Прызналі «ДНР» і «ЛНР». Што далей?
Замежныя эксперты каментуюць прызнанне Расіяй самаабвешчаных данбаскіх рэспублік і робяць прагнозы, як падзеі будуць разгортвацца далей.
Увагу экспертаў, апроч іншага, прыцягнуў абсалютна містычны казус: Уладзімір Жырыноўскі яшчэ ў мінулым годзе заявіў, што 22 лютага трэба чакаць нейкай маштабнай падзеі. Паколькі УУП падпісаў пастанову пра прызнанне самаабвешчаных рэспублік менавіта ў ноч на 22 лютага, застаецца толькі дзівіцца аракульскім здольнасцям лідара ЛДПР.
Але пад увагай экспертаў і шмат іншых пытанняў, не звязаных з паранармальнымі здольнасцямі Уладзіміра Вольфавіча. Напрыклад, што цяпер будзе рабіць Украіна? Спектр варыянтаў адказаў, якія прысутнічаюць у інфармацыйнай прасторы, вельмі шырокі: ад увядзення вайсковага становішча, што значыць па сутнасці абвяшчэнне вайны, да нейкага яскравага дэмаршу, накшталт патрабавання выключэння РФ з складу АБСЕ.
Намагаюцца аналітыкі спрагназаваць наступствы прызнання так званых «ДНР» і «ЛНР» Расіяй для палітычных працэсаў унутры самой Украіны. Безумоўна, тое, што адбылося, — моцны ўдар па прэстыжу прэзідэнта і яго каманды, і Зяленскі ўваходзіць у гісторыю як кіраўнік дзяржавы, пры якім Украіна страціла тэрыторыі.
Так званая ўкраінская «Партыя вайны» ўжо пачала крытыкаваць Зяленскага за правал з Данбасам. Не выключана, што радыкалы могуць паспрабаваць скарыстацца сітуацыяй і арганізаваць новы «майдан» з мэтай зняцця прэзідэнта. Выступоўцы на каналах і сайтах, якія блізкія да экс-рэгіяналаў, баяцца пачатку пераследу прарасійскіх палітыкаў з боку ўлады пасля ўвядзення рэжыму надзвычайнага становішча. Тым больш, што гэта дае магчымасць для пераследу медыя, якія крытыкуюць адміністрацыю Зяленскага.
Пакуль дакладна можна казаць хіба пра тое, што ўкраінскую гаспадарку чакаюць невясёлыя часы. Нават і без прызнання рэспублік Данбасу алармізм заходніх медыя наконт хуткай навалы Пуціна не спрыяў інвестыцыйнаму іміджу краіны. Зранку 22 лютага нацыянальная валюта прабіла парог у 29 грыўняў за долар. Зрэшты, пад ціскам геапалітыкі падаюць таксама рынкі ў Расіі: 21 лютага індэкс Масбіржы ўпаў на 9%, а 22 — яшчэ на пяць. Курс аднаго долара складае ўжо 80 рублёў.
Наступны блок пытанняў: ці пойдзе Пуцін далей і як далёка? Сам гаспадар Крэмля абяцае «дэкамунізаваць Украіну» — адрэзаць ад яе «гістарычныя расійскія тэрыторыі», якія, маўляў, ёй падаравалі Ленін, Сталін і Хрушчоў.
Натуральна, апетыты УУП будуць залежаць ад рэакцыі Захаду на прызнанне. Пакуль яна досыць асцярожная. У ЗША і ЕС прызнанне так званых «ДНР» і «ЛНР», падаецца, вырашылі не лічыць «уварваннем»». А таму і «знішчальныя санкцыі» супраць Расіі ўводзіць не будуць. Санкцыі ЕС закрануць хіба асоб, якія галасавалі за рашэнні аб прызнанні, а таксама арганізацыі, якія працуюць у гэтых рэгіёнах. Джо Байдэн, у сваю чаргу, забараніў амерыканцам інвеставаць у эканоміку Данбасу, што выклікала ў сеціве іранічныя рэплікі.
Дарэчы, што тычыцца Байдэна. Брытанская The Telegraph у сувязі з падзеямі ва Украіне адзначае, што амерыканскі прэзідэнт дзейнічае «бязглузда і неэфектыўна», усё яго кіраванне «падобна на катастрафічны правал»: «Вайна, якая насоўваецца на Украіну, дэманструе бяссілле Еўропы і трагічны заняпад ЗША, якія страцілі ролю лідара», — піша выданне.
Найбольш далёка ў вобласці санкцый, як не дзіўна, пайшла Германія, якая прыпыніла працэс сертыфікацыі Паўночнага патоку-2, прынамсі, на нейкі час. Гэта ў тым ліку не выключае сцэнар, пры якім сертыфікацыя працягнецца пасля афармлення як новага контуру супрацьстаяння, так і фармату кансультацый па выхаду з крызісу.
У гэтым цікавы лёс Мінска-2. На першы погляд мінскія дамоўленасці пасля прызнання так званых «ДНР» і «ЛНР» ператварыліся ў стос паперак. З іншага боку, абодвум бакам трэба неяк дамаўляцца па шматлікіх пытаннях — ад рэжыму на пераходных пунктах па лініі размежавання да схем абмену палоннымі. Магчыма мінскі працэс усё ж рана ўтылізаваць.
Зрэшты, магчымы і Мінск-3. Не выключаюць, што новыя дамовы могуць быць заключаныя пасля рэзкага абвастрэння на фронце, што прымусіць адзін з бакоў прапанаваць праціўніку сесці за стол перамоваў.
А Юлія Цімашэнка лічыць, што прыйшоў час трансфармацыі ўкраінскай дзяржавы ў аналаг Ізраіля. Ізраільская мадэль, па яе словах, дазволіць Украіне жыць ва ўмовах вайны.