іншых падрабязнасцяў пакуль няма.

Жонка доктара Алена сёння паехала да мужа ў Лепель, хацела перадаць яму лекі. Ён гіпертонік, і гэтыя лекі трэба яму пастаянна. Аднак лекі перадаць не дазволілі. «Сказалі, калі раптам вашаму мужу стане кепска, то выклічам хуткую дапамогу», — паведаміла Алена Мартава.

Віцебскі рэаніматолаг Уладзімір Мартаў адным з першых беларускіх медыкаў адкрыта гаварыў пра кавід і звязаныя з ім праблемы.

А ў сакавіку 2021 ён расказаў пра аварыю на кіслароднай станцыі бальніцы, у выніку чаго памерлі некалькі пацыентаў. Далей усё было чакана: камісіі, СК, заявы Мінздароўя і нават Лукашэнкі — і нуль вінаватых. А з самім Мартавым не працягнулі кантракт.