Лукашэнка выступіў перад вайскоўцамі. Пра ДНР і ЛНР не сказаў нічога
Прамова тычылася 23 лютага.
![dnrlnr_pic_32ratio_900x600_900x600_76496.jpg dnrlnr_pic_32ratio_900x600_900x600_76496.jpg](/img/v1/images/dnrlnr_pic_32ratio_900x600_900x600_76496.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
22 лютага Аляксандр Лукашэнка прамаўляў перад вайскоўцамі з
нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Дня Узброеных Сіл РБ, піша «Еўрарадыё». Ён нічога не сказаў пра
прызнанне Расіяй незалежнасці і суверэнітэту ЛДНР і пра тое, як
адрэагуе афіцыйны Мінск. Але звярнуўся «да ўкраінскага народа і кіраўніцтва». «Давайце зробім так, каб мы, славяне, заўсёды жылі ў міры і згодзе»,
— гаварыў Лукашэнка. Ён прапанаваў украінцам: «Спыніцеся, адмахніцеся ад
гэтых заакіянскіх гаспадароў. Ніякага шчасця яны вам не прынясуць».
Аляксандр Лукашэнка хоча, каб «Беларусь была мірным
астраўком на гэтай звар'яцелай планеце». Ён заклікаў вайскоўцаў не
панікаваць: «Як жылі мы, так і будзем жыць». І дадаў, што ў Захаду не
атрымаецца «расстраляць рускіх у спіну праз Беларусь», бо «здраднікамі ніколі не былі і не будзем».
Лукашэнка заявіў, што ваеннае супрацоўніцтва з Расіяй будзе развівацца, ён дапускае правядзенне новых вучэнняў з РФ, набыццё новых узбраенняў.