Блогерка Вольга Такарчук абвясціла галадоўку ў карцары
Пра гэта паведаміў яе бацька Андрэй Такарчук, піша Свабода.
«Яна абвясціла галадоўку праз надуманую падставу для змяшчэння яе ў карцар. Тэрмін 7 сутак, з 7 па 14 чэрвеня. Воля ў цэлым адчувае сябе нядрэнна, але карцар ёсць карцар. З ёй працуе псіхолаг», — сказаў ён.
Пра тое, што блогерку змясцілі ў карцар, бацькі даведаліся ўчора, калі ў турме ў Жодзіне ў іх не прынялі перадачу для дачкі.
Сёння з Вольгай сустрэўся адвакат.
«Вольгу змясцілі ў карцар нібыта за дрэнную прыборку камеры, — кажа бацька. — Дачка тлумачыць, што дрэнна сябе адчувала. Яе звінавацілі, што нібыта дрэнна выцерты пыл. Яна кажа, што выцірала. Таксама ёй сказалі, што яна нібыта не прыйшла па відэльцы, была дзяжурнай па камэры. Воля сказала, што ў яе было расстройства страўніка і яна папярэджвала, яна пайшла ў прыбіральню, а ў гэты час яе прымусілі ісці па відэльцы. Потым у яе скочыў ціск, яна гіпатонік. У яе нармальны ціск 90 на 60, а было 150 на 100. Яна прысела на ложак, і ў гэты час зайшлі ахоўнікі і сказалі, што яна гэтым парушае рэжым. Гэта яўна надуманыя падставы. Воля абсалютна неканфліктны чалавек, які разумее, хто ў доме гаспадар».
Паводле бацькі, Вольга Такарчук ужо трэція суткі галадае, не прымае ежу, толькі п’е ваду. У сувязі з гэтым з ёй працуе псіхолаг, да якога Вольга прэтэнзій не мае.
«Яна абвясціла галадоўку, бо нязгодная з тым, што яе паводзіны ў камеры заслугоўваюць карцарнага ўтрымання. Гэта надуманыя падставы», — кажа бацька, былы супрацоўнік міліцыі.
Андрэй Такарчук спадзяецца, што з прычыны праблем з ціскам дачку змесцяць у лячэбны стацыянар. Са слоў адваката, яна напісала пра гэта ў сваім звароце на імя кіраўніцтва турмы.
На маці двух непаўналетніх дзяцей, блогерку Вольгу Такарчук завялі справу па трох крымінальных артыкулах: 391-м (абраза суддзі або народнага засядацеля), 188-м (паклёп) і 342-м (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Блогерку чарговым разам затрымалі 19 траўня і адвезлі ў Першамайскі РУУС, а 23 траўня яе арыштаваў пракурор Першамайскага раёну Менску. З ізалятара на Акрэсціна яе перавялі ў турму № 8 у Жодзіне.У блогеркі Вольгі Такарчук двое непаўналетніх дзяцей — 3 і 7 гадоў.
Вольга Такарчук вядзе палітычны блог які мае каля 37 тысяч падпісчыкаў.